Раса Юкнявічэне расказала, як яна стала палітыкам, чаму не хоча быць прэзідэнтам і ці складана быць міністрам абароны.

Міністр абароны Літвы Раса Юкнявічэне не на службе.

Міністр абароны Літвы Раса Юкнявічэне не на службе.

…З такім міністрам абароны гутарыў бы і гутарыў. Абаяльная, прыгожая, дасціпная, элегантная. У размове з ёй не пачуеш шаблонных салдафонскіх выслоўяў кшталту «тыл Узброеных сілаў з’яўляецца складовай часткай Узброеных сілаў і ўяўляе сабой сукупнасць сіл і сродкаў, прызначаных для тылавога і, па службах тылу, тэхнічнага забяспечання войскаў». Адным словам, паразмаўляць можна было на самыя разнастайныя тэмы. Пагатоў нефармальная абстаноўка дазваляла міністру абароны пагутарыць з беларускімі журналістамі.

— Сама я родам з Паўночнай Літвы, — пачала суразмоўніца. — Ёсць такая вёска ў Панявежыскім раёне, дзе і цяпер жывуць мае бацькі. Дарэчы, увесь гадавы адпачынак там і правяла. Займалася агуркамі, памідорамі… У вёсцы так добра без палітыкі! Так прыемна адпачыць ад штодзённай працы і ўсяго таго, чым жывеш цэлы год. Але адпачынак скончыўся — ураду час за працу.

— Вы даўно ў палітыцы?

— Можна сказаць, з 1988. З таго самага часу, калі ў Літве паўстаў рух за незалежнасць краіны «Саюдзіс». Я ўступіла на шлях палітыка, хаця да гэтага працавала дзіцячым доктарам, і з тых часоў у мяне была толькі адна думка — зрабіць так, каб Літва стала свабоднай і незалежнай. Трэба было не прапусціць гэты шанец, калі Савецкі Саюз ужо разбураўся. У 1990 годзе ўпершыню ўдзельнічала ў выбарах у парламент і перамагла. Як мне здаецца, выбары тады былі больш свабоднымі, чым цяпер. Не было яшчэ вялікіх грошай, не было бізнэсу, які хацеў бы ўплываць на палітыку. Дарэчы, на выбарах я канкуравала з шасцю мужчынамі-кандыдатамі, але людзі прагаласавалі за мяне. І, вы ведаеце, мне тады было лёгка гэта зрабіць. Таму цяпер, калі мяне пытаюцца, не ці цяжка прыгожай палове чалавецтва ў палітыцы, я заўсёды кажу, што, напэўна, жанчыне значна цяжэй у чатыры гадзіны раніцы падмятаць вуліцы, але ніхто яе пра гэта не пытаецца… А мой лёс ужо тады быў перадвызначаны. У 1996 я зноў была абраная ў парламент, але гэта быў ужо абдуманы крок. Вырашыла пайсці ў Камітэт па нацыянальнай бяспецы і абароне, таму што разумела — без падмурку бяспекі мы не пабудуем дзяржавы з заходнімі каштоўнасцямі і дэмакратыяй. І сяброўства ў НАТО для мяне было як бы новай мэтай. Пазней мяне запрасілі на пасаду міністра абароны.

— У свой час Вы кіравалі ў парламенце групай, якая займалася сувязямі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі…

— Так, я ведаю многіх вашых апазіцыйных лідараў. З многімі працавалі на парламенцкім узроўні. Але цяпер, калі мы бачым сітуацыю ў Расіі і калі кажуць, што Беларусь — дыктатарская дзяржава, я не пагаджаюся з гэтым. Нават калі глядзець на Расію, я не магла б сказаць, што гэта дэмакратычная дзяржава. Мне здаецца, што там вельмі шмат праблем з дэмакратыяй, а для Літвы вельмі важна, каб Беларусь засталася Беларуссю. Каб краіна была на карце Еўропы, а не зрабілася часткай нейкай новай імперыі. Таму хацелася б, каб Беларусь паварочвалася да Захаду і НАТО. А значыць, мы павінныя працаваць не толькі з апазіцыяй, але і з уладнымі структурамі. Трэба мець як мага больш сувязяў, якія змянілі б сітуацыю ў будучыні. Напрыклад, беларускія вайскоўцы ў нашай Вайсковай акадэміі вывучаюць ангельскую мову. Гэта добра ці дрэнна? Гэта, як кажуць, супрацоўніцтва з рэжымам ці не? Так, у нейкай ступені супрацоўніцтва. Але, на мой погляд, калі ў Беларусі будуць ведаць, што Літва, якая ўваходзіць у НАТО, не з’яўляецца ворагам, то, можа, і не будзе беларуска-расійскіх вучэнняў тыпу «Захад-2010». Дарэчы, днямі я атрымала вестку, што міністр абароны Беларусі ў кастрычніку рыхтуецца прыехаць з візітам у Літву. І гэта будзе таксама яшчэ адзін крок да супрацоўніцтва.

