Яшчэ цяжка ацаніць маштаб падзеі. Патрэбная хоць мінімальная дыстанцыя, каб зразумець, што адбылося. Безумоўна, прафэсіяналы, перакладчыкі і студэнты – усе могуць свабодна карыстацца ангельска-расейскімі слоўнікамі. Калі вам трэба было даведацца значэньне ангельскага слова, то вялікай праблемы не існавала. Але бяда была ў тым, што абміналася, проста выключалася з гэтага ланцугу беларуская мова. Калі нехта перакладаў з ангельскай на беларускую, ён мусіў або рабіць падвойны пераклад праз ангельска-расейскія слоўнікі, або, карыстаючыся ангельскімі тлумачальнымі слоўнікамі, прыдумляць, як перадаць слова па-беларуску. А ў нашым слоўніку гэтая дадатковая задача вырашаная – адразу даюцца беларускія адпаведнікі. Калі параўноўваць з аналягічнымі расейскімі слоўнікамі, розьніца ў тым, што ў нас значна багацейшая сынанімія «правай часткі». Гэта слоўнік не нарматыўны, а хутчэй дэскрыптыўны, то бок ён фіксуе ўсё, што «гуляе» сёньня ў нашых вусных і пісьмовых тэкстах. Там ёсьць словы больш-менш «афіцыйныя», з афіцыйных беларускіх слоўнікаў, і ёсьць словы, якія не фіксуюцца ў афіцыйных словазборах, а ўжываюцца ў нейкіх нефармальных колах. Мы ня ставілі заслоны ніводнаму з гэтых пластоў – усе яны прысутнічаюць. Наш слоўнік – спроба разгарнуць, наколькі магчыма, усё багацьце беларускай лексыкі. Але, на жаль, напоўніцу зрабіць гэтага не ўдалося.

Поўны тэкст гутаркі прапануе дзясяты выпуск часопісу ARCHE, які можна чытаць пакуль толькі ў Інтэрнэце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0