Сёньня ў менскіх кінатэатрах пачынаецца паказ фільмаў фармату 4х4.

«Сусьветны гандлёвы цэнтар» (World Trade Center, 2006, ЗША).

Ад рэжысэра такога ўзроўню, як Олівэр Стоўн ("Ніксан", "Дж.Ф.К. Стрэлы ў Даласе", "Аляксандар"), чакаюць многага, ад стужкі пра падзеі кшталту тых, што адбыліся 11 верасьня, чакаюць яшчэ большага, ад сцэнару, які грунтуецца цалкам на сапраўдных падзеях, чакаюць праўды, ад твора зь вялікай літары чакаюць новага позірку і пераасэнсаваньня. Ці спраўджваюцца гэтыя чаканьні ў дачыненьні да амэрыканскай стужкі пра тэракт у Нью-Ёрку?

Бадай што не, бо ў ім няма ні адкрыцьцяў, ні сэнсацыяў, ні разуменьня, ні пошуку адказаў ці аналізу. У ім – тэракт вачыма двох звычайных нью-ёрскіх паліцэйскіх Джона МакЛокліна і Ўільяма Хімэна, ролі якіх выконвалі Нікалас Кейдж ("8 мм", "Бяз твару") і Майкл Пенья. Яны ішлі на дапамогу пацярпелым ад тэракту і трапілі пад руіны другой вежы. З гэтых развалінаў выратуюць усяго 20 чалавек, у тым ліку і галоўных герояў. Стужка зьнятая проста і стэрыльна – і ніякіх пытаньняў да стваральнікаў не ўзьнікае. Галоўныя героі – бязьвінныя ахвяры страшных падзеяў, як і тысячы іншых людзей, як і ахвяры іншых тэрактаў, якія адбываюцца ва ўсім сьвеце. Яны маглі б быць ахвярамі стыхіі і ў стужцы гэта б нічога не зьмяніла.

Але фільм усё ж варты прагляду хаця б таму, што нагадвае пра страшныя і сумныя падзеі нядаўняга мінулага, а ўсе героі, якіх мы бачым на экране – маюць рэальных прататыпаў.

"69" (1999, Тайлянд).

Рэжысэра гэтай стужкі называюць тайскім Тарантына, і для гэтага ёсьць падставы: такі ж напружаны сюжэт, крымінал, вялікая колькасьць трупаў на адзін мэтар стужкі. А пачалося усё з таго, што нумар на кватэры галоўнай гераіні перакульнуўся і стаў 9 замест 6, а пасьля ейны лёс ужо не залежаў ад яе.

"Такешыз" (Takeshis, 2005, Японія).

Калі рэжысэрам не хапае сцэнараў і ім няма пра што здымаць, яны пачынаюць здымаць пра сябе, а калі ім і гэтага мала, то пра падваеньне сябе. Прыйшоў такі час і для вядомага Такешы Кітана. У стужцы многа стрэлаў, жорсткасьці, але многа і эстэтыкі, і сузіраньня. Стужка для тых, каму аднаго Такешы мала.

«Пекла» (L’Enfer, 2005, Францыя–Італія–Бэльгія–Японія).

Гэта другая частка трылёгіі, сцэнар да якой сварыў польскі кінаклясык Кшыштаф Кесьлеўскі («Тры колеры», «Дэкалёг»), першую частку – «Вырай» – паставіў нямецкі рэжысэр Том Тыквэр некалькі год таму, трэцяя частка – «Чысьцец» – яшчэ ў праекце. Рэжысэру стужкі басьнійцу Данісу Тановічу («Нічыйная зямля») бракуе выкшталцонасьці Кесьлеўскага, які быў здольны раскрыць рэлігійна-філязофскія тэмы на матэрыяле жыцьця простых людзей, але ён дадаў у стужку свой стыль пастаноўкі, сваё бачаньне сюжэту пра трох сёстраў, жыцьцё якіх праходзіць пад ценем сямейнай трагедыі, якая адбылася ў дзяцінстве. Гісторыю ён адкрывае пакрысе, урыўкамі, надаючы фільму дэтэктыўны характар.

І «Вырай», зьняты нямецкім рэжысэрам з удзелам ангельскамоўных актораў, і «Пекла», зьнятае басьнійскім рэжысэрам з удзелам францускіх акторак (Эмануэль Бэар, Мары Жылен, Карын Віар, Кароль Букэ) ёсьць праектамі мультыкультурнымі, агульнаэўрапейскімі, таму яны могуць быць цікавыя яшчэ і як прыклады гэтай, іншай, генэрацыі кіно.

«Пекла» – адзін з тых рэдкіх фільмаў, што можа падацца і шэдэўрам, і проста сумнай, непрыкметнай стужкай. Лепш вырашаць самому.

Прыходзьце ў кінатэатры «Мір», «Перамога», «Аўрора» і «Цэнтральны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?