На парлямэнцкіх выбарах у Латвіі адзіны сюрпрыз паднесьлі «рускія партыі»: ЗаПЧЕЛ, галоўны фаварыт цягам апошняга дзесяцігодзьдзя, зь цяжкасьцю прайшоў у Cойм, а ягоны асноўны канкурэнт – памяркоўнае аб’яднаньне «Цэнтар згоды» – фінішаваў з чацьвёртым вынікам.

Пасьля падліку бюлетэняў на ўсіх выбарчых участках высьветлілася, што перамогу здабыла кіроўная Народная партыя (19,32% галасоў), на другім месцы фінішаваў таксама прыўладны Саюз «зялёных» і сялянаў (16,55%), на трэцім – апазыцыйная правая партыя «Новы час» (16,24%). Гэтыя тры партыі атрымаюць адпаведна 23 і 18 месцаў у парлямэнце (з 100 магчымых).

Першую тройку апытаньні грамадзкае думкі прадказвалі цягам прынамсі апошняга месяца. Затое чацьвёртае месца, якое сацыёлягі аддавалі леваму аб’яднаньню «За правы чалавека ў адзінай Латвіі» (ЗаПЧЕЛ), нечакана дасталося канкурэнтам «пчолаў» – «Цэнтру згоды», праход якога ў сэйм раней быў пад пытаньнем.

«Згода» набрала 14, 3% галасоў і цяпер можа атрымаць 17 месцаў у парлямэнце. Частку галасоў рускіх выбарцаў адцягнуў на сябе блёк Латвійскай першай партыі і саюзу «Латвійскі шлях», які з 8,51% галасоў можа прэтэндаваць на 10 дэпутацкіх месцаў. Апроч іх пяціадсоткавы бар’ер пераадолелі палітычныя антыподы – нацыяналістычная партыя «Айчыне і свабодзе»/ДННЛ (6,89% галасоў, 8 месцаў у парлямэнце) і, зь цяжкасьцю набраўшы прахадны бал, ЗаПЧЕЛ (5,97%, 6 месцаў у парлямэнце).

Трэцяя руская партыя – «Радзіма» – нягледзячы на адкрытае выкарыстаньне ўласнай радыёстанцыі ў якасьці інструмэнту агітацыі, а таксама прысутнасьць у сьпісах В.Пуціна, пацярпела паразу. З 2% галасоў Вадзім Пуцін і ягоныя таварышы па партыі засталіся па-за парлямэнтам.

Такім чынам, кіроўныя латыскія партыі ўжо цяпер могуць сфармаваць кааліцыю, якая будзе абапірацца на 51 дэпутацкі голас. Пры такой мінімальнай большасьці латвійскі ўрад ужо працаваў, хаця і ня надта стабільна. Тэарэтычна для забесьпячэньня большай падтрымкі да фармаваньня кабінэту могуць прыцягнуць яшчэ адну правую партыю, у той час як левыя «рускія» палітычныя сілы зь вялікай доляй верагоднасьці застануцца ў апазыцыі.

Так, яшчэ ў дзень выбараў старшыня Народнай партыі, міністар культуры Гелена Дэмакова, заявіла, што «Цэнтар згоды», які пазыцыянуе сябе ў якасьці «канструктыўнай апазыцыі», у кааліцыю запрашаць ня будуць. Пра ЗаПЧЕЛ нават гаворкі няма – з гэтай партыяй латыскія палітыкі пакуль працаваць катэгарычна адмаўляюцца.

Так званае этнічнае галасаваньне, якое прадказвалі перад выбарамі палітолягі, гэтым разам было выяўлена куды слабей, чым звычайна: нягледзячы на размовы пра ўсё большую прорву між рускімі і латышамі, прынамсі дзьвюм партыям – «Цэнтру згоды» і ЛПП/ЛЦ – удалося дастукацца да абедзьвюх аўдыторый. У выніку і тая, і другая партыя адабралі ўмеркаваны электарат у непрымірымых змагароў за правы рускага насельніцтва ЗаПЧЕЛ. Паводле слоў лідэра ЗаПЧЕЛ Тацяны Жданок, «Цэнтру згоды» дапамог мэдыйны рэсурс (тэлеканал і радыёстанцыя; дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што у «пчолаў» ёсьць сама меней дзьве партыйныя газэты), а таксама пасіўнасьць латвійскай дыяспары ў Ірляндыі і Вялікабрытаніі, дзе на выбарчыя ўчасткі прыйшла толькі тысяча з больш як 50 тысяч гастарбайтэраў.

Аднак сакрушальная параза ЗаПЧЕЛ у Рызе і галоўным рускім рэгіёне – Латгаліі – паказвае, што праблема глыбейшая.

На думку палітоляга Андрыса Рунцыса, перамога ЦЗ тлумачыцца больш прадуманай перадвыбарнай кампаніяй, а таксама тым, што аб’яднаньню ўдалося завабіць у свае шэрагі папулярнага ў пэўных колах насельніцтва лідэра Сацыялістычнай партыі, апошняга мэра Рыгі падчас СССР Альфрэда Рубікса.

Пры гэтым ідэя згоды і дыялёгу між рускай і латвійскай супольнасьцямі мае дастаткова шмат прыхільнікаў, у той час як заўсёдная канфрантацыя і адмова ад кампрамісаў, да якой схільныя ЗаПЧЕЛ, маглі расчараваць выбарцаў: барацьба ідзе, а бачных вынікаў няма.

Былы міністар грамадзкай інтэграцыі Ніл Муйжніекс адзначае, што посьпех «Цэнтра згоды» сьведчыць, што радыкалізм і палярызацыя ў грамадзтве ўсё ж спадае, і гэта надае аптымізму.

Назіральнікі адзначаюць, што цяперашнія выбары ў Латвіі адзначаліся невысокай актыўнасьцю выбарцаў. Гэта тлумачыцца як тым, што значная частка дарослага насельніцтва, якое мае права голасу, зьехала на заробкі на Брытанскія астравы і фактычна выбары праігнаравала, так і агульным дэфіцытам сьвежых ідэй і новых твараў. У выніку выбары прайшлі спакойна (адзіным інцыдэнтам стала акцыя нацыянал-бальшавікоў у адным з рыскіх участкаў), перамогу на іх здабылі вядомыя фаварыты, і кардынальных зьменаў у курсе дзяржавы чакаць не выпадае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?