Усяго патроху1010

А вада там блакітная

Крэйдавыя кар’еры на Ваўкавышчыне — адно з самых незвычайных месцаў у краіне. З падарожжа Слонім—Ваўкавыск—Зэльва вярнуўся Зміцер Панкавец.

Крэйдавыя кар’еры на Ваўкавышчыне — адно з самых незвычайных месцаў у краіне. З падарожжа Слонім—Ваўкавыск—Зэльва вярнуўся Зміцер Панкавец.

Пра існаванне крэйдавых кар’ераў даведаўся некалькі гадоў таму, але магчымасці пабачыць усё ніяк не было. На адны жнівеньскія выходныя вырашылі адкласці ўсе справы, каб паглядзець на гэты цуд.

Варта адзначыць, што падобных кар’ераў у Беларусі некалькі. Адны ў Любанскім раёне, іншыя — у Гродзенскім, трэція — у Ваўкавыскім. Пастанавілі ехаць на апошнія. Дарога да іх з Мінску хоць і не блізкая, але і дарогай ёсць што паглядзець.

Ехаць з Мінска досыць проста — па брэсцкай шашы да павароту да Слонім, а там амаль да самага Ваўкавыска. Агулам каля 250 кіламетраў у адзін бок выходзіць.

Кавярня са Сталіным

Пасля больш як двухгадзіннага знаходжання за рулём, у Слоніме можна спыніцца на адпачынак. Балазе горад досыць душэўны.

Старыя камяніцы раўнамерна раскіданыя па цэнтры места. З клумбаў нясмела пазіраюць самаробныя маленькія слонікі. Ленін на цэнтральнай алеі ў адной руцэ трымае кепку, а іншай паказвае дарогу да Спаса-Праабражэнскага сабору. А ля закінутай сінагогі — адной з візітак горада — раскінуўся кірмаш.

У Слоніме вырашылі паабедаць. Першая кавярня, што знайшлася ў цэнтры, мела назву «Пятачок». Але імя сваё яна атрымала не ў гонар мілага персанажа казкі Алана Мілна.

«Пятачок» — гэта своеасаблівы запаведнік для тых, хто настальгуе па савецкай уладзе. Прычым, не па застойнай брэжнеўскай, а яшчэ ранейшай.

Сцены кавярні завешаныя савецкімі паштоўкамі з выявай Сталіна, дзе гаварылася, што кадры вырашаюць усё, выразкамі з газет, замест люстры вісіць барана. Высока пад столлю, побач з савецкімі сцягамі, размешчаныя галава дзіка і баян.

Меню ў «Пятачку», дарэчы, не вельмі багатае, але кормяць смачна і танна. Асабліва ім удаюцца бліны.

Зэльвенскім эдэм

Па дарозе да Зэльвы як не заехаць у Сынкавічы, каб падзівіцца на абарончую царкву Святога Міхаіла Арханёла.

Гатычная царква, пабудаваная ў XV стагоддзі, мала змянілася з тых часоў. Стаіць наўзбоч ад вёскі, побач з маляўнічымі жытнёвымі палямі. Што праўда, фермерскі комплекс непадалёк — ад таго і пахі ля царквы не самыя лепшыя.

Царква мае вежы з байніцамі, праз якія можна было страляць, а таксама назіраць за ворагам. У свой час цэрквы выконвалі не толькі абрадавыя функцыі. Унутры ж храма неяк зусім просценька, а то нават і не дагледжана. Але турыстаў да бажніцы едзе багата.

Побач з царквой паставілі званіцу з «цыбулінай». Выглядае досыць недарэчна.

У Зэльве адразу кідаецца ў вочы высозны касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Ён не такі і стары — яму няма і сотні гадоў. За саветамі выконваў функцыі крамы, а вернікам яго вярнулі ў 1989 годзе.

Бачна, што ксёндз сочыць не толькі за будынкам храма, але і за падворкам, які шчыльна засаджаны самымі рознымі экзатычнымі і не вельмі раслінамі. Такое даводзілася бачыць у іншых парафіях, да размаху Гервятаў ці Мосара, канечне, не дастае, але ўсё ўтульна і дагледжана. Нават невялічкі фантан з статуяй Маці Божай ёсць. Такі сабе эдэмскі сад пасярод Зэльвы.

