Расказвае блізкі сябар Бябеніна — Фёдар Паўлючэнка. Ён быў на месцы здарэння першым.

Учора пахавалі стваральніка і кіраўніка галоўнага апазіцыйнага сайта Беларусі charter97.org Алега Бябеніна. Алега знайшлі павешаным на лецішчы пад Мінскам 3 верасня. Праваахоўныя органы працягваюць настойваць на версіі пра самагубства.

Я быў сябрам Алега, ведаю яго 10 гадоў і не веру ў тое, што Алег добраахвотна забіў сябе.
Хацеў бы патлумачыць свае сумневы і расказаць, што адбывалася напярэдадні трагедыі і ў той дзень, калі было знойдзенае цела журналіста. Пра ўсё гэта я ўжо расказваў следчаму абласной пракуратуры, але, на жаль, шмат таго, што агучваецца ў СМІ, не адпавядае рэчаіснасці.

За тыдзень да трагедыі Алег вярнуўся з Грэцыі. Там з сям’ёй яны адпачывалі два тыдні.

Пасля яго вяртання мы не сустракаліся, але кожны дзень размаўлялі праз скайп.
Гэта быў штодзённы «рытуал» (інтэрнэтчыкі зразумеюць), абмен спасылкамі, медыя-вірусамі.
У чацвер ён, як заўсёды, шмат жартаваў, дасылаў нейкія спасылкі на фотасесіі дзяўчат, агляд тэлефона ад Экслера і ўсю раніцу ўгаворваў мяне пайсці на фільм «Мачэтэ». Гэтага «камедыйнага фільму жахаў» ад культавых Радрыгеса і Таранціна ён чакаў паўгода, паказваў трэйлер, пераказваў артыкулы з сусветнай прэсы.
У іх ёсць кампанія сяброў, якая традыцыйна ходзіць на такія фільмы. Я абяцаў падумаць, але бліжэй да абеду вырашыў не хадзіць, трэба было пабыць з сям’ёй дома. У гэты ж дзень я папрасіў пазычыць 400 даляраў, і Алег прапанаваў падысці да 20.00 да кінатэатра «Кастрычнік», маўляў, «заадно і грошы забяру» (звярніце ўвагу). Увечары я не разлічыў з часам і да васьмі не паспеў.

На наступны дзень у скайпе Алега не было, а каля гадзіны дня яго калегі пачалі пытацца праз скайп, ці не бачыў я яго. Аказалася, што ў кіно ён не прыйшоў і наогул ні з кім з другой паловы чацвярга не размаўляў і ніхто яго не бачыў. Яго шукалі па Мінску, абтэлефаноўвалі РУУС, бальніцы, моргі. Увечары на лецішча паехалі яго сваякі (брат і сястра жонкі), якія і паведамілі, што Алег вісіць у пятлі. Наколькі мне вядома, на лецішча ён не збіраўся, дакладней, нікому не казаў, што паедзе туды, таму там яго шукалі ў апошнюю чаргу.

Я не мог не паехаць туды, не верылася, што такое можа быць, і каля 19.00 прыехаў на лецішча разам з калегамі Алега.
Гэта такое ціхае месца, нікога няма, суседскія дамы адносна далёка, ні душы.
Толькі ў доме справа была суседка, якая расказала, што Алега ні ў чацвер, ні ў пятніцу не бачыла, бачыла толькі, што стаіць машына і што ў доме гарыць святло (яна выходзіла з дому некалькі разоў, святло гарэла ў 23.00 і ў 3.00).
Печкі або каміну ў доме Алега не тапілі, дым з коміна не ішоў.

