Ленін сеў у ленінскі фатэль і ўключыў ленінскі тэлевізар. На адным з сумесных каналаў трансляваўся выпуск навінаў, у якім Ленін суседняй дзяржавы раіўся са сваімі дзецьмі, як іх краіне жыць далей.
Ленін скрывіўся і пераключыў на іншы сумесны канал. Па ім выступаў адзін з дзяцей Леніна суседняй дзяржавы, які сцвярджаў, што іхны Ленін значна лепшы за не іхнага Леніна. «Бач ты сука якая, — плюнуў у экран Ленін. — Ну, прыедзеш ты яшчэ сюды. Каб ты спрах».

Ленін падняўся з фатэля, выцер ленінскі плявок з ленінскага шырокафарматнага плазменнага экрана і тыцнуў кнопкай на іншы канал, па якім у праграме пра жывёлаў расказвалася пра тое, да чаго Ленін давёў у ленінскіх пушчах сваіх зуброў. Ленін шпурнуў пульт у тэлевізар, з хвіліну паразглядаў аскепкі, панюхаў дым і патэлефанаваў у ленінскі званок. «Як бы галоўнага па тэлевізары да мяне, — перадаў ён ленінскую просьбу памочніку. — І няхай праграму перадач на заўтра возьме».

Праз хвіліну галоўны па ленінскіх тэлевізарах быў у кабінеце.

«Як сям’я, як дзеці? — пацікавіўся Ленін і прыжмурыў усім добра вядомыя вочы на суразмоўцу». «Дзякуй», — няўпэўнена адказаў як бы галоўны і збялеў.
«Я так і думаў. Нічога апошнім часам у цябе не знікала?» — яшчэ ласкавей прыжмурыўся Ленін. «У сэнсе?» — затрэсліся вусны тб-як бы-начальніка. «Ва ўсіх сэнсах, — узрадаваў яго Ленін. — Добра. Спачатку давай праграму на заўтра паглядзім, а потым вырашым, што з табой рабіць. Справа твая так ці інакш дрэнь, праўда?» Ленін прыязна засмяяўся і ўзяў праграму з пашарэлых рук падначаленага.

«Інтэрв’ю з Леніным Грузістаніі», — прачытаў Ленін. — Не зразумеў, было ж ужо!» «Гэта другая частка, больш шчырая», — хутка прагаварыў як бы суразмоўца. «Шчырая — гэта добра, — заўважыў Ленін. — Люблю шчырых людзей. „Інтэрв’ю з Юрыем Шаўчуком“. Пасуе. „Інтэрв’ю з Леніным Малдовастаніі“. Выдатна. „Публіцыстычны фільм“ Мядзведзь у берлагу — 1». Трэба будзе паглядзець. Так. Што па іншым канале? Перадача пра здароўе: «Лячэнне ціпуна без наркозу». Гм. Давай лепш так: «Лячэнне ціпуціна без наркозу». Дамовіліся? «Інтэрв’ю з Міхаілам Барзыкіным». У кропку. «Інтэрв’ю з Леніным, што хаваецца ў лясах Чачнястаніі». Выдатна. «Інтэрв’ю з Валерыяй Навадворскай»… З кім інтэрв’ю?» «Гэта тэматычнае інтэрв’ю, — яшчэ хутчэй прамармытаў як бы галоўны. — Пра іхнага Леніна».

«Пра іхнага — гэта тое, што трэба вашаму народу, — шматзначна зацвердзіў Ленін. — А то я ўжо быў падумаў, што справа твая зусім дрэнь.
Што на гэтым канале? „Інтэрв’ю з Гары Каспаравым“. Пойдзе. „Інтэрв’ю з Эдуардам Лімонавым“. М-да. Пойдзе. „Інтэрв’ю са Збігневам Бжэзінскім“. Малайчына. Балет „Лебядзінае возера“. Ну што ж — цікавая, разнастайная праграма. Можаш жа, калі захочаш. Толькі адна заўвага. Балет будзе такі — „Нарачанскае возера“. Ты не супраць? Ну, ідзі. Не знікай надоўга. І скажы там, каб цябе пакармілі».

Як бы галоўны па тэлевізарах ступіў за дзверы кабінета, а Ленін узяў у рукі шуфлік і пачаў збіраць з падлогі аскепкі экрана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?