Прычына паразы рэвалюцыі хаваецца ў асобе ўкраінскага прэзыдэнта, а надзея – у дзейнасьці пазапарлямэнцкіх сілаў і прэсы. Піша Багдан Асадчук.

Думаю, што вельмі карысным будзе сур’ёзнае абмеркаваньне прычынаў паразы Памаранчавай рэвалюцыі. Гэта нялёгкая справа. Фактычна Ўкраіна не перажыла за ўвесь ранейшы пэрыяд незалежнасьці аніякай глыбокай дыскусіі пра асноўныя праблемы нядаўняй гісторыі. Пераход ад таталітарызму да пабудовы грамадзянскай супольнасьці адбываўся бязь ціску зьнізу, а хутчэй з імправізацыйных ідэяў мінулай кампартыйнай бюракратыі, якая падчас краху імпэрыі ды яе калёніяў жадала ня толькі перажыць гістарычныя нягоды, але і пераняць уладу мірным шляхам, бяз рызыкі крывавага канфлікту.

Новая-старая ўлада не была зацікаўленая дыскусіямі ані пра паходжаньне і вынікі камуністычнага таталітарызму, ані пра адказнасьць і пакараньне былых энкавэдыстаў і кагэбістаў, ані пра маральную і матэрыяльную кампэнсацыю ахвярам нечалавечай сыстэмы. А прадстаўнікі інфармацыйных службаў і прапаганды, якія карміліся ад камуністычнай бюракратыі, былі цалкам задаволеныя прасторам нацыянальнай сымболікі. Толькі адзінкі і малатыражныя часопісы імкнуліся выбрацца з сыстэмы новай калябарацыі.

Не прыносілі плёну і спробы разгарнуць дыскусіі пра дэмакратычны сацыялізм, лібэралізм і інтэгральны нацыяналізм АУН (Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў). Усё сканчалася на ўзроўні «навукова-практычных канфэрэнцый».

Цяпер мы маем напаўразбуджанае грамадзтва, і цалкам мажліва, што будзе нагода заахвоціць людзей да сур’¬ёзнага разгляду ўсіх аспэктаў узьнікненьня і пазьнейшага змарнаваньня плёну Памаранчавай рэвалюцыі. Ня ўсё яшчэ высьветлена. Існуе багата гіпотэзаў, здагадак, падозраньняў, і няма яшчэ пакуль аналітычных працаў пра ўзьнікненьне, хаду і вынікі рэвалюцыі. Найлепшая з ранейшых публікацыяў – «Памаранчавая рэвалюцыя» – вядомага гісторыка Станіслава Кульчыцкага не дае поўных адказаў на згаданыя крытэры. Мабыць, давядзецца досыць доўга чакаць, пакуль усе элемэнты гэтай гістарычнай падзеі стануць вядомыя.

Але гэта не вызваляе нас ад абавязку і мажлівасьцяў ужо сёньня, перад завяршэньнем рэвалюцыйнага этапу ў эвалюцыі ўкраінскага дзяржаўнага працэсу, ставіць пытаньні датычна каляпсу Памаранчавай рэвалюцыі. У мяне наконт гэтага шмат думак, якія, пэўна, не зусім адпавядаюць пашыраным поглядам. Спачатку некалькі банальных заўваг. Па-першае, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ніхто з тагачасных апазыцыйных палітыкаў не казаў пра магчымасьць рэвалюцыі. Больш за тое, спантанная стыхія народнага пратэсту была нечаканай для пазьнейшых «герояў» рэвалюцыі. Толькі ўбачыўшы, што выбух грамадзтва можна выкарыстаць для здабыцьця ўлады, яны ўскочылі на рэвалюцыйны цягнік і такім чынам здабылі кіроўныя пасады.

А рэвалюцыя прайграла ў сэнсе замацаваньня сваіх пазыцыяў у рэфармаваньні дзяржавы. Яна не змагла стварыць сваіх інстытутаў, ухваліць праграмы-маніфэсту, нічога не арганізавала на карысьць Рэвалюцыйнага трыбуналу, які б мог стаць сумленьнем і стрыжнем рэвалюцыі. Гэтага не адбылося. Рэвалюцыя разьбеглася па хатах. А палітычныя дзеячы з «памаранчавых» шэрагаў вырашылі назьбіраць з гэтага групавы і асабісты капітал. Гэта, дарэчы, даволі рэдкі ў гісторыі палітычны падман. А паколькі рэвалюцыя не была творам палітычных партыяў (за выняткам новаўзьніклай і доўга не прызнаванай «Пары»), ніводная партыя і не адчувала абавязку абараняць рэвалюцыйную спадчыну.

Мабыць, асноўная прычына паразы хаваецца ў асобе прэзыдэнта Юшчанкі. Юшчанкаўскі «гамлетызм» генэтычнай нерашучасьці, роднасны патэрналістычна-правінцыйнаму падбору супрацоўнікаў, спалучаны (падобна як у колішняга амэрыканскага прэзыдэнта Джымі Картэра) з празьмерным уплывам на палітыку жонкі Кацярыны, прывёў, калі ўжыць даўні цынічны афарызм Леаніда Краўчука, да выніку «маем, што маем».

Замежныя экспэрты пішуць пра «трагічны вобраз украінскай рэвалюцыі», «ахвяру ўласных памылак», чалавека, ня здольнага да вялікіх рашэньняў, змарнаваны капітал вялікага даверу. Зьвяртаецца ўвага на элемэнт «палітычнага і маральнага прыніжэньня» датычна ранейшага суперніка Януковіча. «Як ён мог змарнаваць той вялізны капітал, які інвэставаў ва Ўкраіну ўвесь Захад, у тым ліку і Польшча?» – запытваўся ў мяне на сьвяткаваньні стагодзьдзя зь дня нараджэньня Ежы Гедройца былы міністар замежных справаў Польшчы Ўладыслаў Барташэўскі.

Паўстае пытаньне: якім чынам можна ўратаваць ідэалы і зьмест рэвалюцыі? На партыі ў Вярхоўнай радзе нельга спадзявацца, і тым меней можна спадзявацца на прэзыдэнта. Аднак ёсьць яшчэ надзеі на магчымасьці вольнай прэсы і грамадзкіх арганізацыяў і на стварэньне пазапарлямэнцкай апазыцыі.

Багдан Асадчук – публіцыст, гісторык. Прафэсар Вольнага ўнівэрсытэту ў Бэрліне. У мінулым быў актыўным аўтарам легендарнага польскага часопісу «Культура», што выходзіў у Парыжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?