Але Юлія Бука з Глыбоччыны знайшла магчымасць вучыць сваю дачку на роднай мове.

Нагадаем, за тыдзень да пачатку навучальнага года жанчыне паведамілі, што яе дачка не зможа вучыцца ў беларускамоўным класе. Два пятыя класы Глыбоцкай раённай гімназіі, куды дзяўчынка паступіла яшчэ вясной, будуць рускамоўнымі. Справа атрымала працяг.

Спадарыня Юлія звярнулася ў Глыбоцкі райвыканкам, дзе адбылася размова з намесніцай старшыні. На наступны дзень да яе ў в. Валодзькава прыехаў дырэктар адной са школ. Ён запрасіў жанчыну на бацькоўскі сход. На сходзе сабраліся бацькі дзяцей, якія чатыры гады ў гімназіі вучыліся па-беларуску, а цяпер перайшлі на рускамоўнае навучанне.

Спадарыня Юлія кажа, што

бацькоў фактычна сабралі для таго, каб пераканаць яе ў тым, што ніхто не хоча вучыцца па-беларуску.

Але выявілася, што яшчэ дзве сям’і хацелі б аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўны клас. Гэта таксама былі вучні вясковых школ. Але большасць бацькоў пачала іх абражаць. Маўляў, хай вяскоўцы вяртаюцца ў свае школы.

Калі скончыўся сход, Юлія зайшла ў сярэднюю школу №3. Як высветлілася, там набралі беларускамоўны клас. І дзяўчынку гатовы прыняць пры ўмове, што вырашыцца пытанне з жытлом. Дырэктарка гімназіі паабяцала пасяліць пяцікласніцу ў вучнёўскім інтэрнаце, дзе жыве яе старэйшы брат. Заўтра ў дзяўчынкі пачынаецца новы навучальны год.

Юлія Бука на гэтым спыняцца не збіраецца. Яна мае намер схадзіць на прыём да старшыні Глыбоцкага райвыканкама.

«Я хачу даказаць гарадскім, што мы, вяскоўцы, не горшыя за іх. Я хачу дамагацца, каб нас не прыніжалі».

Спадарыню Юлію абурае тое, што вяскоўцаў лічаць за людзей другога гатунку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?