Што новага здаралася ў тых самых мясьцінах Вялейшчыны й Пастаўшчыны 100 гадоў таму і ў 2006 годзе? Пішуць Мікола і Ўсевалад Сьцебуракі.

I

Хаценчыцы, Вялейскага вуезду.

На другім тыдні вялікага посту выйшла такое здарэньне. Ішоў п’яны лясьнік Трусавіцкага лесу і ўвідзеў, што мужыкі насеклі воз ляшчыньніку. Ён адабраў сякеру і расьсек каню морду. Нарабілі крыку. Наляцела болей мужыкоў і моцна патармасілі лесьніка. Цяпер завёўся суд.

С.Маласаў. 1907. №14

Вёска Хаценчыцы, Вялейскага раёну.

Стары пайшоў ранкам з хаты да хмызьняку нарубіць лазы на кашы. Няўдала пасьлізнуўся і ўпаў, зламаўшы нагу пры самае дарозе. Праляжаў на самоце цэлы сьветлы дзень. Глядзеў з пагорку на сваю колісь шматлюдную вёску, чакаючы дапамогі. Ледзь не замерз на сьмерць. Ніхто на бальшаку не зьявіўся за ўвесь дзень, толькі надвячоркам выпадкам дарогаю праехала адзіная машына заблукалага менчука. Ён і завёз дзеда да шпіталю.

Наш час

ІІ

Мястэчка Дунілавічы, Вялейскага павету.

У нас і вакруг мястэчка надта цёмны народ... Граматных зусім мала, дый ня маюць звычаю чытаць. А купіць якую кніжку ці газэту – і не кажы!.. Лепш астатнюю мерку жыта за гарэлку аддадуць...

М.Шпэктар. 1907. №25

Мястэчка Дунілавічы, Пастаўскага раёну.

Каля газэтнага шапіка сустрэліся дзьве кабеты. Адна папытала ў гандляра «Крымінальны агляд», а другая сказала, што ёй больш даспадобы «Прыватны дэтэктыў». Ні адна з аматарак чытва за жыцьцё, мусіць, не наведала сапраўднае кнігарні і тым больш не набыла аніводнае беларускае кніжкі. А тым часам надоечы ў райцэнтры адсьвяткавалі Дзень беларускага пісьменства.

Наш час

ІІІ

Мястэчка Лебедзева, Вялейскага павету.

Нядаўна ў маёнтку «Малінаўшчызна» да пана Сьветажэцкага прыйшло жаць нешта каля дзьвюх сотняў баб. Да таго дня ім плацілі па тры злоты ў дзень, а цяпер ім сказалі, што памешчык дасьць ім толькі па 40 кап. Бабы не згадзіліся жаць за 40 кап., пайшлі ўсе дахаты...

«Крыўда». 1907. №26

Вялейскі раён.

У раёне цяпер толькі 2–3 моцныя гаспадаркі, дзе людзі маюць прыстойныя заробкі. У астатніх працуюць як за прыгонам, амаль за так. Асабліва ўзімку, калі атрымліваюць гатоўкай па 50–60 тыс. рублёў. І саміх працаздольных на вёсцы становіцца ўсё меней. Так, у СПК імя Суворава засталося толькі 96 працаўнікоў. Перабіваюцца за кошт сваіх уласных гаспадарак і таго, што здолеюць скрасьці ў дзяржавы. Нясуць з поля бульбу, капусту, моркву, а з фэрмаў – камбікорм. З таго і жывуць.

Наш час

IV

Краснае, Вялейскага павету.

Здаўна ў нас у мястэчку кожны год спраўляюць 23 юня вечарам старадаўную Купалу. Зьбіраюцца хлопцы, дзяўчаты, маладзіцы, усе ідуць дзе-небудзь на гару альбо на сенажаць і раскладваюць агонь, пяюць песьні, іграюць на гармоніках, скрыпках і на чым хто ўмее, скачуць праз агонь, танцуюць; адным словам, весяляцца, чым і як хто хоча.

«Не вучыцель». 1909. №27.

