Дамовіцца аб адзіным кандыдаце ад дэмакратычных сіл на прэзідэнцкіх выбарах можна толькі пасля збору подпісаў, зараз кансультацыі пра гэта выніку не дадуць. Пра гэта заявіў лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 28 жніўня на пасяджэнні сойма партыі.

Паводле яго слоў, сёння аб прэзідэнцкіх амбіцыях заяўляе вялікая колькасць прэтэндэнтаў, якія пакуль не гатовы дамовіцца аб сумесным удзеле ў выбарах.

«Збор подпісаў пакажа, які кандыдат гатовы паспяхова ўдзельнічаць у выбарах. Пасля збору подпісаў можна праводзіць кансультацыі аб адзіным сцэнарыі ўдзелу ў выбарах», — сказаў Янукевіч.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які вылучаны партыйным кандыдатам на пост прэзідэнта, паведаміў, што ўдзельнічае ў перамовах аб каардынацыі дзеянняў у прэзідэнцкай кампаніі. «Не ўдаецца дамаўляцца з лідэрам кампаніі „Еўрапейская Беларусь“ Андрэем Саннікавым, добра ідуць перамовы з сустаршынёй аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя“ Віталем Рымашэўскім, палітыкам Алесем Міхалевічам, вельмі добра — з лідэрам руху „За Свабоду“ Аляксандрам Мілінкевічам. Магчыма, удасца дамовіцца з лідэрам кампаніі „Гавары праўду!“ Уладзімірам Някляевым», — сказаў Кастусёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?