Ужо зламана больш за паўсотню намётавых гарадкоў качавога народа. Еўрапейская камісія пакуль не лічыць працэдуру выгнання цыганаў парушэннем якіх-небудзь законаў.

У чацвер 79 цыганаў, якія доўгі час жылі ў Францыі, будуць пасаджаныя на самалёт і адпраўленыя на радзіму — у Румынію. У Елісейскім палацы гэтую працэдуру называюць добраахвотнай рэпатрыяцыяй. Зрэшты, ці былі ў цыганаў іншыя варыянты дзеянняў, апроч выезду за мяжу, не паведамляецца.

За згоду на вылет кожны цыган атрымае 300 еўра, непаўналетнім будзе выдаткавана па 100 еўра.

Заставацца ў Францыі яны ўсё роўна ўжо не могуць — улады разбурылі іх паселішчы, якія ўяўляюць сабой скапленні намётаў, будак і іншых збудаванняў, пераробленых пад жытло. Па апошніх дадзеных, быў знесены 51 лагер. Раней урад Францыі прыняў рашэнне аб ліквідацыі больш за 300 незаконных цыганскіх паселішчаў, раскіданых па ўсёй краіне.

У Парыжы заявілі, што лагеры з’яўляюцца «крыніцай гандлю людзьмі, жудасных умоваў жыцця, эксплуатацыі дзяцей з мэтай жабравання, прастытуцыі і злачыннасці», паведамляе «Бі-бі-сі».

На фоне гэтых мерапрыемстваў у адрас Францыі не раз гучалі абвінавачванні ў парушэнні правоў чалавека. Зрэшты, прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі — найвышэйшага органа выканаўчай улады Еўрасаюза — заявілі, што не лічаць дэпартацыю цыган «масавай высылкай». З 15 тысяч прадстаўнікоў гэтага народа за мяжу плануецца адправіць 700 чалавек. Ды і тыя, хто з’ехаў, па словах афіцыйнага прадстаўніка Еўракамісіі Мэцью Ньюмана, маюць права вярнуцца назад у Францыю: грамадзяне ЕС могуць свабодна перамяшчацца па краінах — сябрах саюза. «Нішто ім не перашкаджае ўжо на наступны дзень прыехаць назад», — дадаў Ньюман. Але каб застацца ў Францыі, яны павінныя мець дазвол на працу і від на жыхарства.

Другі рэйс з цыганамі вылятае на наступным тыдні, а яшчэ адзін прызначаны на верасень.

На 26 жніўня прызначаная высылка 132 цыганаў у Румынію, яшчэ 160 будуць накіраваныя ў Балгарыю.

У Румыніі нервова адрэагавалі на рашэнне Францыі. Міністр замежных справаў Тэадор Баканшы ўжо выказаў сваю заклапочанасць з нагоды наступстваў высылкі. «Я хвалююся праз рызыку, звязаную з папулізмам і ксенафобіяй на фоне эканамічнага крызісу», — сказаў ён. Акрамя таго, кіраўнік румынскага МЗС дадаў, што спадзяецца на поўную законнасць працэдуры адпраўлення цыган на гістарычную радзіму.

А на наступным тыдні адбудзецца сустрэча міністра ўнутраных справаў Францыі Брыса Артэфэ з дэлегацыяй чыноўнікаў з Румыніі, сярод якіх будзе генсакратар па пытаннях інтэграцыі цыганаў Валянцін Макану. Яны маюць намер абмеркаваць сітуацыю з высылкай і далейшым пражываннем качавога народа.

Як заяўляюць ўлады Францыі, цыганы самі вымусілі выкарыстаць жорсткія меры.

У сярэдзіне ліпеня 2010 адбыліся сутыкненні некалькіх суполак з паліцыяй.

Беспарадкі пачаліся ў горадзе Грэнобль, дзе паліцэйскія паспрабавалі затрымаць жыхара праблемнага мігранцкага раёна Кармі Будуду і яго прыяцеля, якія абрабавалі гарадское казіно. У перастрэлцы Будуда быў забіты. Жыхары раёна выйшлі на вуліцы з камянямі і бейсбольнымі бітамі помсціць за загінулага. На наступны дзень пагромы працягнуліся ўжо ў цэнтры Францыі, у невялікім горадзе Сэнт-Эньян. Па дадзеных AFP, з сякерамі, камянямі і бітамі на вуліцы выйшла больш за 50 цыганаў. Яны нападалі на ахоўнікаў правапарадку і падпальвалі аўтамабілі. Як і ў першым выпадку, моладзь выйшла помсціць за свайго суседа, забітага падчас спробы затрымання. 20-гадовага цыгана на імя Луіджы застрэлілі пасля таго, як ён пратараніў на сваім аўтамабілі плот жандармерыі.

Правапарушальнік не падпарадкаваўся загаду спыніцца, збіў аднаго з паліцэйскіх, а потым на поўнай хуткасці ўехаў у пастаўлены на дарозе кардон. Супрацоўнікі праваахоўных органаў адкрылі стральбу па яго машыне. Ад атрыманых раненняў цыган памер на месцы. Пасля гэтых падзей прэзідэнт Нікаля Сарказі сабраў міністраў на нараду і прапанаваў ліквідаваць намётавыя лагеры цыганаў, а іх насельнікаў выслаць з краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?