У галерэі «Падземка» (Незалежнасці, 43) адкрываецца кнігарня выдавецтва «Галіяфы». Паводле апошніх трэндаў, тое будзе не проста месца, дзе прадаюць кнігі: у кнігарні таксама будуць адбывацца прэзентацыі новых выданняў, аўтограф-сесіі, чытанні ды іншыя літаратурныя імпрэзы. Штопанядзелак будзе засядаць літаб'яднанне «Вобла».

У цэнтры горада ўжо ёсць такія шматфункцыянальныя «кнігарні+»: «Кніжны салон» ля Батанічнага саду і «Кнігарня Ў» ля плошчы Перамогі. Ці не баіцца новае прадпрыемства канкурэнцыі з іх боку?

— Не бачу ніякай канкурэнцыі, бо ў Беларусі няма пакуль што сапраўднага арт-рынку, — кажа Зміцер Вішнёў, паэт і адзін з кіраўнікоў выдавецтва «Галіяфы». — Наадварот: мы актыўна супрацоўнічаем з іншымі галерэямі, каб не было накладак і паўтораў. У дадатак, у новую кнігарню мы будзем браць на рэалізацыю кнігі іншых выдавецтваў, а не толькі «галіяфаўскія» выданні. Таму мы хутчэй не канкуруем, а дапаўняем адна адную.

Новая кнігарня будзе гандляваць кнігамі як незалежных, так і дзяржаўных выдавецтваў: кнігі выдавецтваў «Радыёла плюс», «Колас», «Белтонмедыя», «Медысонт» тут стаяць побач з асобнікамі, што пабачылі свет у «Мастацкай літаратуры» і выдавецтве «ЛіМа»

— У ідэале «Галіяфы» хацелі б адкрыць асобны арт-цэнтр: з выставачным цэнтрам, дзе творчыя людзі маглі б сустрэцца з публікай ідно з адным, — дадае Вішнёў. — А пакуль акрамя камерцыйнай дзейнасці будзем ладзіць у «Падземцы» майстар-класы. У найбліжэйшых планах — сустрэчы з вядомымі літаратарамі Юрасём Пацюпам, Анатолем Івашчанкам, Валянцінам Акудовічам і Уладзімірам Арловым. Яны маюць не толькі прачытаць свае творы, але і прааналізаваць напісанае пачаткоўцамі.

Дадамо, што 1 верасня адбудзецца ўрачыстае адкрыццё кнігарні выдавецтва «Галіяфы». У імпрэзе возьмуць удзел Зміцер Вішнёў, Уладзімір Гніламёдаў, Ігар Жалткоў, Вольга Гапеева, Зміцер Плян, Ярыла Пшанічны, Серж Мінскевіч, Віктар Жыбуль, Вера Бурлак, Сяргей Календа, Аляксей Талстоў. Пачатак а 18-й. Уваход вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?