У студзені-ліпені 2010 года адбыўся рост аб’ёмаў знешняга гандлю Беларусі з многімі краінамі. Нагадаем, што па выніках 2009 года назіраўся спад тавараабароту.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у цэлым аб’ём знешняга гандлю таварамі за гэты перыяд павялічыўся ў параўнанні са студзенем-ліпенем 2009 года на 16,9% і склаў 30 млрд. 785,7 млн. долараў. Пры гэтым экспарт павялічыўся на 20,6% і склаў 13 млрд. 292,3 млн. долараў ЗША, імпарт — на 14,2% (17 млрд. 493,4 млн.).

Пры гэтым тавараабарот з краінамі ЕС упаў на 9,4%, да 7 млрд. 587,7 млн. долараў, у тым ліку экспарт знізіўся на 19,8% (3 млрд. 873,8 млн. долараў), імпарт вырас на 4,7% (3 млрд. 713,9 млн.).

У студзені-ліпені Беларусь гандлявала са 179 краінамі. Тавары пастаўляліся на рынкі 145 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя са 156 краін. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі былі: Расія (47,8% агульнага аб’ёму тавараабароту), Украіна (7,3%), Нідэрланды (5,1%), Германія (4,7%), Кітай (3,5%), Польшча (3,3%), Латвія, Вялікабрытанія, Бразілія (па 1,7%), Італія (1,6%).

З агульнага аб’ёму беларускага экспарту на долю Расіі прыпадала 39,4%, іншых краін СНД — 14,5%, краін ЕС — 29,1%, астатніх краін — 17%. Імпарт з Расіі склаў 54,1% агульнага аб’ёму імпарту, іншых краін СНД — 6,7%, краін ЕС — 21,1%, астатніх краін — 18%.

Экспарт тавараў у Расію склаў 5 млрд. 236,8 млн. долараў ЗША, што на 49,2% больш, чым за студзень-ліпень 2009 года; імпарт з Расіі — 9 млрд. 470,2 млн. (на 6,1% больш).

Аб’ём экспарту ва Украіну дасягнуў 1 млрд. 307,4 млн. долараў (на 54% больш), імпарту з Беларусь — 926,4 млн. (на 37,3% больш).

У Нідэрланды экспартавана тавараў на 1 млрд. 415,3 млн. долараў (на 30,3% менш за паказчык студзеня-ліпеня 2009 года), імпартавана — на 141,6 млн. (на 14,6% больш).

У Германію ў студзені-ліпені 2010 года экспартавана тавараў на 266,1 млн. долараў (на 35,1% менш), імпартавана — на 1 млрд. 187,2 млн. (на 0,2% больш).

Экспарт у Польшчу склаў 524,4 млн. (на 13,5% больш), імпарт з гэтай дзяржавы — 506,9 млн. (на 25,6% больш).

У Вялікабрытанію аб’ём экспарту склаўся на ўзроўні 351,5 млн. долараў (на 14,9% менш), імпарту з гэтай краіны — 163,1 млн. (на 30,2% больш).

Аб’ём экспарту ў Кітай склаў 278,2 млн. долараў (у 2,5 разу больш), імпарту — 789,7 млн. (на 41,9% больш).

У ЗША экспарт вырас у 1,7 разу і склаў 40,7 млн., імпарт знізіўся на 2,7% да 227,1 млн. долараў.

У Венесуэлу аб’ём экспарту склаў 191,7 млн. долараў (на 28,7% больш), імпарту — 180,9 млн. (летась тавары не імпартаваліся).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?