Беларуска-Амерыканскі грамадскі цэнтр у Саўт-Рыверы, штат Нью-Джэрсі (США), гасцінна прыняў удзельнікаў 29-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая доўжылася два дні — 4 і 5 верасня.

На першым плане Івонка Сурвілла і Янка Запруднік.

На першым плане Івонка Сурвілла і Янка Запруднік.

Янка Запруднік, Надзея Запруднік і Марына Яўсейчык.

Янка Запруднік, Надзея Запруднік і Марына Яўсейчык.

Гэтая традыцыйная сустрэча ладзіцца раз на два гады ў ЗША альбо Канадзе. У гэтым годзе яе арганізатарамі з’яўляліся Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне (БАЗА) і Беларуска-Амерыканскі грамадскі цэнтр у Саўт Рыверы. У склад аргкамітэта, які дапамагаў у арганізацыі сустрэчы, уваходзілі кіраўнікі Цэнтра: Юры Арцішэнка, Юры Навумчык. Таксама сябры Галоўнай Управы БАЗА: Вячка Станкевіч, Ала Орса-Романа, Валеры Дворнік, і ад аддзелу БАЗА ў Нью-Джэрсі намеснік старшыні — Віталь Алісіёнак і Ала Кузьміцкая.

Беларусы сабраліся разам дзеля кансалідацыі сваёй грамады, абмеркавання надзённых праблемаў жыцця беларускай эміграцыі. Гэтыя Сустрэчы праводзяцца з верасня 1952 года. Сёлетняе мерапрыемства аб’яднала каля ста пяцідзесяці беларусаў. На фармальнай частцы прысутнічала амаль дзвесце чалавек! У Саўт-Рывер з’ехаліся беларусы з розных штатаў ЗША: Каліфорніі, Мічыгана, Агайо, Пенсільваніі, Дэлавера, Мінесоты, Нью-Джэрсі, Нью-Ёрка, Вашынгтона — сталіцы ЗША, а таксама з канадскіх правінцый Квебек (Атава), Антарыо (Таронта), Брытанская Калумбія (Ванкувер).

У памяшканні грамадскага цэнтра былі разгорнуты гістарычна-інфармацыйныя стэнды, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння паэткі Ларысы Геніюш і 100-годдзю выдання Вацлавам Ластоўскім «Кароткай гісторыі Беларусі».
Тут жа была арганізавана выстава мастацкіх твораў Івонкі Сурвіллы, Ірыны Варабей, фотаздымкаў Алекса Сільвановіча, Славіка Вініцкага ды іншых. Таксама госці мелі магчымасць пазнаёміцца з інфармацыйнай выставай Цэнтра Беларускіх Даследаванняў у Канзасе. На двары прайшоў кірмаш, на якім можна было набыць кнігі, музычныя дыскі, сувеніры, партрэты, выкананыя маладой мастачкаю Ксеніяй Капытка. Гаспадары частавалі гасцей смажаным салам і кіяхамі. Добры настрой гасцям стварала сям’я Дзямешчыкаў. Менавіта пад іх музыку і спевы праходзілі ўсе забаўкі. Увогуле, у першы дзень была неафіцыйная сяброўская сустрэча. Беларусы гуртам спявалі песні, ладзілі пікнікі, а ўвечары балявалі і танчылі да паўночы.

На другі дзень, 5 верасня, бальшыня гасцей наведалі набажэнствы ў беларускай царкве імя Святой Еўфрасінні Полацкай, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларуска-Амерыканскага грамадскага цэнтра ў Саўт Рыверы, службу ў якой праводзіў мясцовы святар айцец Міхаіл. Таксама госці наведалі набажэнствы ў царкве, што знаходзіцца ў Гайленд Парку, там службу праводзіў Уладыка Святаслаў, япіскап Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі.

Апоўдні адбылося афіцыйнае адкрыццё Сустрэчы. Пасля ўступнага слова старшыні Галоўнай управы Беларуска-Амерыканскага Задзіночання сп. Вячкі Станкевіча былі заслуханыя прывітанні, адрасаваныя ўдзельнікам 29-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі.

Першым меў слова Старшыня Грамадскага Цэнтра Бобі Цупрык, які прачытаў прывітанні ад двух кангрэсменаў штата Нью-Джэрсі: Фрэнка Палонэ і Раша Холта, а таксама ад сенатара штата Нью-Джэрсі — Фрэнка Лоўтэнберга.

