Падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай у кастрычніку гэтага года можа адбыцца яго сустрэча са старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Ху Цзіньтаа,

паведаміў намеснік старшыні пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Цзян Шушэн 13 верасня ў Мінску на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.

«Ваш прэзідэнт мае намер узяць удзел у Сусветнай выставе „Экспа-2010 у Шанхаі. У гэты час магчыма сустрэча кіраўнікоў дзвюх дзяржаў», — сказаў Цзян Шушэн.

Паводле яго слоў, сустрэча «акрэсліць новыя перспектывы супрацоўніцтва Беларусі і Кітая».

Як паведамлялася, Лукашэнка плануе ўзяць удзел у Дні Беларусі, які пройдзе на выставе 11 кастрычніка.

Сусветная выстава ў Шанхаі праходзіць з 1 мая па 31 кастрычніка. У ёй удзельнічаюць больш за 200 краін і 57 міжнародных арганізацый.

Павільён беларускай экспазіцыі складае 1 тыс. кв. м, палова з якіх прапанавана кітайскімі арганізатарамі на бязвыплатнай аснове. Ён размешчаны ў цэнтры «плошчы Еўропы» побач з павільёнамі Босніі і Герцагавіны, Чэхіі, Славакіі і Партугаліі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?