Уваход на царкоўны падворак зачынены. Бюст Ларысы Геніюш змаглі пабачыць толькі праз плот. І дом паэткі насупраць (вул. Савецкая, 7). Праўда, сённяшнія гаспадары не вельмі ахвотна пускаюць на падворак.

Па дарозе з Зэльвы можна завярнуць у Ружаны, каб паглядзець на тамтэйшы палац. Але ў нас часу не так шмат, таму ўздоўж сланечнікавых і кукурузных палёў працягваем дарогу ў бок Ваўкавыску.

«Там афігенна!»

Зрэшты, як потым высвятляецца даязджаць да самага Ваўкавыска не абавязкова. Перад горадам ёсць указальнік на Краснасельскі, трэба паварочваць на яго.

Гэтая вёсачка вядомая на ўсю краіну заводам будаўнічых матэрыялаў, які вырабляе цэмент, і сустракае яна абсалютна жорсткімі індустрыяльнымі пейзажамі. Пасярод дарогі паўстае вялізная заводская спаруда.

З транспарту, што там перасоўваецца, найчасцей можна пабачыць здаравенныя БелАЗы, што курсуюць ад заводу да кар’ераў. Будзьце пільнымі і асцярожнымі з гэтымі жодзінскімі цяжкавікамі, пад адзін такі ледзь не трапіў наш сціплы «Фольксваген».

Адразу на месцы цяжка зарыентавацца, куды ж рухацца далей. Забыліся зрабіць раздрукоўкі мясцовасці, таму пытаемся ў тутэйшых. Яны ўказваюць самы бліжэйшы шлях да кар’ераў.

Уся нядоўгая дарога абсалютна белая. Белыя дрэвы, белыя закінутыя дамы. Першая думка: як тут жывуць людзі? Ці не пакутуюць ад лёгачных захворванняў? Стаяць закінутыя сельгаспабудовы. Краявіды, як у кампутарнай гульні «Сталкер».

Да крэйдавага кар’ера ад завода недалёка. Але нас там сустракае шлагбаум. Хлопцы на «Альфа-рамэа», якая прыехала на хвіліну раней за нас, кажуць, што ён адчынены.

З старожкі з’яўляецца дзядзька-ахоўнік, які строга пытаецца, куды мы едзем. Нібыта тут ёсць іншыя варыянты. Спачатку ён напускае на сябе грозны від, прапануе кіравацца ў іншае месца, але праз хвіліну лагаднее, і дазваляе праехаць. Праўда, ставіць адну ўмову: «Не лазіць на кран». Даўно заржавелы пад’ёмнік стаіць як сімвал мінулага бурнага жыцця гэтага ўчастку зямлі.

А яшчэ дзе-нідзе трапляюцца дарожныя знакі «Стоп» ці «Расклад руху». Пад нагамі ўжо суцэльная крэйда, абутак імгненна робіцца белым. Машыны пакідаем недалёка ад выезду, а самі ідзем па зарослым травой асфальце ў пошуку кар’ераў.

Тыя самыя хлопцы з «Альфа-рамэа» ўжо пабачылі гэты цуд. З задаволенымі тварамі яны вяртаюцца да машыны, каб рушыць далей.

«Ну як?» — пытаемся мы. «Там афігенна. Больш нічога не скажаш», — захоплена кажуць яны.

Нарэшце забіраешся на высокае месца і разумееш, што хлопцы не зманілі — там сапраўды афігенна!

Крэйда на зубах

Колькі да гэтага ні глядзеў на фотаздымкі кар’ераў у інтэрнэце, а да ўбачанага ўсё адно не гатовы. Краявіды агаломшваюць. Не верыш вачам, але тут ужо не скажаш, што перад табой фаташоп. Крутыя і глыбокія абрывы, нібы зменшаная версія амерыканскіх каньёнаў, а ўнізе блакітная-блакітная (як нехта яе пафарбаваў) вада!

Белае крэйдавае дно (там амаль няма расліннасці) ў спалучэнні з вапнай дае такі незвычайны эфект. Стаіш колькі хвілін нерухома і проста насалоджваешся незвычайным краявідам.

Кар’ер доўгі, дзесьці з кіламетр. Месцаў, дзе можна падабрацца да вады, зусім нямнога. Зрэшты, і купацца рызыкне не кожны. Глыбіня месцамі сягае да 40 метраў. Прычым, глыбока ад самага берага. Кар’еры капалі своеасаблівым конусам, без прыступак. Дна зусім не бачна. Нейкія хлопцы спрабавалі яго дастаць, але марна. Трэба лішні раз падумаць, ці рызыкаваць лезці ў ваду, бо выратаваць потым будзе надзвычай цяжка.

