Па сканчэнні працы з’езду БХД Віталь Рымашэўскі адказаў на пытанні «Нашай Нівы».

«Наша Ніва»: Віталь, гэта ўжо канчатковае рашэнне ўдзельнічаць у выбарах, ці будуць кансультацыі з іншымі палітыкамі аб вылучэнні адзінага?

Віталь Рымашэўскі: Кансультацыі з іншымі кандыдатамі будуць. Што датычыць перамоваў аб вылучэнні адзінага, то я не маю паўнамоцтваў пра гэта паведамляць.

«НН»: Раней Павел Севярынец зазначаў, што БХД не мае неабходнай колькасці людзей, каб сабраць 100 тысяч подпісаў.

ВР: Заўсёды, калі пачынаецца кампанія, то ніхто не скажа, што маю неабходную каманду. Але гэтыя словы былі сказаныя, калі выбары толькі пачыналіся. Цяпер жа магу сказаць, што сяброў маёй ініцыятыўнай групы не меней, чым у іншых кандыдатаў. Калі б іх недастаткова для мэты, то наўрад хто адважыўся ўцягвацца ў кампанію.

«НН»: А перабегаў да іншых кандыдатаў не баіцеся?

ВР: Не баюся. Калі нехта хоча працаваць на іншага кандыдата, то час сыходзіць да яго. Гэта я кажу на кожнай сустрэчы з партыйцамі. Тым не менш, спакусіліся на большыя грошы не больш за 5% сяброў маёй ініцыятыўнай групы. Падаўляльная большасць засталася.

«НН»: Вы сказалі, што шанцы на перамогу амаль роўныя нулю. Дык навошта тады ўдзельнічаць у выбарах?

ВР: Так, па‑чалавечы шанцы зусім невялікія. Але ў звязцы з гэтым я сказаў: тое, што немагчыма чалавеку, можа Гасподзь. Перамагчы можна толькі, калі ты будзеш годны гэтай перамозе і гэтаму народу. Хто думаў, што на Плошчу ў 2006 годзе выйдзе так шмат народу. Але тады нездавальняючы павялі сябе лідэры. Сёння БХД прапануе альтэрнатыву паміж аўтарытарызмам і татальнай разбэшчанасцю. Такога няма ні ў Лукашэнкі, ні ў іншых апазіцыйных кандыдатаў.

«НН»: А варыянт з байкотам не разглядаўся?

ВР: Разглядаўся. Выкажу тут сваё меркаванне, што байкот магчымы толькі, калі яго падтрымаюць сябры іншых палітычных арганізацый. Адной сілай правесці байкот амаль немагчыма. На з’ездзе большасць дэлегатаў прагаласавала за байкот у выпадку нерэгістрацыі мяне кандыдатам у прэзідэнты.

«НН»: Якія Вашы наступныя крокі як кандыдата?

ВР: Буду рабіць усё тое, што рабіў да гэтага: працяг нашых ініцыятываў, сустрэчы з людзьмі, дапрацоўка праграмы.

Віталь Рымашэўскі

нарадзіўся ў 1975 годзе ў Бабруйску. Закончыў будаўнічы факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту па спецыяльнасці «Інжынер‑будаўнік». У траўні 2009 году быў абраны кандыдатам ад БХД на наступных прэзідэнцкіх выбарах. Жанаты, мае дачку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?