У новай кнізе «Беларусь далетапісная» Ірына Масляніцына і Мікола Багадзяж скіроўваюць чытача ў падарожжа ў мінулае.

Адна з цікавых загадак, высвятленнем якой займаюцца аўтары, — месцазнаходжанне старажытнай краіны Артанія і яе суаднясенне з сучаснай Беларуссю.

Артанія на арабскім Усходзе ў VII-ХІІ стагоддзях лічылася адной з трох усходнеславянскіх краін, якая актыўна вяла гандлёвыя зносіны з суседзямі далёкімі і блізкімі. Але чужынцы ніколі не дапускаліся на яе землі. Сталіцай жа гэтай загадкавай краіны быў горад Арта.

Чаму ж краіна была закрытай? Па адной з версій чужынцаў у Арту маглі не пускаць з-за таго, што гэта быў горад-свяцілішча. Ускосна пра тое сведчыць і «Вялесава кніга», прыгадваючы пра гарады, што з’яўляліся сховішчамі «храняў», старажытных славянскіх вед, якія аберагалі ад непасвячоных вешчуноў.

Але самая вялікая загадка ў тым, дзе ж магла знаходзіцца Аратанія. На працягу апошніх двух стагоддзяў выказвалася шмат розных версій. Аўтары «Беларусі далетапіснай» прапануюць шукаць яе ў басейне Прыпяці, на тэрыторыях сучасных Петрыкаўскага і Тураўскага раёнаў. А сталіцу Арту яны бачаць дзесьці ў раёне прытока Прыпяці Убарці.

«Можа, невыпадкова некаторыя з усходніх географаў завуць Убартам сталіцу загадкавай Артаніі? Можа, так бліжэй да славянскага арыгінала? Успомнім, як часта славянскія гарады атрымлівалі свае назвы ад рэк, на берагах якіх узнікалі... Можа, у вусці ракі Убарці або на Прыпяці, недалёка ад месца ўпадзення ў яе гэтага прытоку, калісьці знаходзіўся старажытны град славян — Уборцеск або Уборта?»

Прамым спадкаемцам старажтынай Арты, на думку аўтараў, мог стаць беларускі горад Тураў. Недалёка ад Турава знаходзіцца вёска пад назвай Сямурадцы, а мясцовыя людзі расказваюць, што назва яе паходзіць ад таго, што тут у далёкія ад нас часы «судзілі ды радзілі» тураўцаў Сямёра старых ці то баяр, ці то вешчуноў. Тураўскі ж фальклор захаваў і вобраз самога князя Тура, закліканага на княжанне ў дрыгавіцкай зямлі мясцовымі вешчунамі.

Гісторыя таямнічага Палесся дадаецца ў кнізе звесткамі аб праславянскай краіне Няўрыда, пра якую ўзгадваў яшчэ «бацька гісторыі» Герадот. Старажытнагрэчаскі гісторык меркаваў, што Няўрыда знаходзілася якраз у тых землях, дзе пазней паўстала Артанія, а ў Х стагоддзі — магутнае Тураўскае княства. Пра жыхароў Няўрыды, неўраў, Герадот пісаў, што былі тыя чараўнікамі. І раз на год маглі ператварацца ў ваўкоў, каб перагрызці горла свайму лютаму ворагу.

Ад чараўнікоў неўраў праз Артанію да хрысціянскага Турава з героямі, якія былі гатовы загінуць за веру сваю і асабістую праўду. Такая гісторыя паўстае на старонках «Беларусі далетапіснай».

Набыць кнігу можна тут.

Беларусь далетапісная / Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2009. — 224 с.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?