Праз гадзіну прыехалі крыміналіст і памочнік пракурора Дзяржынскага раёна. Да іх прыходу я ў дом не ўваходзіў і пасля папярэдняга агляду і фотаздымак работнікамі праваахоўных органаў мяне запрасілі ў якасці панятога. Цела ўжо ляжала на падлозе, і я папрасіў паказаць фота, на якім было бачна, дзе і як вісела цела. Алег вісеў на канаце ад гамака (канат у палец таўшчынёй), у куртцы, у чаравіках, куртка наглуха зашпіленая, пад нагамі ляжаў зэдлік з сагнутай ножкай. Алег упіраўся напаўсагнутымі нагамі ў падлогу. Цела вісела ў праходзе паміж пярэднім і вялікім пакоямі пад лесвіцай на другі паверх. Канат быў завязаны мноствам вузлоў і шматразова абматаны вакол бервяна (асновы лесвіцы).

Крыміналіст расшпіліў куртку, агледзеў кішэні і дастаў з задняй кішэні джынсаў некалькі буйных купюр беларускіх рублёў (каля 200–300 тыс. сінімі купюрамі па 50 тысяч). Больш нічога ў кішэнях не было, усе дакументы, дарагі тэлефон, ключы акуратна ляжалі на століку ў вялікім пакоі.

У кніжцы чырвонага колеру (міжнароднае журналісцкае пасведчанне) ляжалі 400 даляраў. Версія рабавання і г.д. цалкам выключаная. Перадсмяротнай запіскі не было.
Па словах крыміналіста, цела было яшчэ цёплым, і ён выказаў здагадку, што смерць наступіла ўсяго некалькі гадзінаў таму.
Міліцыянты задралі швэдар, на целе спераду ніякіх бачных слядоў пашкоджанняў не было. Крыху пазней я заўважыў, што левая кісць і рукаво запэцканыя сажаю, пры гэтым выразна быў бачны «ўдар» на костачцы сярэдняга пальца (гэта нават была хутчэй увагнутасць ад удару). Звяртала на сябе ўвагу правая ступня, якая была ненатуральна вывернутая направа пад вуглом амаль 90 градусаў.
У пакоях дома была ідэальная чысціня, усё ляжала на месцах, было адчуванне, што Алег ні да чога не дакранаўся
. Толькі накідка на фатэлі ў вялікім пакоі ляжала нядбайна і побач на падлозе карцінна стаялі дзве пустыя паўлітровыя бутэлькі з этыкеткамі «Беларускі бальзам» і пустая чарка. Ні ежы, ні якіх-небудзь слядоў знаходжання чалавека ў пакоях не было.

У прахадным пакоі, дзе вісела цела, стаіць шафа, дзверкі адной з верхніх паліц былі прачыненыя, і там ляжалі ў парадку шторы, анучы, падаўжальнік. Адчуванне, што на паліцы нешта таропка шукалі. У суседнім пакойчыку ляжаў гамак, канат ад якога выкарыстоўвалі.

Усе гэтыя жудасныя падрабязнасці да гэтага часу стаяць перад вачыма, але я павінен пра гэта расказаць, каб растлумачыць, што версія самагубства ўяўляецца мне вельмі падазронай.
Хіба мог чалавек яшчэ днём збірацца на культавы баявік, жартаваць з гэтай нагоды, а потым рэзка перадумаць, паехаць на лецішча і павесіцца? Хіба мог Алег выпіць літр «бырла», дэманстратыўна выставіць бутэлькі на самае бачнае месца, каб ніякіх сумневаў не было, але пры гэтым не пакінуць запіскі (а бо ён журналіст)? Урэшце, навошта браць для мяне гэтыя 400 даляраў, калі ён збіраўся забіць сябе?
У мяне склалася ўражанне, што следчыя працуюць толькі па адным напрамку — пошук матываў для самагубства, а іншыя версіі проста «не цікавыя».
Алег быў кіраўніком галоўнага апазіцыйнага сайта, з’яўляўся ключавым чальцом перадвыбарчай каманды прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост Андрэя Саннікава, і версія «палітычнае забойства» пры ўсіх гэтых абставінах павінная быць для следства асноўнай.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?