Сёлетнім ляўрэатам літаратурнай узнагароды Нобэль стаў турэцкі пісьменьнік Архан Памук. Гэтым разам Швэдзкая Каралеўская Акадэмія не зьдзівіла нікога – Памук быў фаварытам усіх сёлетніх пераднобэлеўскіх рэйтынгаў.
Узнагародзілі пісьменьніка, які "ў пошуках мэлянхалічнай душы свайго роднага гораду адкрыў новыя сымбалі сутыкненьня і перапляценьня культураў» – так напісала Швэдзкая Каралеўская Акадэмія ў абгрунтаваньні свайго рашэньня.
Кніжкі гэтага пісьменьніка, які жыве ў Стамбуле, выдадзеныя да гэтага часу ў 40 краінах і перакладзеныя больш як на 30 моваў ва ўсім сьвеце.
Сёлетні нобэлеўскі ляўрэат нарадзіўся ў заможнай турэцкай сям’і ў Стамбуле ў 1952 г. На сваёй радзіме ён лічыцца спрэчнай постацьцю. Колькі год таму ён адважыўся на міжнародным форуме закрануць тэму табу для турэцкіх мэдыяў – разьню армянаў, якую сучасныя гісторыкі лічаць першым генацыдам XX ст. Супраць пісьменьніка была распачатая справа за «абразу турэцкага народу». Раней Памук даў інтэрвію нямецкай прэсе. У ім ён сьцьвердзіў, што на турэцкую дэмакратыю вельмі кепска ўплывае войска гэтай краіны. Людзі палілі кніжкі Памука на вуліцах.
Вольга Данішэвіч
□
Сёньня Нобэлеўскі камітэт прысудзіў літаратурную Нобэлеўскую прэмію турэцкаму пісьменьніку Архану Памуку. Узнагарода дасталася яму за «адкрыцьцё новых сымбаляў сутыкненьня і перапляценьня культур». Памук разглядаўся як фаварыт ва ўсіх папярэдніх рэйтынгах.
Раманы Архана Памука маюць папулярнасьць як у інтэлектуальнага, так і ў масавага чытача. Ён вядомы таксама актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Нядаўна ён мусіў устаць перад судом за выказваньне салідарнасьці з курдзкім нацыянальным рухам, трэба адзначыць, што Памук – пісьменьнік стамбульскі ў такой самай ступені, як і турэцкі. А Стамбул – гэта не Турэччына, кажа турэцкая прымаўка.
На беларускую творы Памука дагэтуль не перакладаліся. «Наша Ніва» рыхтуе першы пераклад з новага Нобэлеўскага ляўрэата ў наступны выпуск тыднёвіка.
МБ