1 кастрычніка 2006 г. у мястэчку Талька Пухавіцкага раёну ўжо пяты раз адбыўся Талькоўскі фэстываль – сьвята беларускай музыкі і паэзіі. Арганізатары – краязнаўчы гурток Талькоўскай школы – ставілі на мэце сустрэчу зь цікавымі людзьмі, стварэньне магчымасьцяў для самавыяўленьня вясковай моладзі, распаўсюджваньне беларускай культуры, ведаў пра наш край. А звышзадача сьвята – спрыяць фармаваньню нацыянальнай сьвядомасьці ў жыхароў мястэчка.

Я, Дар’я Ільініч, адна з удзельніц краязнаўчага гуртка, хачу падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад гэтай падзеі.

Гэта была звычайная восеньская ранiца, калi ня ўлiчваць аднаго моманту – сёньня адбудзецца Талькоўскі фэстываль: мерапрыемства, у якое было ўкладзена шмат часу, грошай i, самае галоўнае, нашых высілкаў. Госьці пачалі прыяжджаць ужо аб 11 гадзіне (хоць сьвята заплянавалі на 12). На гэты раз фэст наш праходзіў ня як звычайна, у клюбе, а ля клюбу. Дзякуй Богу, надвор’е нам паспрыяла. На клюбаўскіх лавах разьмясьцілася невялікая колькасьць гледачоў-абарыгенаў. Другая частка публікі стаяла насупраць, ля крамы, і, ратуючыся ад пякучага сонца, паціху папівала мар’інагорскае «віно». Талькаўцы чамусьці ня вельмі ганарацца тым, што у іх вёсцы праходзіць фэстываль. Таму большая частка гледачоў была прыежджай, і амаль палова зь іх – выступоўцы.

Увогуле ідэя фэстывалю належыць спадару Андрэю Мельнікаву. Менавіта ён прапанаваў выкарыстаць сугучнасьць назвы нашай вёскі Талькі і прозьвішча расейскага сьпевака Ігара Талькова ў культурна-асьветніцкіх мэтах. Маўляў, у Расейскай імпэрыі, калі існавала «мяжа габрэйскай аседласьці», многія беларускія габрэі для таго, каб пераадолець гэтую мяжу, хрысьціліся ў праваслаўе і мянялі прозьвішча, беручы новае ад назвы свайго населенага пункта, напрыклад, Слуцкі, Крычаўскі, Талькоў… А праз тое, што Талька была габрэйскім мястэчкам, магло стацца, што продкі Талькова жылі ў Тальцы і былі якія-небудзь Цукерманы ці Пейсаховічы, а пры пераезьдзе зьмянілі прозьвішча.

Шчыра кажучы, асабіста мне не падабаецца Талькоў, і ідэя гэтая падаецца малаверагоднай, але фэст напрыканцы турыстычнага пэрыяду – неблагое месца файна патусіць.

Дык вось, пасьля невялікага ўступнага слова, сказанага дырэктаркай клюбу Сьвятланай Радзюк, пачалося сьвята. Пачынальнікамі былі, канечне ж, гаспадары балю – школьны краязнаўчы гурток «Талька». Мы прасьпявалі самапрыдуманую (напісалі яе муж і жонка, былыя настаўнікі – Ларыса і Леанід Тужыкі) песеньку «Талька» і песьню зь мясцовага фальклёру «Быў у мяне мужычок з кулачок…». За другім выхадам мы прасьпявалі народную песьню «Там, каля млына», а таксама аўтарскія «А дзе ж тыя ваяры» і «Аксамітны летні вечар». Пасьля на імправізаваную сцэну (роўную пляцоўку перад клюбам) выйшаў духоўны бацька фэсту Андрэй Мельнікаў. Ён прасьпяваў пару песень з доўгімі ўвэртурамі, зьвязанымі з Анатолем Сысом. Прадоўжыў фальклёрную тэму гурт зь Міханавічаў «Калыханка». Дзеткі на чале са сваёй кіраўнічкай Ларысай Мікалаеўнай Рыжковай цудоўна прасьпявалі сваімі звонкімі галасамі абрадавыя і пазаабрадавыя народныя песьні, разварушылі народ гульнямі ды танцамі.

Усё астатняе – вяршкі творчасьці – усе пакінулі на другую (нефармальную) частку фэсту.

