Лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімер Някляеў выступіў на эканамічным форуме ў польскай Крыніцы Гурскай, а таксама сустрэўся зь кіраўніком Эўрапарлямэнту.

Уладзімер Някляеў атрымаў магчымасьць выказацца на «круглым стале» па праблемах рэалізацыі праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства». Пасьля таго як прадстаўнік польскага МЗС зазначыў, што Беларусь не карыстаецца магчымасьцямі, якія дае гэтая праграма, спадар Някляеў заявіў, што «пры Лукашэнку Беларусь ніколі ня пойдзе у Эўропу, бо для гэтага патрэбная палітычная і эканамічная рэформы, стварэньне дэмакратычных інстытутаў, а гэта будзе абазначаць для дзейнага рэжыму страту ўлады».

Апрача таго У. Някляеў сустракаўся са з прадстаўнікамі МЗС Польшчы, Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку, а таксама са старшынёй Эўрапарлямэнту Ежы Бузэкам.

«Мы гаварылі пра тое, што нам важна разумець ня толькі стратэгію перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах, але і пра тое, што будзе пасьля таго як дэмакратычная сілы Беларусі прыйдуць да ўлады. Дзеля гэтага мы дамовіліся правесьці ў Брусэлі ў найбліжэйшы час, можа быць, праз месяц, канфэрэнцыю на гэтую тэму з удзелам аналітыкаў і экспэртаў. Апрача таго мы закранулі тэму неабходнасьці лібэралізацыі візавага рэжыму, і спадар Бузэк выказаў згоду, што тут трэба рабіць канкрэтныя крокі»,- распавёў спадар Някляеў падрабязнасьці сваіх перамоваў. У часе гутаркі была закранутая тэма неабходнасьці міжнароднага расьсьледаваньня сьмерці журналіста Алега Бябеніна. Пасьля таго як стала вядома, што МЗС Беларусі запрашае замежных крыміналістаў-экспэртаў для вывучэньня справы Бябеніна, спадар Някляеў заявіў, што варта заклікаць Менск дапусьціць крыміналістаў з краін АБСЭ і да матэрыялаў па справе аб таямнічых зьнікненьнях апанэнтаў А. Лукашэнкі.

На форуме ў Крыніцы Гурскай прысутнічала і афіцыйная беларуская дэлегацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?