Вялейка.

І цяпер сьвята Купальле не забылася. Народ паціху, але шчыра напіваецца ўжо з гадзін шасьці вечара. І падцягваецца да Вяльлі паліць нарыхтаваныя загадзя па сьметніках непрыдатныя колы. Бывае, іншыя між сабой спаборнічаюць, хто большае вогнішча зладзіць. Аднойчы хлапцы не паленаваліся сьцягнуць 80 колаў – чад і смурод стаяў пасьля тры дні. Ахвочыя да прысмакаў выстройваюцца ў доўгія чэргі да імправізаваных крамак і, набыўшы патрэбнае, валяцца пад бліжэйшае кустоўе, каб спажыць напой у кампаніі іншых аматараў старадаўняга сьвята. Не забываюцца і на музыку – велізарныя калёнкі зь мясцовага ДК равуць, перашкаджаючы спаць месьцічам аж да трох гадзін ночы.

Наш час

V

Мястэчка Лебедзева, Вялейскага павету.

У нашым мястэчку за апошні час пачало вельмі шырыцца п’янства. Праўды, што і даўней нашы мужыкі ад гарэлкі не адракаліся, але ж цяпер дык так п’юць, як ніколі не бывала. Бо ж і выгода для п’янюг настала: настроілі тутака новы «тракцір» і тры «піўныя лаўкі»... Ёсьць гдзе разгуляцца: мужык астатнюю капейку цягне з хаты, кідаючы дзяцей і жонку галоднымі, і прапівае; а п’яны лезе з кожным біцца ды варочаецца дамой з разьбітай галавой, акрываўлены...

І.С.-Д. 1907. №34

Вёска Хадасы, Вялейскага раёну.

У вёсцы суцэльнае п’янства нават стварыла новую сацыяльную групу мясцовага грамадзтва. Фэномэн атрымаў назву «хадасоўскія жаніхі». Гэта мужчынскае насельніцтва недзе ад 28 да 45 год, якое праз сваю ахвоту да чаркі ня мае сям’і і жыве ці аднаасобна, ці пры сваіх старых матулях. Яны купкамі соўгаюцца па вёсцы, і пазнаць іх няцяжка нават здалёк па хадзе, бо і цьвярозыя яны кепска ладзяць з адпітымі ўшчэнт нагамі. Большасьць зь іх некалі мелі жонак і нарадзілі колькі дзетак, але жанкі здолелі іх трываць 5, а іншы раз 10 год і павыганялі прэч. У большасьці «жаніхі» ня маюць сталае працы і перабіваюцца выпадковымі заробкамі і крадзяжом. Таксама адбіраюць матульчыны пэнсіі, чынячы гвалт над старымі. Гаспадарак не вядуць, а толькі прапіваюць усё разам і з самой хатай уключна. Дажываюць такія небаракі па разваленых лазьнях ці закінутых хатах, дзе сьпяць на саломе. Часам гараць ад недапаленай цыгаркі ці калеюць на сьмерць у зімовыя маразы.

Наш час

VI

Мястэчка Парафіянава, Вілейскага павету.

Каля нас зьявіліся нейкія нязнаемыя людзі, што радзяць мужыком ехаць на заработкі ў Сыцылію (у Італіі)... Гэтыя агенты паказваюць пазваленьне ад начальства і кажуць, што іх тутака прыслала нейкая хэўра нямецкая. Яны даюць на першы погляд быццам і добрую цэну – 40 руб. у месяц, кантрактуючы адразу на паўгоду... Сьцеражыцеся, мужыкі, бо пасьля вінаваціць будзеце самі сябе! Гэтакія прыклады ўжо ня раз бывалі. Нядаўна ў Галіцыю таксама прыехалі нейкія агенты і павязьлі мужыкоў-палякоў у Бразылію, абяцаўшы добрыя заработкі пры будове чыгункі. Але, як прышло што да чаго, дык тыя мужыкі ня толькі нічога не зарабілі, але яшчэ і галадалі...

Пятрок Праўдурэж. 1909. №12

Вялейка.