«Вада ці трымае?» — «Ну, не мора, канечне, але троху трымае». Так размаўляюць паміж сабой мінскія хлопцы, што выправіліся на адпачынак.

«У мяне крэйда ўжо на зубах трашчыць», — кажа іншы авантурыст.

Я толькі намачыў ногі, потым пальцы былі белымі. Нібыта вымакаў іх у ваду, дзе сціралі анучу ад школьнай дошкі. Таму купанне там на вялізнага аматара — выглядае прыгожа, але ці ёсць у гэтым вялікая асалода.

Дарэчы, мы былі далёка не адзінымі турыстамі на Краснасельскіх кар’ерах у той вечар. Стаяла з дзесятак машын і столькі ж намётаў. Смажыліся шашлыкі, пілося піва. Прычым, аўтамабілі былі спрэс з мінскімі нумарамі. Мясцовым такі экстрым ужо малацікавы.

Удалося пабачыць толькі адзін кар’ер, а іх там такіх з паўтузіна. Ёсць і з зялёнай вадой. Кажуць, выгляд не менш фантастычны.

Дзеля моцных уражанняў ехаць глядзець на крэйдавыя кар’еры абавязкова. Праўда, кілімчыкі ў машыне потым набылі характэрны белы колер. Але гэта невялікі такі прыкры мінус.

А пакупацца можна і ў Зэльве

На зваротнай дарозе заязджаем у Ваўкавыск. Горад зялёны і дагледжаны. Праязджаем міма старога гарадзішча, а таксама доміка ваенаначальніка Баграціёна, які ў вайне 1812 года меў тут штаб.

На цэнтральнай плошчы ля фантана стаіць помнік ваўку. Вушы і лыч у жывёлы нацёртыя да бляску — на ўдачу.

Па вуліцах шпарка лётаюць таксоўкі з нумарам 22222, якія некалі належалі Мікалаю Аўтуховічу.

У суботу вечарам у горадзе праблема падсілкавацца, бо ўсе кавярні зарэзерваваныя пад вяселлі. Іх у гэты час сапраўды шмат.

Тым жа каму так і не хапіла вады на кар’ерах, ёсць зваротная дарога і Зэльвенскае вадасховішча. Цудоўны гарадскі пляж і цёплая вада выдатна кампенсоўваюць некупанне ў рызыкоўных краснасельскіх кар’ерах.

Каментары10

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Нейкая Ліза, якой 20 гадоў, судзіцца з Лукашэнкам» — вялікая гутарка з новай віцэ-спікеркай КР Лізаветай Пракопчык6

«Нейкая Ліза, якой 20 гадоў, судзіцца з Лукашэнкам» — вялікая гутарка з новай віцэ-спікеркай КР Лізаветай Пракопчык

Усе навіны →
Усе навіны

Хэдлайнерам апошняга званка ў Мінску стаў няўдалы ўдзельнік «Дома-2». Хто такі Алег Маямі?3

У Падмаскоўі ўзарваўся аўтобус, які перавозіў дзяцей у школу2

Сіноптыкі папярэдзілі пра замаразкі ў ноч на нядзелю

У Беларусі ўжо тры гады прадаюць былы кляштар за адну базавую

Лукашэнка расказаў, які цуд у Беларусі робяць з гаўна10

«За 30 хвілін — 30 еўра»: айцішнік са стажам 25 гадоў навучыўся класці плітку, пакуль шукае працу5

Аднакурснік пра каханка Мельнікавай: Лабееў яшчэ ва ўніверсітэце часам выкарыстоўваў псеўданім «Гардзееў»3

У Брытаніі знялі з продажу модныя лялькі-монстры Лабубу — праз іх здараліся бойкі паміж пакупнікамі1

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нейкая Ліза, якой 20 гадоў, судзіцца з Лукашэнкам» — вялікая гутарка з новай віцэ-спікеркай КР Лізаветай Пракопчык6

«Нейкая Ліза, якой 20 гадоў, судзіцца з Лукашэнкам» — вялікая гутарка з новай віцэ-спікеркай КР Лізаветай Пракопчык

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць