Жанчына ідзе ў клуб, слухае джаз-бэнд, вяртаецца ў майстэрню і пад уплывам пачутай музыкі… тчэ габелен. Прыблізна гэтак выглядае схема працы маладой мастачкі Марыі Барысенкі. У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» (Кастрычніцкая плошча, 1) пад гукі жывой джазавай музыкі адкрылася выстава габеленаў «Джаз».

Барысенка не закранае гісторыю джазавай музыкі, тут няма канкрэтных партрэтаў, скажам, Луі Армстронга ці Рэя Чарльза, тут выяўлены хутчэй сам працэс музыкавання: вось скрыпач, вось саксафаніст, а вось сама мастачка-бландынка, якая прыйшла ў джазавы клуб. музыка прысутнічае ў яркіх колерах і пластычных вобразах габеленаў.

— Не, габелен — актуальнае мастацтва — яго часта можна сустрэць у дамах і кватэрах, — кажа Марыя Барысенка. — Чаму габеленнае мастацтва і джаз? Мне падабаецца спалучаць неспалучальнае, хаця ў сваіх творах я адлюстроўваю хутчэй не джазавыя сінкопы, а атмасферу джаз-клубу.

Акрамя традыцыйных тэхнік, Марыя Барысенка ўжывае аўтарскую прыёмы, выкарыстоўваючы не толькі розныя віды пражы, але і лапікі тканіны ды футра.

Акунуцца ў атмасферу джазавага клубу можна будзе да 2 кастрычніка.

Барысенка Марыя — выпускніца кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, пераможца Рэспубліканскай выставы-конкурса ў намінацыі «Тканіны. Габелен. Мадэляванне». Работы знаходзяцца ў прыватных і дзяржаўных калекцыях Беларусі, Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?