Калісьці славуты сатырык Аркадзь Райкін, выступаючы з гастролямі ў Адэсе, вырашыў на другі дзень канцэртаў сарваць авацыі, распавёўшы байку, што зрабіла фурор у першы дзень. Замест гэтага, ён атрымаў маўчанне ў зале і адзінокі голас: «Товагищ агтист, вчегашняя хохма — это уже не хохма». Нешта такое прыходзіць на розум, калі глядзіш у інтэрнэце прадукцыю расійскага агітпропу пад назвай «Хросны бацька».
Фільмы Хашчавацкага і Шарамета, з якіх бессаромна здзіраюцца цэлыя кавалкі, калісьці білі па розуме, аднак праз 10–15 год усе выкрыцці ўжо аддаюць банальшчынай. Кажуць, шмат хто і ў Беларусі і ў Расіі нічога не ведаў аб прадзелках Лукашэнкі, але ж не спакушайцеся — у абедзвюх краінах НТВ і інтэрнэт глядзіць публіка палітызаваная і дасведчаная, дык што дадатковы прапагандысцкі эфект невялікі.
«Хросны бацька» правакуе нашмат больш пытанняў, чым эмоцыяў. Выходзіць вось што. За шаснаццаць год кіравання Лукашэнкі Крэмль, цудоўна ведаючы пра датычнасць беларускага лідэра да розных цёмных справаў, такіх, як выкраданне людзей, карупцыя, і пра тое што на мове савецкіх парткамаў называлася «маральнае разлажэнне», уліў у Беларусь, па ацэнках саміх жа расійцаў, каля 50 мільярдаў долараў
(не будзем зараз абмяркоўваць гэтых лічбаў). Да таго ж,
лідэру, які быццам бы пакутуе на мазаічную псіхапатыю, перадалі найсучаснейшую зброю — зенітна-ракетныя комплексы
і яшчэ шмат чаго. Адмазка, што Крэмль «не ведаў» пра выбрыкі Лукашэнкі, не праходзіць. НТВшнае кіно — баян канадскі, і амаль усё (акрамя падрабязнасцяў прыватнага жыцця АГЛ), што ў ім ёсць, было паказана па расійскіх тэлеканалах гадоў 10 таму, да таго як уся крытыка Лукашэнкі была наглуха перакрыта на некалькі год (пра гэта падрабязней ніжэй). Выходзіць, што «Хросны бацька» — гэта падстава для самай гучнай крымінальнай справы ў гісторыі Расіі, бо 
ўявіць, што такая дапамога і такое спансараванне ажыццяўлялася абсалютна бескаштоўна, а крамлёўскія спонсары рэжыму Лукашэнкі не атрымалі за свае шчадроты грошай «ніякіх, ніводнага рубля», не павераць, бадай, самыя заўзятыя прыхільнікі кампаніі «Гавары праўду».

Інфармацыя пра тое, што наступная серыя «Хроснага бацькі» будзе пра фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, проста, як кажуць маладзёны, парвала, бо тут прыйдзецца разбірацца з расійскімі назіральнікамі, якія дзесяць год сцвярджалі, што на выбарах было ўсё сумленна, з Думай, якая прымала і ў 2004-м, і ў 2006-м, і ў 2008 гадах адпаведныя рэзалюцыі, і міністрам замежных спраў Лаўровым, які, пратэстуючы супраць крытыкі Лукашэнкі з боку АБСЕ, абвінаваціў апошнюю ў распальванні бандытызму ў Беларусі.

Зразумела, што з пункту гледжання расійскага палітычнага класа нічога асаблівага ані ў паводзінах Лукашэнкі, ані ў яго падтрымцы з боку Крамля не было. Яму давалі грошы, таму што ён быў свой, нармальны, зразумелы і звычайны, звычайны акурат у сваёй эксцэнтрычнасці. Ну каго ў Расіі здзівіш тым, што найвышэйшы кіраўнік дзяржавы ці рэгіёна ператварае сваю вотчыну ў прыватную бізнэс-імперыю, тым, што замест ураду кіруючым органам робіцца сям’я? Масквічоў, жыхароў Татарстана, Далёкага Ўсходу, можа Каўказа або, барані бог, піцерцаў? Каго здзівіш адкатамі, паборамі, каханкамі, пазашлюбнымі дзецьмі і дзецьмі ва ўладзе? (Тут, дарэчы, Някляеў абсалютна меў рацыю — у такога ўладара дзяцей ва ўладзе няма толькі, пакуль яны не падраслі. Дадамо: або калі яны дочкі — тады іх выдаюць замуж за сяброўскіх алігархаў). Няўжо Лукашэнка пераплюнуў сённяшніх гаспадароў Крамля, якія не толькі пампуюць не мільярды, а дзясяткі мільярдаў долараў ці еўра ва ўласныя бізнэс-праекты, выкарыстоўваючы для іх прасоўвання, як у справе з газавымі «патокамі», інструменты замежнай палітыкі і не цураючыся развязваць халодныя і нават гарачыя войны? Смешна, калі б такі палітычны клас не дараваў бы Лукашэнку ягоную драбніцу. Не даруюць толькі тады, калі ён хоць у чымсьці паспрабуе быць іншым.

