Нягледзячы на затрыманні міліцыяй, грамадзяне з розных гарадоў краіны змаглі трапіць на Крапівенскае поле і адсвяткаваць перамогу ў Аршанскай бітве. Пад рознымі маркамі па дарозе на Крапівенскае поле былі затрыманыя і дастаўленыя ў міліцыю ў Оршы і Дуброўна больш за 20 чалавек.

Традыцыйна праследаваліся пастаянныя ўдзельнікі мерапрыемства — мастак Алесь Пушкін і бард Андрэй Мельнікаў. Як паведаміў Мельнікаў, прыкладна ў 19 гадзін 11 верасня ён быў затрыманы Дзяржаўтаінспекцыяй на аўтадарозе Орша-Дуброўна каля вёскі Стахаўка. Мельнікаў ехаў да месца правядзення фестывалю на веласіпедзе, і прыкладна за паўгадзіны да затрымання яго спынілі супрацоўнікі АМАП для праверкі дакументаў. Устанавіўшы яго асобу, міліцыянеры дазволілі ехаць далей. Але неўзабаве дзяжурныя супрацоўнікі ДАІ затрымалі Мельнікава за тое, што яго веласіпед не абсталяваны фарамі, хоць ехаў бард у светлы час сутак. Супрацоўнікі АМАП, якія правяралі дакументы, даставілі яго ў Аршанскі РАУС.

З міліцыі барда адпусцілі толькі ў 1.30 ночы і склалі пратакол за парушэнне ПДР. Яго абвінавацілі ў тым, што веласіпед не быў абсталяваны фарай і гукавым сігналам. «Ды і наогул міліцыянеры сказалі, што я не меў права ехаць па праезнай частцы на веласіпедзе», — адзначыў Мельнікаў.

Іншыя ўдзельнікі мерапрыемства дабіраліся, выкарыстоўваючы розныя тактычныя хітрыкі. Напрыклад, гомельскія актывісты не паехалі на аўтобусе, а сышлі на некалькі прыпынкаў раней, ішлі да памятнага крыжа праз палі, кустоўе і лясы, пазбягаючы адкрытай мясцовасці і аўтадарогі. Ім удалося трапіць на фестываль. «Прычым аднойчы мы ўсё ж нарваліся на засаду міліцыі і кінуліся наўцёкі, — паведаміла гамяльчанка Ларыса Шчыракова. — Было пачуццё, што мы ўчынілі шэраг злачынстваў і хаваемся ад правасуддзя.

Міліцыянеры свяцілі ліхтарыкамі, крычалі: «Стаяць, міліцыя!», — а мы схаваліся ў нейкай лагчынцы і адседзеліся там».

Фестываль «Аршанская бітва» праходзіць у памяць перамогі арміі Вялікага Княства Літоўскага над войскамі Маскоўскай дзяржавы ў 1514 годзе. Першы фестываль аўтарскай пенсі прайшоў на месцы бітвы ў 1991 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?