Свабода. Папулярнае й у той жа момант супярэчлівае паняцьце ў сучасным сьвеце. Для адных свабода – гэта свабода дзеяньня, якая то мяжуе, то перасякаецца з усёдазволенасьцю, для другіх свабода – магчымасьць бесьперашкодна несьці праўду, а для іншых – пусты гук, а значка «За свабоду» на адзежы ёсьць проста моднай фішкаю.

Дык што ж такое свабода? Ці існуе ў нас, людзей, што адстойваюць прынцыпы дэмакратыі й справядлівасьці, адзінае й правільнае разуменьне свабоды, якую мы імкнемся зрабіць падмуркам справядлівай і законнай Беларусі. Бо калі разуменьне нашае няправільнае, дык такім жа будзе й падмурак, а на няправільным падмурку можна пабудаваць толькі хісткі й нетрывалы дом, у якім мы наўрад ці знойдзем парадак і дабрабыт.

Каб асягнуць сапраўднае значэньне гэтай, так дарагой многім з нас, каштоўнасьці, трэба перш-наперш адказаць на пытаньне: «Хто дае свабоду асобе й нацыям?» – Урад? Парлямэнт? Прэзыдэнт? Некаторыя могуць пагадзіцца з тым, што нейкі дзяржаўны інстытут зь пералічаных вышэй сапраўды забясьпечвае людзей свабодаю. У такім разе той, хто дае вам свабоду, так жа проста можа забраць яе ў вас.

Менавіта таму нацыі, каторыя вераць, што свабода ідзе ад партыяў і правадыроў, так ціха й пакорліва пагаджаюцца са зьнішчэньнем любых праяваў іншадумства.

Але, я думаю, мала хто пагодзіцца з такой лёгікаю. Тады мы мусім прыйсьці да разуменьня, што свабода даецца нам ня Ўрадам, Прэзыдэнтам, альбо Палатаю прадстаўнікоў Беларусі ці Злучаных Штатаў Амэрыкі. Свабода – Божы падарунак, дадзены кожнаму з нас ад нараджэньня, а дзяржаўныя інстытуты мусяць толькі выступаць гарантам непарушнасьці гэтага прынцыпу.

І калі свабода ёсьць Божым дабраславеньнем, дык давайце паспрабуем прасякнуцца Біблейскім разуменьнем гэтага паняцьця.

У другім пасланьні да Карынфянаў Апостал Павал піша: «Гасподзь ёсьць Дух, а дзе Дух Гасподні, там свабода» (2 Кар 3:17). Згодна з гэтым Словам, свабоднымі могуць быць толькі тыя асобы й нацыі, сярод якіх жыве Дух Гасподні.

У Беларусі многія дэмакраты на гэтае могуць сказаць: «Безумоўна, Гасподзь сярод нас, бо мы вядзем барацьбу са злом, з паднятымі з руінаў ідэалёгіямі ленінізму й сталінізму» і г.д. І ў прынцыпе я сам нейкі час прытрымліваўся гэтае тэорыі – калі ты супраць д’ябла, дык за табою Бог.

Але неяк аналізуючы вышэйзгаданую філязофію, я нарэшце ўбачыў (хаця раней і чытаў шмат разоў) 13–16 вершы 19 разьдзелу Дзеяў Апосталаў:

13. Нават некаторыя вандроўныя заклінальнікі Юдэйскія пачалі заклікаць імя Госпада Ісуса над тымі, што былі апанаваныя злымі духамі, кажучы: заклінаем вас Ісусам, Якога Павал прапаведуе.

14. Гэта рабілі нейкія сем сыноў Юдэйскага першасьвятара Скевы.

15. Але злы дух сказаў у адказ: Ісуса ведаю, і Павал мне вядомы, а вы хто?

16. І кінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, адолеўшы іх, узяў над імі такую сілу, што яны, голыя і пабітыя, выбеглі з таго дома.

Сапраўды, урывак гэты шмат чаму нас вучыць – калі Госпада няма ў нашых сэрцах, калі мы ў сваім жыцьці кіруемся ня Божымі Запаветамі, дык можна колькі заўгодна пісаць на сваіх штандарах «З намі Бог!», але вынік нас чакае адзін:

16. І кінуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, адолеўшы іх, узяў над імі такую сілу, што яны, голыя і пабітыя, выбеглі з таго дома.

Таму, каб у нашым жыцьці й нашай дзейнасьці прысутнічала й зьдзяйсьнялася Божая Воля, мы мусім жыць згодна зь Ягоным Словам. Як напісана: «Калі вы застанецеся ў слове Маім, вы сапраўды мае вучні, і спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі» (Дабравесьце паводле Яна 8:31–32).

31. Тады сказаў Ісус да тых Юдэяў, што ўверавалі ў Яго: калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісьціне Мае вучні.

32. І спазнаеце праўду, і праўда зробіць вас свабоднымі.

Некаторыя мне кажуць: «Дашкевіч, ты ідэаліст, Усе людзі грэшныя, і мы ў сваёй дзейнасьці мусім сыходзіць з гэтага, а ты цягнеш нас у нейкую рэлігію».

Усё правільна – я ідэаліст. Усё правільна – людзі грэшныя. Але гэта не азначае, што яны ня могуць перамяняць сваё жыцьцё!

І я прапаведую не рэлігію, а жывое Божае Слова й рэальныя рэчы, празь якія прайшоў сам! Я піў, гадоў сем паліў і рабіў шмат іншых непрыстойных справаў, але служэньне Духоўнаму Адраджэньню Беларусі мяне перамяніла. І я кожны дзень бачу, як Ісус перамяняе тых, хто побач са мною! Я бачу, як моладзь дастае жалеза з вуснаў і носу, адмаўляецца ад гарэлкі, піва, цыгарэтаў; а перамяніўшы сябе, нясе Слова Праўды іншым. Вось яно – сапраўднае Адраджэньне Беларусі! Якое пачынаецца ня недзе там, у агітацыйных матэрыялах партыяў, а ў нашай душы, калі хлопец ці дзяўчына вырашаюць: піва й блуд – гэта не для мяне, бо Божы плян для майго жыцьця й маёй краіны іншы.

І менавіта гэтая, адроджаная моладзь, будзе сапраўдным трывалым падмуркам моцнай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі! Менавіта яна будзе фармаваць аблічча нашай зямлі праз 10–20 гадоў, калі аб сучасным рэжыме застануцца толькі згадкі. І ад таго, якою будзе моладзь сёньня (то бок мы з вамі), залежыць тое, якою будзе празь некалькі гадоў нашая Бацькаўшчына.

Менавіта таму, мы мусім гранічна ясна ўсьвядоміць гэтую ісьціну – да Нацыянальнага Адраджэньня праз адраджэньне нашай душы! Да справядлівых законаў і дэмакратычнай Беларусі праз Справядлівы Закон, што мусіць быць напісаны ў сэрцы кожнага з нас!

Толькі тады мы можам разьлічваць на Божую падтрымку й перамогу нашае справы! Толькі тады мы можам стацца сапраўды свабоднымі! Нават калі нехта з нас апынецца ў няволі фізычнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?