У кастрычніку прэзідэнт Беларусі наведае з афіцыйным візітам Кітай, у ходзе якога плануецца заключыць шэраг буйных кантрактаў. Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка 13 верасня падчас сустрэчы ў Мінску з намеснікам старшыні пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Цзян Шушэнем.

«Урад Беларусі цяпер прымае шэраг мер, каб падчас візіту прэзідэнта ў КНР было падпісана па крайняй меры паўтара дзясятка канкрэтных буйных праектаў», — удакладніў Сямашка.

У прэс-службе прэзідэнта Беларусі паведамілі, што візіт запланаваны на першую палову кастрычніка.

Першы віцэ-прэм’ер таксама адзначыў, што за апошні час у Кітаі было створана некалькі СП з удзелам буйных беларускіх прадпрыемстваў.

Так, сёлета на тэрыторыі Кітая было створана сумеснае прадпрыемства, адным з заснавальнікаў якога выступіў Мінскі завод колавых цягачоў.

«Паўгода таму стварыў СП у Кітаі «Гомсельмаш», а два тыдні таму было зарэгістравана СП, адным з заснавальнікаў якога выступіў Мінскі трактарны завод», — паведаміў Сямашка.

Акрамя таго, вядзецца праца, якая будзе спрыяць адкрыццю новых сумесных беларуска-кітайскіх прадпрыемстваў на тэрыторыі Беларусі. Урад вядзе перамовы з уладамі Кітая аб стварэнні ў нас у краіне спецыяльнай прамысловай зоны для кітайскіх інвестараў.

Першы віцэ-прэм’ер таксама заявіў, што кітайскія банкі адкрылі крэдытную лінію на 15 млрд долараў для рэалізацыі шэрагу беларускіх праектаў.

Беларуска-кітайскае крэдытнае пагадненне было падпісана ў канцы 2009 года. Крэдытная лінія адкрыта на 15–20 гадоў з адтэрміноўкай першага плацяжу на пяць-шэсць гадоў. Пры гэтым частка крэдытнай лініі — дзяржаўныя рэсурсы, стаўка па крэдытах якіх складзе 2–3% гадавых. Яшчэ частка сродкаў будзе выдзелена ў выглядзе крэдытаў «Эксімбанка», працэнтная стаўка ў гэтым выпадку складзе 5–6%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?