Скончаны ўчора візіт в. а. прэзідэнта Малдовы Міхая Гімпу ў Грузію можа паўплываць на геапалітычны расклад на постсавецкай прасторы.
Грузінскі лідэр Міхаіл Саакашвілі і яго малдаўскі калега вырашылі ўдыхнуць новае жыццё ў ГУАМ — альянс, які аб’ядноўвае Грузію, Украіну, Азербайджан і Малдову і які Масква лічыць «антырасійскім». Крыніцы не выключаюць, што прапанова далучыцца да ГУАМ будзе зробленая і прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Пакуль жа Саакашвілі запрасіў яго наведаць Грузію.

Міхаіл Саакашвілі паказальна гасцінна прыняў Міхая Гімпу, які паспеў за апошні час зрабіць цэлую серыю выказванняў у адрас Расіі: у траўні малдаўскі лідэр праігнараваў запрашэнне прыехаць на парад перамогі ў Маскву, у чэрвені заснаваў сваім указам Дзень савецкай акупацыі Малдовы, а ў жніўні даў дзяржузнагароды чальцам тэрарыстычнай групы «Бужор», якая дзейнічала ў Прыднястроўі падчас канфлікту 1992. За час двухдзённага візіту М. Гімпу грузінскі лідэр паказаў калегу славутасці Батумі, схадзіў з ім на канцэрт Крыса дэ Бурга і наведаўся да абхазскай мяжы, у сяло Анаклія — там пабудаваны курорт, дзе адпачываюць дзеці з пацярпелай ад паводак Малдовы і падлеткі з Беларусі.

Ніякіх дакументаў падчас візіту падпісана не было. Прэзідэнты вырашылі нават не праводзіць сумесную прэс-канферэнцыю, аддаючы перавагу асабістым зносінам.
Зрэшты, сам факт сустрэчы лідэраў з рэпутацыяй «антырасійскіх» палітыкаў паказальны і, мяркуючы па ўсім, пакліканы прадэманстраваць збліжэнне Тбілісі і Кішынёва пасля доўгага перыяду ахалоджвання стасункаў, што назіралася пры ранейшым, камуністычным кіраўніцтве Малдовы.

Між тым, акрамя відавочнага палітычнага складніка паездка Міхая Гімпу ў Грузію мела і амбіцыйныя геапалітычныя мэты. У прыватнасці, па інфармацыі «Ъ», прэзідэнты дамовіліся актывізаваць намаганні па адраджэнні ГУАМ — створанай у 1999 пад патранажам ЗША структуры, пераназванай у Арганізацыю за дэмакратыю і эканамічнае развіццё.

У апошнія гады гэты альянс перажывае не найлепшыя часы. Дастаткова сказаць, што апошні раз прэзідэнты чацвёркі збіраліся летам 2007. Аднак цяпер Гімпу і Саакашвілі дамовіліся ўдыхнуць ў ГУАМ новае жыццё.

Як заявіў учора кіраўнік МЗС Грузіі Грыгол Вашадзэ, чальцы ГУАМ «ні на хвіліну не спынялі працы па пошуку шляхоў развіцця супольнасці». «Арганізацыя жывая. Ёсць зацікаўленасць усіх краін рэалізоўваць эканамічныя, энергетычныя, транспартныя праекты. Гэта і стварэнне паўднёвага транспартнага калідора, і транзіт праз Грузію энерганосьбітаў з Азербайджана, і турыстычныя праекты», — растлумачыў Вашадзэ. Па яго словах, кіраўнікі МЗС краін «чацвёркі» збяруцца ўвосень на палях сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку, каб вызначыць дату саміту ГУАМ і яго парадак дня. «З вялікай доляй верагоднасці такі саміт адбудзецца да канца гэтага года», — запэўніў Вашадзэ.

Паводле дадзеных «Ъ», падчас сустрэчы кіраўнікі Малдовы і Грузіі абмеркавалі яшчэ адну ідэю — аб магчымым запрашэнні ў ГУАМ беларускага лідэра Аляксандра Лукашэнкі.
Праўда, учора грузінскія афіцыйныя асобы наадрэз адмовіліся абмяркоўваць гэтае пытанне, назваўшы яго «занадта далікатным». Аднак пасля сустрэчы ў Крыме Саакашвілі і Лукашэнкі (яна адбылася ў сярэдзіне ліпеня) у адносінах Мінска і Тбілісі пазначылася відавочнае збліжэнне. Больш за тое, крыніцы ў грузінскім кіраўніцтве паведамілі, што Міхаіл Саакашвілі ўжо накіраваў беларускаму калегу запрашэнне наведаць Грузію, а менавіта курорт у вёсцы Анаклія, куды грузінскі прэзідэнт ўчора вазіў Міхая Гімпу. Цяпер час грузінскія ўлады чакаюць ад Мінска афіцыйнага адказу.
Эксперты бачаць у ажыўленых кантактах грузінскага кіраўніцтва з краінамі постсавецкай прасторы жаданне стварыць нейкую «антырасійскую кааліцыю».
Малдаўскі незалежны палітолаг Багдан Цырдзя ўпэўнены, што Міхай Гімпу зацікаўлены ў стварэнні «прычарнаморскай дугі, каб мінімізаваць уплыў Расіі ў рэгіёне». «У сувязі з гэтым можна чакаць ажыўлення ГУАМ як палітычнай арганізацыі, дзе ў свой час менавіта Тбілісі і Кішынёў адыгрывалі ключавыя ролі, — мяркуе эксперт. — Мэта ўсіх апошніх акцыяў Гімпу — згарнуць сувязі Малдовы і Расіі і адарваць рэспубліку ад СНД «.

Зрэшты, у Маскве пакуль не бачаць пагрозы ў аднаўленні дзейнасці ГУАМ. І ў першую чаргу таму, што з гэтай арганізацыі, па сутнасці, выпала Украіна, якая пад кіраўніцтвам Віктара Януковіча зблізілася з Масквой і не дэманструе жадання палітычна падтрымліваць гэты альянс. «Наколькі мы ведаем, Украіна не плануе выходзіць з ГУАМ, аднак нашы кіеўскія калегі выразна далі зразумець: для іх прыярытэтнай з’яўляецца эканоміка, а не палітыка, — заявіў суразмоўца ў МЗС РФ, які курыруе адносіны з Украінай, Беларуссю і Малдовай. — Але якраз буйных эканамічных праектаў у межах ГУАМ мы не бачым».

Відавочна, што і Міхай Гімпу з Міхаілам Саакашвілі таксама лічаць Украіну «слабым звяном» ГУАМ. І таму не супраць паспрабаваць замяніць яе на Беларусь, што займела з Расіяй канфлікт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?