З пачатку 2010 года на дарогах Беларусі загінула 19 дзяцей, 318 — атрымалі траўмы.
Пра гэта паведаміў начальнік аддзела навукова-метадычнага і прававога забеспячэння ўпраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Анатоль Сушко на прэс-канферэнцыі 20 жніўня.

Паводле даных ДАІ, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць загінулых скарацілася на пяць чалавек, траўмаваных — на 69.

У студзені-ліпені гэтага года зарэгістравана 285 ДТЗ з удзелам дзяцей — на 17% менш, чым за такі ж перыяд мінулага.

Сушко параіў бацькам знаходзіць найбольш бяспечныя маршруты, каб адвозіць дзяцей да навучальных устаноў, а таксама не забываць забяспечваць іх святлоадбіўнымі элементамі.

Старшы інспектар упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі Станіслаў Салавей паведаміў, што з 23 жніўня па 8 верасня ў краіне пройдзе комплекснае мерапрыемства «Увага, дзеці!».

«У рамках гэтага мерапрыемства мы рэалізуем мноства акцый, сярод якіх — „Бяспечны пераход“: на пешаходных пераходах будуць дзяжурыць людзі з таблічкамі „СТОП“, таксама будзем прыцягваць да дзяжурстваў саміх школьнікаў», — расказаў Салавей.

Ён заклікаў аўтамабілістаў у перыяд дзеяння мерапрыемства ездзіць з уключаным бліжнім святлом фар.

У сваю чаргу Міністэрства адукацыі павысіла ўвагу да праблемы бяспечных паводзін на дарогах, паведаміў галоўны інспектар упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Уладзімір Паддубскі.

«З 2010 года, — зазначыў ён, — павялічваецца колькасць гадзін курсу „Асновы бяспекі жыццядзейнасці“, які вывучаецца ў школах у 2-9-х класах. Таксама ў школьных установах рэалізуецца адукацыйная праграма „Пралеска“, у дзіцячых садках ёсць „гарадкі“, дзе можна трэніраваць дзяцей, як паводзіць сябе на дарозе».

Паддубскі дадаў, што ў гэтым годзе для вучняў 5-6-х класаў дабаўлены факультатыўны курс «Бяспечны веласіпедыст» (прынцыпы бяспечнага ваджэння і паводзін на дарогах у сельскіх і гарадскіх умовах), для старэйшых класаў рыхтуецца аналагічны курс заняткаў «Матацыкліст».

Цяпер, дадаў галоўны інспектар, па даручэнні Савета міністра пры садзеянні ДАІ і многіх міністэрстваў распрацоўваецца комплексная праграма па бяспецы на дарогах на 2011–2015 гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?