Штогод людзі рознага веку з нашага гораду выпраўляюцца на заробкі ў замежжа. І за акіян – у ЗША, і бліжэй па Эўропе – у якую Англію. Наймаюцца на некваліфікаваныя гаспадарчыя працы па ўборцы клубніцаў у Швэцыі і гэтак далей. Ад’яжджаюць у большасьці без надзейных гарантый, толькі спадзеючыся на шчасьлівы выпадак. На чужыне часта церпяць крыўды і нястачу, бо падмануць такіх ня надта дасьведчаных працаўнікоў лёгка. А найбольш непрадказальныя і небясьпечныя заробкі ў суседняе Расеі, дзе надараецца ня толькі дробная хлусьня, але і адкрытае рабаўніцтва. І болей за тое, некаторыя бедакі вяртаюцца адтуль дадому ў трунах ці наагул зьнікаюць бязь зьвестак у якой Маскве, і гадамі сваякі ня ведаюць пра іх лёс.

Наш час

VII

З гуты «Залесьсе» (ад уласнага карэспандэнта).

Нядаўна мне прыйшлося пабываць у тутэйшай гуце «Залесьсе», каторую завуць яшчэ Ільскай... Заработкі гутнікаў болей-меней такія бываюць: майстра бярэ паштучна і выганяе ў месяц руб. 35–50 – як каторы; памочнікі майстра бяруць падзённа 50–80 кап., адносчыкі. Формаўшчыкі (што ціскаюць форму) зарабляюць 15–20 кап. у дзень... Як бачым, найболей зарабляюць майстры, але калі ўзяць пад увагу, колькі такая праца вымае духу і ўкарачвае веку... дык тая аплата зусім малая. Але і пры ёй можна было б як-колечы жыць... каб адміністрацыя была б крышку акуратнейшай і зьвяртала ўвагу на людзей, што для яе карысьці працуюць...

P.S. Працуе ў гуце больш як 300 чалавек.

Ня-Гутнік. 1911. №31–32

Пасёлак Партызанскі (былая гута «Залесьсе»), Вялейскі раён.

Ужо некалькі год гута зусім не працуе. Адпаведна ўсе яе працаўнікі засталіся бяз сродкаў да існаваньня. Колькі ўрадавых камісій ні прыяжджала, а дапамогі ніякай так і не было. Ня ўзяўся за аднаўленьне прадпрыемства і інвэстар, што неяк наведваў Залесьсе. Жыхары зарабляюць як хто можа: частка мужыкоў працуе на невялікім тартаку, некалькі дзясяткаў жанчын штодзень езьдзяць пад Менск на нейкае прадпрыемства чысьціць і парадкаваць рыбу, а бальшыня перабіваецца з таго, што трымае ўласныя гаспадаркі ды ўсё лета зьбірае па лясох грыбы зь ягадамі. Пасьля з кошыкамі і вёдрамі стаяць яны абапал дарог, каб што прадаць і выручыць капейчыну. Людзі страцілі ўсе надзеі на лепшае.

Наш час

VIII

Мястэчка Радашкавічы, Вялейскага павету.

Як даведалась рэдакцыя, адкрываецца скора Прыходзкае вучылішча з двумя клясамі. На гэта з казны будзе ісьці па 1470 руб. штогод. Будуць два вучыцелі; поп і ксёндз будуць навучаць рэлігіі; рэлігіі вучыцца могуць дзеці ў сваёй роднай мове... хто скончыць прыходзкае, таго будуць прымаць у першы кляс гарадзкога вучылішча, каторае мае таксама адкрыцца...

Я.Птушка. 1907. №28

Вялейскі раён.