Затым творчыя здольнасьці выявілі сябры паэтычнага аб’яднаньня «Мар’інка» і клюбу аўтарскай песьні з Мар’інай Горкі, Рудзенску, Сьвіслачы. Пачала чытаньні кіраўнічка клюбу Радкевіч Алена. Пасьля першага верша, нешта накшталт вельмі патрыятычнай «Белой Руси з клиньями журавлей в небесах», мы былі крыху ашаломленыя, але пасьля фразы «а в конце так и хочется сказать «За Беларусь!» мы акуратна ўцямілі, што жанчына імкнулася на Славянскі Базар, але моцы хапіла толькі на Тальку. Пасьля яе выступілі Ўладзімер Рунцэвіч, работнік з ільнозаводу (ягоныя жартоўныя вершы публіка вельмі спадабала), Людміла Мурашка, Іван Ешманскі і іншыя. Большасьць твораў гучэла па-беларуску.

Затым выступілі нашы школьныя настаўнікі – «сьпеўная сям’я» Галіна Аляксандраўна і Мікалай Юр’евіч Бяляевы. Іх зьмяніла госьця зь Менску, пэдагог-арганізатар СШ №133 з чароўным голасам Ганна Чумакова. Затым сьпяваў свае мэлядычныя песьні госьць са Жлобінскага раёну зь вёскі Вірня Лугавая вэтэрынар Мікола Рудакоўскі. Завяршыў афіцыйную частку зноў жа гурт «Талька» на чале з Аляксеем Галічам песьняй «Магутны Божа».

На жаль, на афіцыйнай частцы не змаглі выступіць магілёўскія паэты Віталь Рыжкоў і Анка Ўпала (у іх было мала часу). Але я спадзяюся, што ў наступным годзе мы абавязкова іх пачуем.

Усе выступоўцы атрымалі прызы – буклет пра Тальку, выдадзены адмыслова да сьвята пры фінансавай падтрымцы настаўніцкага інфармацыйнага цэнтру і мясцовых прадпрымальнікаў Людмілы і Віктара Юрчыкаў і Івана Гумоўскага.

Па сканчэньні канцэрту «сьвядомы» люд скіраваў да так званых Дубоў – вельмі прыгожай мясьціны за вёскай, на беразе Талі пад вялізнымі дубамі. Мэтраў за дзьвесьце адсюль у лесьнічоўцы-стражы ля вёсачкі Загібелька (цяпер яе ўжо няма) у 1930-я гады летаваў Якуб Колас. Паэт напісаў пра гэтыя мясьціны колькі вершаў, у тым ліку і такі:

Калі агледзіш хвайнякі

І гэты кут пазнаеш бліжай,

То вывад я раблю такі:

Мне Загібелька лепш Парыжа.

Менавіта тут мелася адбыцца галоўная частка фэсту. Толькі мы разьмясьціліся, расклалі вогнішча, разабралі ежу, як да нас падышла бабулька-абарыгенка і зь незадаволеным выглядам пачала задаваць дзіўныя пытаньні – ёй не падабалася наша вогнішча за дзьвесьце мэтраў ад яе сядзібы. Усё б, можа, і абышлося, калі б яна не спытала, паказваючы брудным пальцам на бел-чырвона-белы сьцяг: «А что это за фашистский флаг такой?» Зразумела, мы адказалі, што ён ніякі не фашысцкі, а самы сапраўдны беларускі. На гэта бэтэшная зомбі спытала: «А где зелёное?» Вам напэўна зараз сьмешна, нам спачатку таксама было сьмешна, а потым стала проста страшна. Наколькі усё ж бездапаможная чалавечая сьвядомасьць і якія жудасныя рэчы могуць рабіць прададзеныя СМІ – чалавек ня тое што ня памятае каранёў, ён называе сымбаль, які калісьці шмат стагодзьдзяў запар цалавалі яго продкі, фашысцкім. Да бабулькі далучылася яшчэ адна «антыфашыстка». Яны нават паспрабавалі садраць сьцяг, але нашы хлопцы абаранілі яго.

Усё ж мэтай сьвята былі ня сваркі з бабулькамі, а шырокая культурная праграма, за якую мы непасрэдна ўзяліся, крыху пад’еўшы.

Мы яшчэ паслухалі Андрэя Мельнікава, Аляксея Галіча, Ганну Чумакову, мар’інагорскіх хлопцаў. Пагулялі ў многія беларускія гульні:«Явар», «Баяры», «Цяцерку», «Яшчура». Патанчылі «Падыспань», «Кракавяк» і іншае... Не абышлося і без N.R.M.’у ва ўласным выкананьні цяпер ужо напаўпапсовых «Трох чарапах».

Вось так, гуляючы, сьпяваючы, мы не заўважылі, як сонца ціхенька залягло ў балота і не дазволіла нам далей працягваць сьвята (бяз сонца ўжо даволі халодна). Спадзяюся, што ў наступным годзе мы зноў сустрэнемся. А каго наша сьвята зацікавіла, дык, калі ласка, будзем чакаць у першыя выходныя кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?