З 27 жніўня па 3 верасня ў Беларусі будзе арганізаваны прэс-тур для ізраільскіх журналістаў, якія пішуць пра турызм.

Праект ініцыяваны Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Беларускім грамадскім аб’яднаннем «Адпачынак на вёсцы». Ідэю прэс-тура падтрымалі пасольства Ізраіля ў Мінску і беларускае дыппрадстаўніцтва ў Ізраілі.

Як паведаміла старшыня БГА «Адпачынак на вёсцы» Валерыя Кліцунова, у Беларусь прыедуць дзевяць журналістаў. Прэс-тур яна назвала «яшчэ адным крокам у развіцці двухбаковых адносінаў паміж Беларуссю і Ізраілем».

Кліцунова нагадала, што ў ліпені 2009 года ў Мінску было падпісана міжурадавае беларуска-ізраільскае пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы турызму. У красавіку гэтага года ў Іерусаліме адбылося пасяджэнне сумеснага камітэта па турызме, на якім прадстаўнікі Ізраіля выказалі цікавасць да развіцця аграэкатурызму ў Беларусі. Акрамя таго, прадстаўнікі Ізраіля правялі ў Беларусі семінар для спецыялістаў па сельскім турызме і арганізавалі навучальную паездку па гэтым кірунку ў Ізраіль.

У праграме прэс-тура — наведванне міжнароднага кулінарнага фестывалю «Мотальскія прысмакі», заказніка «Спораўскі», нацыянальных паркаў «Белавежская пушча» і «Нарачанскі», Брэсцкай крэпасці, музея пад адкрытым небам «Дудуткі», мемарыяльнага комплексу «Хатынь», месцаў, звязаных з еўрапейскай гісторыяй, экскурсіі па Аўгустоўскім канале, Гродне, Навагрудку, Валожыне, Мінску. Акрамя таго, ізраільскія журналісты правядуць некалькі дзён у беларускіх сельскіх сядзібах, што дасць ім магчымасць ацаніць развіццё аграэкатурызму.

У межах прэс-тура 31 жніўня запланавана сустрэча журналістаў з губернатарам Гродзенскай вобласці Сямёнам Шапірам, 2 верасня — з паслом Ізраіля ў Беларусі Эдуардам Шапірам. 3 верасня ізраільскія журналісты падзеляцца сваімі ўражаннямі ад паездкі на прэс-канферэнцыі з удзелам Шапіры і міністра спорту і турызму Беларусі Алега Качана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?