У Ашхабадзе дэмантавалі 12-метровую пазалочаную статую першага прэзідэнта Туркменіі Сапармурата Ніязава (Туркменбашы).

Манумент «Арка нейтралітэту» быў адкрыты ў 1998 — у трэцюю гадавіну прыняцця рэзалюцыі ААН, што пацвердзіла нейтральны статус дзяржавы. Да свята Дня нейтралітэту (12 снежня) будзе дэмантаваная і сама арка.

Упершыню пра рашэнне дэмантаваць «Арку нейтралітэту» і пабудаваць іншую другі прэзідэнт Туркменіі Гурбангулы Бердымухамедаў абвясціў у 2008 — праз год пасля абрання яго ў лютым 2007 прэзідэнтам.

Да гэтага часу ўжо знікла згадка Туркменбашы ў дзяржаўным гімне і патрыятычнай клятве. Зніклі з вуліц шматлікія партрэты Ніязава і бюсты у будынках дзяржаўных арганізацый і ўстановаў. Месяцу студзеню, названаму за Ніязавым «туркменбашы», вярнулі назву грыгарыянскага календара. У святочны каляндар вярнуўся Жаночы дзень 8 сакавіка, які пры Ніязаву адзначаўся ў дзень нараджэння ягонай маці.

Мэтазгоднасць дэмантажу «Аркі нейтралітэту» і будаўніцтва новага манумента нейтралітэту ў перадгор’ях Капетдага Бердымухамедаў пацвердзіў у студзені 2010 сваёй пастановай. Па словах прэзідэнта, «на поўдні сталіцы бярэ пачатак праспект нейтралітэту, і тамсама фармуецца новы сучасны архітэктурны ансамбль».

Як паведамілі ў мэрыі, скульптуры Туркменбашы на новым мануменце не прадугледжваецца. У адпаведнасці з пастановай Бердымухамедава, вышыня новага манумента складзе 95 метраў і будзе ўпрыгожаная арнаментам пяці туркменскіх плямёнаў, гэтак жа як герб і сцяг краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?