Пасля аб’яўлення парламентам даты выбараў [19 снежня 2010 года] аб намеры ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі заявілі шэраг беларускіх палітыкаў, у прыватнасці старшыня ЛДП Сяргей Гайдукевіч, лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юрый Глушакоў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, эканаміст Віктар Цярэшчанка.

Рашэнне пра фармат удзелу ў выбарах лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча будзе абнародавана на працягу двух дзён, паведаміў яго намеснік Юрый Губарэвіч.

Пытанне аб разглядзе даты прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі было ўнесена ў парадак дня сённяшняга пасяджэння сесіі палаты прадстаўнікоў саветам палаты за некалькі хвілін да пачатку пленарнага пасяджэння.

«Правядзенне выбараў у снежні дазволіць без страты часу з пачатку студзеня ўзяцца за вырашэнне сацыяльна-эканамічных задач развіцця краіны», — заявіў старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Васіль Байкоў, прадстаўляючы дэпутатам праект пастановы аб прызначэнні выбараў.

«Правядзенне ж выбараў у пачатку года не з’яўляецца зручным, бо гэты перыяд насычаны свецкімі і рэлігійнымі святамі», — адзначыў ён.

Такім чынам, паводле слоў Байкова, пры вызначэнні даты выбараў камісія зыходзіла з таго, каб правесці іх у найболей зручны для грамадзян і краіны час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?