Рэспубліканская асацыяцыя вытворцаў бульбы і пладоваагародніннай прадукцыі «Картофельплодоовощ» і Белкаапсаюз атрымалі тэрміновую замову на пастаўку ў расійскія рэгіёны 40 тыс.т бульбы,
паведаміў генеральны дырэктар асацыяцыі Аляксандр Яраховіч.

Вызначаюцца сельскагаспадарчыя арганізацыі з высокатаварным узроўнем вытворчасці бульбы, якія могуць адгрузіць яе на працягу верасня-кастрычніка вялікімі партыямі (не менш за 1 тыс.т на сельгаспрадпрыемства).

«Раней планавалася ў сезон 2010–2011 экспартаваць не менш за 50 тыс.т бульбы і 20 тыс.т агародніны. Гэтыя аб’ёмы ўжо закантрактаваныя спецыялізаванымі гаспадаркамі, якія ўваходзяць у склад асацыяцыі. Але ў сувязі з неўраджаем бульбы і агароднінных культур у цэнтральнай частцы Расіі патрэба ў бульбе і гародніне паўстала ўжо сёння, і расайскія оптавыя кампаніі гатовыя закупіць іх, не чакаючы заканчэння закладкі на міжсезонне», — растлумачыў Аляксандр Яраховіч. Па ўсёй верагоднасці, закупкі бульбы ўзрастуць у некалькі разоў.

Цяпер гаспадаркі Беларусі пастаўляюць у расійскія рэгіёны раннюю і сярэдняспелую бульбу, познія гатункі пойдуць ужо ў другой палове верасня.

«Вядома, у першую чаргу гаспадаркі павінны нарыхтаваць бульбы для ўнутраных патрэбаў Беларусі і закласці ў стабілізацыйныя фонды не менш за 54,8 тыс.т, а ўжо потым адгружаць на экспарт. Але ў гэтым годзе ўсе ўмовы дыктуе рынак. Ураджай бульбы ў Беларусі сёлета неблагі, выразна праглядаюцца свабодныя рэсурсы. Ёсць упэўненасць, што будуць забяспечаныя ўнутраныя запасы, таму складаюцца графікі экспартных паставак. Дзясяткі вялікагрузных аўтамабіляў ужо стаяць у чаканні бульбы», — адзначае спецыяліст.

Дасягнутая дамоўленасць з дэпартаментам харчовых рэсурсаў урада Масквы аб пастаўцы бульбы, морквы і цыбулі. Па лініі асацыяцыі «Картофельплодоовощ» у Маскву плануецца цэнтралізавана адгрузіць 20 тыс.т бульбы і 10 тыс.т агародніны. Частку прадукцыі беларускія гаспадаркі могуць адгружаць самастойна, па непасрэдных дамовах.

Больш за 30 тыс.т бульбы і 10 тыс.т агародніны накіруюць у Санкт-Пецярбург, Мурманск, Калінінград, Карэлію. Разам з адгрузкай прадукцыі ў Расію асацыяцыя мае намер арганізаваць пастаўкі ў Малдову і Украіну. У прыватнасці, ужо прапрацаваныя і ўзгодненыя пытанні і ўмовы пастаўкі бульбы ў Херсон і Крым.

З просьбай да сельгасвытворцаў Беларусі аб закупцы бульбы і агародніны звярнуліся і гандлёвыя кампаніі Татарстана. Яны гатовыя закупляць іх у стабільна высокіх аб’ёмах з верасня гэтага года па сакавік 2011. Удакладняюцца ўмовы транспартавання. Хутчэй за ўсё, яно будзе камбінаванае. Аўтамабілі, якія прывозяць грузы з Татарстана ў Беларусь, тут будуць загружацца бульбай.

Рэспубліканская асацыяцыя вытворцаў бульбы і пладоваагародніннай прадукцыі «Картофельплодоовощ» створаная ў ліпені 2007, аграгандлёвы дом пры асацыяцыі — у кастрычніку таго ж года. У асацыяцыю ўваходзяць больш за 100 гаспадарак — удзельнікаў праграмы развіцця бульбаводства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?