Як стала вядома БелаПАН, 1 верасня Аляксандр Лукашэнка плануе ўзяць удзел у адкрыцці навучальна-педагагічнага комплексу «дзіцячы садок-сярэдняя школа» ў вёсцы Бараўляны (Мінскі раён).

Не выключана, што ў першы клас менавіта гэтай школы пойдзе малодшы сын прэзідэнта Мікалай Лукашэнка, якому сёння спаўняецца 6 гадоў. У прэс-службе гэтую інфармацыю пакуль не каментуюць.

Раней шэраг беларускіх СМІ вылучалі меркаванні, што Мікалай будзе вучыцца ў школе ў Астрашыцкім гарадку, што недалёка ад рэзідэнцыі прэзідэнта. Хадзілі таксама чуткі, што сын прэзідэнта будзе залічаны ў кадэцкі корпус. Аднак ніводная з версій пакуль афіцыйна не пацверджана.

Паводле інфармацыі з афіцыйнага сайта аддзела адукацыі Мінскага райвыканкама, навучальна-педагагічны комплекс «дзіцячы садок-сярэдняя школа» ў вёсцы Бараўляны разлічаны на 950 месцаў: сярэдняя школа — 720 месцаў, дзіцячыя яслі-садок — 230 месцаў.

Трохпавярховы будынак навучальнай установы ўключае: пачатковыя класы (навучальныя і гульнявыя пакоі, спальныя і гардэробныя памяшканні); 5–11 класы (навучальныя класы, лабараторыі фізікі, хіміі і біялогіі, лінгафонныя кабінеты, кабінеты інфарматыкі, дапрызыўнай падрыхтоўкі, студыя мадэлявання, студыя харэаграфіі, цэнтр патрыятычнага выхавання); бібліятэку з чытальнай залай; актавую залу; спартыўныя залы (гульнявую, гімнастычную), трэнажорныя залы, басейн (чатыры дарожкі); майстэрні па апрацоўцы тканін, металу і дрэва, кабінет кулінарыі; кабінет урача з працэдурным пакоем, фізіятэрапеўтычны кабінет, інгаляторый; абедзенная зала на 240 пасадачных месцаў.

У новай школе будуць працаваць 69 педагагічных работнікаў, 63 чалавекі тэхперсаналу, два медработнікі. Школа прымае вучняў з мікрараёнаў вёсак Бараўляны, Копішча, Валяр’янава, Драздова і пасёлка Вопытны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?