— Вы думаеце, што на ўзроўні сілавых міністэрстваў магчыма наладзіць нейкі кантакт і змяніць сітуацыю?

— Я не такі наіўны чалавек, каб думаць, што адна сустрэча можа змяніць сітуацыю. Але паспрабаваць трэба. Мы ж суседзі, у нас шмат агульнага ў галіне абароны. Так што само жыццё будзе змушаць падтрымліваць кантакты. Іншая справа, што гэта было цалкам немагчыма, пакуль у структуры Мінабароны Беларусі працаваў сумнавядомы генерал Усхопчык. Гэты чалавек у ліку іншых адказны за тое, што адбылося падчас трагедыі ў студзені 1991, калі ён кіраваў Віленскім гарнізонам. Калі памятаеце, вайскоўцам аддалі загад страляць, было шмат ахвяраў сярод мірных грамадзян. Але цяпер, калі Усхопчык ужо не працуе ў міністэрстве, калі яго дапытала Генпракуратура Беларусі, — гэта ўжо крок наперад.

— Якія, на Ваш погляд, перспектывы ўступлення Беларусі ў НАТО?

— Мы б гэтага хацелі, але, напэўна, у вашых людзей засталіся яшчэ старыя савецкія стэрэатыпы. Маўляў, НАТО — гэта такі агрэсар, які пастаянна пагражае Беларусі, Украіне… Але ўсё зусім наадварот. НАТО супраць узброеных канфліктаў і агрэсіі.

Давайце ўзгадаем, што адбывалася ў былой Югаславіі, пакуль туды не прыйшлі войскі НАТО. І цяпер там людзі жывуць у міры. Так што калі б Беларусь стала сябрам НАТО і Еўрасаюза (калі я дачакаюся гэтага моманту), я была б не менш шчаслівая, чым тады, калі Літва стала незалежнай. Таму што гэта і наш інтарэс таксама. Мы не хочам межаў.

— Спадарыня Юкнявічэне, ці не цяжка жанчыне працаваць, скажам так, у мужчынскім ведамстве?

— Я думаю, што ў нас жанчыны яшчэ будуць генераламі. Але жанчына ў войску — гэта нармальная сітуацыя. А лёгка ці не… Паўсюль свае цяжкасці.

— Як вы выбіраеце «форму адзення» на працу? У залежнасці ад настрою?

— У залежнасці ад таго, што запланавана на гэты дзень па пратаколе. І ведаеце, на гэтай пасадзе ў мяне на адзенне сыходзіць значна больш грошай, чым тады, калі я працавала ў парламенце.

— Самі ходзіце па крамах?

— На гэта часу няма, таму шыю на замову. У гэтым мне дапамагае мадэльер.

— Як сям’я паставілася да Вашай пасады?

— Спакойна. Як ужо казала, у палітыцы я даўно, так што блізкія мяне нават падтрымалі.

— Колькі часу застаецца на сям’ю?

— Вось нядаўна адпачынак быў добры. На выходныя таксама люблю паехаць у сваю вёску. Гэта адзінае месца, дзе я адпачываю. Там я не «на сцэне», а такая, якая ёсць. Там я шмат працую, займаюся тым, чым займаюцца ўсе жанчыны. Гатую абеды, вячэры, прыязджаюць сем’і маіх братоў… Мы намагаемся прытрымлівацца сямейных традыцый.

— З падначаленымі і мужам паводзіцеся аднолькава?

— Па вялікім рахунку з новай пасадай ува мне нічога не памянялася. Тым больш што разумею — усе гэтыя пасады часовыя. А таму ў першую чаргу трэба заставацца чалавекам.

— Мужчыны дастаткова раўніва ставяцца да таго, што жонка дасягае большага, чым яны…

— У нас няма праблем у гэтым пытанні. Муж сам быў чальцом парламента, і, хоць цяпер працуе ў адвакатуры, з гэтай нагоды спрэчак няма. Вось учора я прыйшла дадому, і мы разам закатвалі памідоры на зіму. Адвакат і міністр абароны…

— Жанчыны бываюць вельмі эмацыйнымі. На Вашых падначаленых гэта не адбіваецца?

— Такое здаралася, можа, адзін ці два разы. Але стараюся трымаць сябе ў руках і спакойна глядзець на ўсе праблемы. Больш за тое, нават супакойваюць тых, у каго эмоцыі б’юць праз край.

— Вам дораць кветкі на працы?

— Я люблю жывыя кветкі. Тыя, што растуць, а не якія потым давядзецца выкідваць. Мне іх заўсёды вельмі шкада. Хоць на дзень нараджэння букеты дораць.

— Ёсць такое выказванне: «Кепскі той салдат, які не марыць стаць генералам». Можа, міністр абароны марыць стаць прэзідэнтам?

— Ні-ко-лі! Бо ў гэтым выпадку да мяне прыставілі б пастаянную ахову. А значыць, я не змагла б спакойна паехаць і адпачыць у сваёй вёсцы…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?