Беларусь у снежні ўзначаліць Арганізацыю Дамовы пра калектыўную бяспеку (АДКБ), Аляксандр Лукашэнка гатовы прыняць старшынства. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў 20 жніўня па выніках нефармальнага саміта АДКБ у Ерэване.

«Мы дамовіліся аб тым, што ў снежні старшынства ў АДКБ пяройдзе да аднаго з членаў АДКБ — Беларусі. Прэзідэнт Беларусі выказаў гатоўнасць прыняць яго. Нас гэта вельмі радуе», — сказаў расейскі лідэр на прэс-канферэнцыі па выніках саміта, які, па інфармацыі РІА «Навіны», працягваўся больш за 2,5 гадзіны, даўжэй запланаванага часу.

«Размова была цікавая, добрая, шчырая. Хоць гэта нефармальны саміт, але многія рэчы, якія мы разглядалі, атрымаюць працяг падчас снежаньскага саміта, які пройдзе ў Маскве», — цытуе расейскае інфармагенцтва Мядзведзева.

Ён падзякаваў армянскаму калегу за арганізацыю сустрэчы. «Гэта спрыяла прадуктыўнаму абмену думкамі [на саміце], які працягваўся больш чым, напэўна, мы планавалі. Прычым працягваўся больш зацікаўлена, вельмі адкрыта і ў карэктнай манеры, што, безумоўна, сведчыць аб тым, што мы поўнімся жаданнем развіваць нашу арганізацыю», — сказаў Мядзведзеў.

Паводле ягоных словаў, АДКБ мае намер ўнесці свой уклад у нармалізацыю сітуацыі ў Кыргызстане. «Я спадзяюся, што ў рамках кансалідаванай працы чальцоў АДКБ, у рамках двухбаковых адносін з Кыргызстанам, якія існуе ў кожнага з дзяржаваў-сяброў АДКБ, мы сваю лепту ў нармалізацыю сітуацыі ўнясём», — адзначыў расейскі прэзідэнт.

Мядзведзеў таксама паведаміў, што АДКБ да снежня падрыхтуе змены ў статутныя дакументы арганізацыі, каб у далейшым прадухіляць сітуацыі, падобныя да НЗ у Кыргызстане. «Урокі падзей у Кыргызстане падштурхоўваюць нас да таго, каб зрабіць механізм эфектыўнейшым. Што для гэтага патрабуецца? Патрабуецца воля дзяржаваў. Сёння гэтая воля была выяўвіўшыся. Мы дамовіліся, што да снежня будуць падрыхтаваны прапановы па змене дакументаў — тых дакументаў, статутных дакументаў АДКБ, якія служаць грунтам для нашай дзейнасці ў рэгіёне», — патлумачыў Мядзведзеў.

Расейскі лідэр падкрэсліў, што гэта неабходна для таго, каб у АДКБ з’явіліся больш эфектыўныя інстытуты, «можа быць, з пашыранымі паўнамоцтвамі». «Вядома, такія рашэнні прымаюцца кансэнсусам, але, тым не менш, усе разумеюць, што ў шэрагу выпадкаў арганізацыя павінна дзейнічаць эфектыўней і шпарчэй», — адзначыў прэзідэнт РФ.

Ён таксама паведаміў, што Арганізацыя Дамовы пра калектыўную бяспеку мае вывучыць і прааналізаваць досвед НАТО, Еўрасаюза і ААН. «Мы павінны вывучыць вопыт Паўночнаатлантычнага альянсу, Еўрасаюза, дый Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, таму гэты вопыт павінен быць прааналізаваны. Я спадзяюся, што сакратарыят арганізацыі абагульніць яго і прадставіць на вывучэнне», — сказаў Мядзведзеў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?