Спадар Вячка Станкевіч зачытаў вітальнае слова ад губернатара Нью-Джэрсі — Крыса Крысці, а таксама ад старшыні Згуртавання Беларусаў Вялікабрытаніі Алены Міхалюк і сакратара ЗБВ Сяргея Пяткевіча, дзе гаварылася: «Спадзяёмся, што Сустрэча паспрыяе захаванню і развіццю гэтай шасцідзесяцігадовай традыцыі, якая з’яўляецца вельмі карыснай у справе яднання беларусаў Паўночнай Амерыкі».

Алена Скурко зачытала ліст, звернуты да ўдзельнікаў Сустрэчы, ад старшыні Аб’яднання на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, і Аб’яднання бацькоў з Беласточчыны — Барбары Пякарскай: «Актыўнасць беларускай дыяспары ў Амерыцы важная не толькі для вас саміх. Інфармацыя пра яе разыходзіцца шырока па свеце… Усюды, дзе б беларусы ні былі, гэтую інфармацыю чакаюць, перажываюць за вашыя клопаты, радуюцца вашым поспехам. Вы паказвалі нам, як трэба ганарыцца сваім паходжаннем, сваім жыццём, сваімі прафесійнымі поспехамі. Паказвалі, што нашыя карані — гэта наша багацце».

Юрась Зянковіч зачытаў звароты ад двух кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі: Аляксандра Мілінкевіча і Алеся Міхалевіча.

Аляксандр Мілінкевіч: «Шчыра зычу вялікіх плёнаў і ўдалых ініцыятываў у вашым спатканні, а таксама моцы, поспехаў кожнаму з вас. Жывуць беларусы! Жыве Беларусь!»

Алесь Міхалевіч: «Шаноўныя сябры! Становішча Беларусі істотна адрозніваецца ад таго, што было ў 2001 і 2006 гадах. Канфлікт з Расіяй прывёў да таго, што ціск на беларускія ўлады адбываецца як з захаду, так і з усходу. А гэта адчыняе магчымасці да змены ўлады ў краіне і пераходу да дэмакратыі. У гэтай сітуацыі, калі з’яўляецца рэальная магчымасць адбудаваць беларускую дэмакратыю, як ніколі робіцца істотнай праца беларускай дыяспары за мяжой, асабліва ў Злучаных Штатах Амерыкі…. Разам мы пераможам! Жыве Беларусь!»

Вітальныя словы ад Ніны Шыдлоўскай, старшыні Рады МГА «Згуртаванне Беларусаў Свету «Бацькаўшчына» зачытала госця з Беларусі Марына Яўсейчык: «Шчыра спадзяемся, што гэтае надзвычай важнае для беларускай грамады Амерыкі мерапрыемства прынясе ўдзельнікам добрыя ўражанні, радасныя эмоцыі, плён беларускай справе… Верым, што дзякуючы вашым намаганням і вашай нястомнай працы беларускае жыццё ў Амерыцы ніколі не згасне! Жыве Беларусь!».

Дзмітрый Эльяшэвіч, былы старшыня Згуртавання Беларусаў Канады (ЗБК), зачытаў вітальныя словы ад сяброў Канадскага сектару Рады БНР: «Сябры канадскага сектару рады БНР шчыра вітаюць вас з традыцыйным форумам беларусаў, якія жывуць у Паўночнай Амерыцы. Мы верым, што сустрэча будзе вартаснай, будзе надалей служыць яднанню беларусаў за мяжой».

Са шчырымі словамі звярнуўся да беларусаў Алесь Кот — прадстаўнік ЗБК:
«У далёкім 1952 годзе мінулага стагоддзя Згуртаванне Беларусаў Канады і Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне змайстравалі на Ніягары ўрачыстасць, якая атрымала назву Сустрэчы, бо па-сяброўску сустракаліся беларусы Амерыкі з беларусамі Канады. Такі закладзены ў аснову фармат вытрымліваўся ва ўсе наступныя часы. Беларусы Канады прыязджалі ў Амерыку дзеля сустрэчы са сваімі суродзічамі, або прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Амерыцы рухаліся да „краіны кляновага ліста“, каб сустрэцца з канадыйскімі беларусамі. Сёння гісторыя сустрэчаў адкрыла новую бачынку — 29-я ёсць! Паўнавартасная, з удзелам беларусаў абодвух краінаў, і гэта наш галоўны супольны здабытак.