Дык вось, расійская ўлада не проста не адрозніваецца ад Лукашэнкі ў сваёй грахоўнасці — яна, ва ўласных мэтах, прывучыла грамадства да сваіх грахоў і зрабіла іх часткай сацыяльнай нормы. Ну каго ў Расіі здзівіш карупцыяй ці чыноўнічым бязмежжам? Ведаюць, адчуваюць, жывуць з гэтым (прывыкаюць не горш, чым мы, беларусы), і пры гэтым рэйтынг у Пуціна ў Расіі прыкладна такі жа, як і ў Лукашэнкі ў Беларусі. Здзівіцца і расчаравацца могуць толькі тыя, хто верыў у добрага цара Лукашэнку, але досвед паказывае, што значная частка з іх проста не паверыць наезду, палічыўшы яго палітычнай заказухай.

А як была патрэбна ўчарашняя хохма ўчора!

Падчас прэзідэнцкай кампаніі яшчэ 2001 года ўся стратэгія палітычнай кампаніі апазіцыі, прынамсі, штаба Уладзіміра Ганчарыка, у якім мне давялося працаваць з самага пачатку, была пабудавана на адным чаканні — дзесьці перад выбарамі з Масквы будзе выкінуты кампрамат, што дакажа датычнасць вышэйшых асобаў Беларусі да знікнення вядомых лідэраў апазіцыі.
Нагадаю, што тая кампанія пачыналася даволі нярвова, адназначнай пазіцыі Крамля па Лукашэнку спачатку не было,
акурат праз «Газпром» і падкантрольны яму канал НТВ (нічога не нагадвае?) былі спробы рэалізаваць праект расійскага кандыдата ў асобе Леаніда Сініцына, мазгавы цэнтр кампаніі якога цяпер перакачаваў у «Гавары праўду». Дарэчы, тады кампанія Сініцына будавалася на прымітыўнай дэзінфармацыі грамадскасці — колькасць сабраных подпісаў адрознівалася ад тых, пра якія было заяўлена, у тры-чатыры разы.

Фільм «Дзікае паляванне» Паўла Шарамета, які і па мастацкіх і па публіцыстычных якасцях у дзясяткі разоў пераўзыходзіць усё тое, што сёння робяць НТВшнікі (божа, як «измельчал народ»), быў паказаны на Першым канале і (тыя, каму пад дваццаць, не губляйце прытомнасці) нават не быў перакрыты ў Мінску — тады ў Лукашэнкі проста не было такіх тэхнічных магчымасцяў (праўда, праз год і паўстаў канал АНТ).

За месяц да выбараў адбыўся зліў кампрамату ад маёра Алкаева, але ўсё гэтым абмежавалася. Праз два тыдні Лукашэнка сустрэўся з Пуціным у Сочы, дзе нібыта, па чутках, паабяцаў яму прадаць ключавыя беларускія прадпрыемствы, якія дагэтуль прадае, і крытыка спынілася. Па словах сувязнога, які, па ягоным сцвярджэнні, перадаваў інфу ад Шарамета, вышэйшае палітычнае кіраўніцтва Расіі «не рекомендовало» далей распрацоўваць тэму зніклых на Першым канале. Затое ўсе расійскія каналы шырока разрэкламавалі адну інсцэніроўку з нібыта беглымі супрацоўнікамі спецслужбаў, якія «ўказалі» на неіснуючае месца пахавання Ганчара і Захаранкі — і раскопкі на гэтым месцы. А фільм «Адзін дзень з прэзідэнтам» на канале РТР за тыдзень за выбараў, дзе быў паказаны людскі бок Лукашэнкі, падвысіў яго рэйтынг, паводле замераў незалежных жа сацыёлагаў, на 11 працэнтаў. За адзін вечар.

Памятаюцца размовы ў штабе Ганчарыка падчас тагачасных падзеяў з былымі чыноўнікамі лукашэнкаўскага ўраду, якія перайшлі, часам праз зону, на бок апазіцыі. Асноўны матыў — забудзьцеся. Расійская палітычная і бізнэс-эліта мае вялікія інтарэсы ў Беларусі, працуе разам з Лукашэнкам. Распавядалі і пра нафтавы афшор і пра іншыя ўзаемавыгадныя схемы.

З гэтага гістарычнага экскурсу вынікае простая выснова.

Чакаць, што акрамя суцэльнай банальшчыны расійскія тэлеканалы выкінуць на Лукашэнку «сапраўдны» кампрамат, не выпадае.
Ва ўсіх грахах, якія павесілі на Лукашэнку тры серыі «Хроснага бацькі», непасрэдна саўдзельнічаў расійскі палітычны клас і яго вышэйшыя прадстаўнікі. І ў фінансавых, і нафтавых справах, і ў фальсіфікацыі выбараў. І дзесяцігадовае маўчанне па справах зніклых ёсць нішто іншае, як пакрыццё. І калі раптам кампрамат паплыве, то што спыніць беларускі бок, каб не «здаць» усіх сваіх колішніх памагатых? Вядома, было б весела паназіраць, як справу зніклых слухалі б у Басманным судзе Масквы, а Мінскі гарадскі суд, у перапынку паміж судамі над удзельнікамі акцыяў 16 сакапада, пачаў бы разглядаць справы Сечына з Сяргеем Івановым. Але такога спектакля мы ад беларускай і расійскай палітэліт не дачакаем. Вельмі моцна яны трымаюць адна другую за тое ж самае месца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?