На хвалях прафсаюзнага «Новага радыё» паведамілі пра страйк супрацоўнікаў, але афіцыйна факт забастоўкі не пацьверджаны. У Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі спачатку казалі пра «жарты асобных супрацоўнікаў», а пазьней ад камэнтароў адмовіліся.

Аб’ява пра страйк супрацоўнікаў прагучала на «Новым радыё» каля 8-й гадзіны раніцы: музычную праграму раптоўна перарваў мужчынскі голас, які паведаміў пра страйк. Прычынай абвясьцілі ціск кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў. Таксама прагучаў зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай абараніць супрацоўнікаў радыё. Далей зноў загучала музыка, якая прыпыняецца толькі кароткай рэклямай.

Сёньня ў эфіры «Новага радыё» гэтак і не зьявіліся звычайныя штогадзінныя выпускі навінаў. Ці азначае гэта, што на радыёстанцыі сапраўды страйкуюць?

Больш у эфір ніхто не выходзіў, і пакуль не вядомае прозьвішча супрацоўніка, які зрабіў абвестку пра страйк. Ірына Каганец, прэсавая сакратарка Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у першай палове дня ў камэнтары для агенцтва «БелаПАН» паведаміла, што «інцыдэнт адбыўся пры дапамозе гукаапэратара» і назвала страйк «жартам». Аднак пазьней Ірына Каганец ад камэнтару ўвогуле адмовілася.

(Каганец: ) «Ніякай сытуацыі няма. У мяне камэнтару таксама няма».

Тэлефоны кіраўнікоў станцыі з раніцы маўчаць, а шараговыя супрацоўнікі адмаўляюцца камэнтаваць падзею.

Што вядома пра «Новае радыё»? Гэтая радыёстанцыя гучыць на FM-хвалях, у эфіры яна больш за два гады. Заснаваная Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі пасьля таго, як яе ўзначаліў Леанід Козік. Радыё спэцыялізуецца на праграмах папулярнай музыкі, у блёках навінаў пераважае інфармацыя зь дзяржаўных крыніцаў. Назіральнікі згадваюць, што «Новае радыё» першае сярод FM-станцыяў атрымала папярэджаньне Міністэрства інфармацыі за невыкананьне 75%-га ліміту на беларускую музыку.

Паводле былога рэдактара прафсаюзнай газэты «Беларускі час» Аляксандра Старыкевіча, праблемы на «Новым радыё» даўнія.

(Старыкевіч: ) «Наколькі я ведаю, на гэтым радыё канфлікты пэрыядычна ўзьнікаюць. Там ужо былі звальненьні супрацоўнікаў».

Іншыя крыніцы паведамляюць, што на радыёстанцыі часта затрымлівалі выплату заробкаў. А былы кіраўнік рэспубліканскага прафсаюзу працаўнікоў сельскай гаспадаркі Аляксандар Ярашук не выключае, што прычыны канфлікту на «Новым радыё» – ня толькі матэрыяльныя.

(Ярашук: ) «Магчыма, у такія ўмовы журналістаў радыё паставілі. Гэта ня дзіва, калі суцэльны валюнтарызм пануе ў Фэдэрацыі, кіраўніцтва якой старанна капіюе стыль палітычнага кіраўніцтва краіны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?