Ініцыятар сустрэчы Статкевіч быў у гордай адзіноце.

Дарма рэпарцёры «Нашай Нівы» чакалі: на пасяджэнне па вылучэнні адзінага не з’явіўся ні адзін кандыдат. Прыйшоў ініцыятар сустрэчы Статкевіч, пакруціўся Лябедзька. Але не было Мілінкевіча, Някляева, Саннікава, Рымашэўскага, Міхалевіча — імаверных прэтэндэнтаў.

Бліжэй да 11.00, са спазненнем на гадзіну, прыйшлі Віктар Карняенка з Руху за Свабоду, Валер Ухналёў ад посткамуністаў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Удзел у паседжанні ўзялі таксама адказны сакратар Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, прадстаўнік Алеся Міхалевіча Мікіта Красноў.

Урэшце круглы стол прайшоў у закрытым рэжыме. Яго ўдзельнікі абмежаваліся прыняццем Заявы аб каардынацыі сумесных дзеянняў падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Перад гэтым прадстаўнічая сустрэча палітыкаў адбылася ў Вільні.

Спрошчаны варыянт пагаднення прадугледжвае каардынацыю вылучэння людзей у выбарчыя камісіі і заклік да людзей выходзіць на Плошчу пасля выбараў. Пытанне аб вылучэнні адзінага кандыдата не закранаецца.

Вылучыць адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на выбарах прэзідэнта перад гэтым спрабавала Рада беларускай інтэлігенцыі. Аднак у вызначаны Радай спіс не трапілі ні Мілінкевіч, ні Рымашэўскі, ні Міхалевіч. Таму 11 жніўня апазіцыйныя палітыкі прынялі рашэнне адмовіцца ад пасрэдніцтва Рады беларускай інтэлігенцыі, бо палічылі, што яна страціла нейтралітэт.

24 жніўня на сядзібе БНФ мае адбыцца ўрачыстае падпісанне выпрацаванай сёння Заявы. Збор кандыдатаў, аднак, не гарантаваны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?