Расійскі тэлеканал НТВ паказаў трэцюю частку скандальнага дакументальнага фільма «Хросны бацька». У Беларусі ён быў даступны толькі ўласнікам спадарожнікавых антэнаў, бо, як і ў папярэдніх выпадках, на «НТВ-Беларусь» у гэты час паказвалі іншыя перадачы. Згодна сацыялагічнага даследавання, зладжанага літоўскім агенцтвам Baltic Surveys, пра фільм «Хросны бацька» ведае каля 35% беларусаў. Яго пабачыў кожны сёмы гарадскі жыхар Беларусі. Большасць — каля 52% — на ўласныя вочы «Хроснага бацьку» не бачылі, а даведаліся пра яго ад сяброў або з інтэрнэту.

Мы звярнуліся ў прэс-службу беларускага незалежнага спадарожнікавага тэлеканала «Белсат» з пытаннем, ці не плануе той паказаць скандальны серыял або самастойна зняць нешта падобнае.

Фільм «Хросны бацька» агульнадаступны, таму няма асаблівых прычынаў набываць яго і паказваць на «Белсаце», патлумачыў прэс-сакратар тэлеканала Сяргей Пелеса. Хоць і выключаць такую магчымасць таксама нельга.

«Цяпер мы здымаем некалькі фільмаў пра падзеі ў найноўшай гісторыі Беларусі, з асаблівым акцэнтам на час ад апошніх выбараў», — кажа прэс-сакратар «Белсата». Напрыклад, фільм «Дзень «Ч» пра Генадзя Карпенку. Яшчэ тры фільмы на падобную тэматыку рыхтуюцца да выпуску.

Сяргей Пелеса падкрэсліў, што серыя фільмаў «Хросны бацька» ёсць рэалізацыяй сённяшняй палітыкі Расіі. «Белсат» жа праз сваіх аўтараў прапануе беларускі погляд на падзеі і з’явы.

«Акрамя таго, у выпадку з НТВ ёсць такі аспект, як канкурэнцыя, бо ён мае тое самае поле дзейнасці, што і «Белсат», — Беларусь.
Але пры гэтым між каналамі існуе вялікая розніца: НТВ паказвае «Бацьку», а «Белсат» — фільм пра Ларысу Геніюш. НТВ гэтага фільма не пакажа і не здыме, у адрозненне ад «Белсата», які можа і зняць, і паказаць нешта накшталт «Хроснага бацькі».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?