У раёне штогод закрываецца па некалькі школ у сельскае мясцовасьці. Зь сярэдніх робяць няпоўныя базавыя, а то і пакідаюць толькі пачатковыя. Няма на іх ні настаўнікаў, ні дзяцей, ні грошай на належнае падтрыманьне працы. Будынкі школаў, садкоў і бібліятэк стаяць забітыя наглуха цьвікамі. Каб неяк укамплектаваць астатнія, ўлады выдаткавалі фінансаў на школьныя аўтобусы, што звозяць настаўнікаў і малых з 10–15 навакольных вёсак ў адну незакрытую школу. У Хаценчыцах быў выпадак, як узімку зламаўся такі аўтобус, і настаўнікі ўжо не чакалі вучняў на заняткі, бо было дужа зімна, шмат сьнегу ды і адлегласьць не малая. Было дзіва, калі, хаця і са спазьненьнем, але амаль усе дзеці (74 чалавекі, прычым 11 з аднае сям’і) дабраліся ў школу сваёй хадой. Матывам жа такога ўчынку было жаданьне дзяцей трапіць на гарачы школьны абед, бо ў бацькоў, што ня маюць працы ды моцна п’юць, апроч бульбы ды капусты нічога няма, а тут на дэсэрт яшчэ давалі й цытрыну.

Наш час

IX

Мястэчка Даўгінава, Вялейскага павету.

...Цяпер пабудавалі піваварню ў нас у мястэчку. Той, хто будаваў піваварню, хоча зрабіць канкурэнцыю віленскай і докшыцкай піваварням дый разбагацець на гэтым...

В.Сос-кі. 1910. №41

Мястэчка Даўгінава, Вялейскага павету.

Вульф Сосенскі залажыў вялікую швальню і вучылішча кравецтва, – прыймае ўчанікоў, вучыць англіцкай і нямецкай рабоце. Скончыўшым у яго навуку выдаецца сьвядэцтва.

1910. №16–17

Мястэчка Даўгінава, Вялейскага павету.

Летась Юдка-шавец, можна сказаць, галава на ўсё мястэчка, намовіў мяшчан, каб зрабілі бойню. Падалі прашэньне губэрнатару; сёлета прыйшло ўжо пазваленьне...

В.С-кі. 1910. № 31

Мястэчка Даўгінава, Вялейскага павету.

...У прошлым гаду адкрылася ў нас і кнігарня... Глыбоцкі жыд, каторы прывёз з Амэрыкі, як кажуць, больш за 10 тысяч грошай, прыехаў у Даўгінава і будуе тут фабрыку ўсялякага печыва. Цяпер ужо муруюць печ...

В.Сос-скі. 1910. №4

Даўгінава, Вялейскага раёну.

На наш час нічым Даўгінава не прырастае. У больніцы колькасьць ложкаў паменела ўдвая, моладзь зьбягае ў горад. Няма ня тое што свайго піва ці печыва, але і хлеб завозяць здалёк. Шкада, што дзяржава замест таго, каб падтрымаць прадпрымальніцтва і прыватную ініцыятыву, якія маюць тут гэткія слаўныя традыцыі, і тым самым вярнуць жыцьцё мястэчку, адбудавала паводле разнарадкі сумнеўна патрэбны аграгарадок.

Наш час

X

Мястэчка Даўгінава, Вялейскага павету.

Даўно ўжо не было ў нашым мястэчку такога кірмашу (7 мая), як сёлета. Таргавалі добра, а найбольш манаполькі. Торг скончыўся: стражнікі і ўраднікі гарцавалі па вуліцах і выпраўлялі гуляк дахаты «па-добраму». У мужыка Гайлы – зь вёскі Субачы, укралі зэгарэк за 18 руб. Цяпер і без зэгарка ён будзе добра помніць гэту гадзіну...

В.С-кі

Вялейка.

Кірмашы хай сабе і ня колішнія, але ж і мы цяпер маем. Гандаль ідзе, і чарку пры ім узяць можна. А што да бяды спадара Гайлы (дарэчы, нашага далёкага сваяка), то можам адно сказаць, што і мы мелі нядаўна падобную непрыемнасьць: з-пад акна белым днём скралі ў нас добры ровар памаранчавага колеру. Жыцьцё ідзе!

Наш час

Адказвалі карэспандэнтам «НН» стогадовае даўніны Сьцебуракі Мікола і Ўсевалад

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0