Традыцыя не перарвалася. Так было, ёсць і будзе! Бо на тое наша супольная воля. Мы ёсць паўнамоцныя прадстаўнікі Згуртавання Беларусаў Канады, дэлегацыі васьмідзесяці адцоткаў дзейсных сяброў Згуртавання. І таму мы маем паўнамоцтвы віншаваць усіх удзельнікаў сустрэчы з тым, што яна адбылася. І яшчэ, маю смеласць і гонар сказаць: калі мы з БАЗА — ніколі параза, заўжды перамога! Гуртуйцемся разам! І будзе нас многа! United we stand!»

Ігар Ламака з Ванкувера: «Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады вітае ўсіх беларусаў, якія прыехалі на 29-ю Сустрэчу беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Саўт Рывер. Для ўсіх важна, асабліва ў гэты час, прабачыць крыўды і ўз’яднацца для агульнай справы. Традыцыйна БАЗА з’яўляецца органам беларусаў у ЗША, і мы спадзяёмся, што БАЗА паспяхова перажыве сённяшнія цяжкасці і будзе працягваць справу нашых продкаў. Мы, беларусы, маем гордасць, розум і багатую гісторыю. І мы вартыя заняць адпаведнае месца сярод іншых народаў».

Вячка Станкевіч перадаў прывітанне ад Руслана Качаткова, старшыні Каардынацыйнага Камітэта беларусаў Канады.

Далей слова ўзяла Зінаіда Гімпелевіч — прафесар канадскага універсітэта ў Ватэрлоо і сябра Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Канадзе:

«…Хачу шчыра падзякваць амерыканскай БАЗЕ і яе старшыні — спадару Вячку, і асабліва яго цудоўнай камандзе, за такую сустрэчу, за магчымасць пабыць разам, паглядзець адзін аднаму ў вочы…».

Прывітанне ад Алеся Арцюховіча з беларуска-амерыканскага задзіночання ў Паўднёвай Каліфорніі перадала Марыя Садоўская.

Вячка Станкевіч зачытаў для аўдыторыі прывітанне Сяргея Раманюка — кіраўніка Аддзелу БАЗА ў Агайо, віцэ-прэзідэнта цэнтра «Полацак» (Кліўленд): «Паважаныя сябры, прыміце нашыя сённяшнія віншаванні і пажаданні поспехаў у захаванні патрыятычнай традыцыі беларускай эміграцыі. Жыве Беларусь!».

Апошняе прывітанне прагучала ад Сямёна Шарэцкага — былога Старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі, які жыве ў Каліфорніі.

Пасля прывітальных словаў, старшыня Галоўнай управы Беларуска-Амtрыканскага Задзіночання сп. Вячка Станкевіч запрасіў усіх прысутных у зале на канферэнцыю сутрэчы «Роля беларускай дыяспары — раней і цяпер», мадэратарам якой быў гісторык і журналіст Янка Запруднік. Прамоўцамі былі: Вітаўт Кіпель — Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, аўтар кніжак пра дыяспару ў ЗША; Таццяна Кулакевіч — студэнтка факультэта гісторыі, даследчыца Congressionsl Records; Ганна Сурмач — архівіст фундацыі Крэчэўскага, арганізатар Першага З’езду Беларусаў Свету ў 1993 г.; Алег Гардзіенка — даследчык гісторыі беларускай дыяспары; Дзімітрый Эльяшэвіч — былы старшыня ЗБК. Скончыла канферэнцыю сваім выступам Івонка Сурвілла, старшыня Рады БНР.

Далей па праграме адбылося прыняццё рэзалюцыі Сустрэчы, пасля чаго адбыўся святочны канцэрт, вядучай якога была Ала Орса-Романо. Сярод выступоўцаў былі: Ірына Мазылева, оперная спявачка, Святлана Літвінава праспявала народныя песні, Валянцін і Таццяна парадавалі прысутных музыкай і песнямі. Сваім талентам здзівілі гледачоў дзеткі! Вельмі прыгожа чыталі вершы, спявалі песенькі ды танчылі.

Увечары адбылася невялікая вечарына. Галіна Падлескі зачытала твор Вольгі Іпатавай «Жменя ўспамінаў пра Ларысу Геніюш». Сяргей Шупа, журналіст, прэзентаваў новую кнігу — «Дні аднаго жыцця» — дзённікі Зоры Кіпель. Мела слова і Зіна Гімпелевіч, прафесар універсітэта Ватэрлоо, аўтар кнігі «Беларуска-габрэйскія пісьменнікі 20-га стагоддзя».

Завершылася сустрэча фільмамі, музыкай ды супольнымі спевамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?