Літаратурны крытык Павал Абрамовіч лічыць, што сёлета мы сталі сьведкамі сапраўды плённай працы Нобэлеўскага камітэта. На думку Абрамовіча, Архан Памук – годны кандыдат, хоць бы таму, што ляўрэат «ня толькі вырашае мастацкія задачы, але і мае адкрытую грамадзянскую пазыцыю, рэальна ўплывае на сусьветны літаратурны працэс, карыстаецца вядомасьцю ў шырокага кола чытачоў, нарэшце, упэўнена выглядае і заўсёды ўсьміхаецца».

Павал Абрамовіч відавочна ўхваляе сёлетні выбар набіліянта. «Кнігі гэтага 54-гадовага пісьменьніка ўтвараюць своеасаблівы цыкль – яны ўсе пра ягоны родны Стамбул, а таксама пра магчымасьць паразуменьня між Усходам і Захадам». Крытык мяркуе, што на сёньняшні момант беларус ня можа атрымаць Нобэля, бо нашыя пісьменьнікі адсталі ад рэальнасьці. «Гары Потэр больш рэальны за іх, – уздыхае Павал. – Яны не крэатыўныя, не пазытыўныя, ня стыльныя». Абрамовіч кажа, што пакуль айчынных пісьменьнікаў не пачнуць ведаць на Радзіме, пакуль іх не пачнуць абмяркоўваць у Інтэрнэце і перакладаць суседзі, то гаварыць пра літаратурнага Нобэля для Беларусі не своечасова.

Выкладчыца БДУ літаратуразнаўца Ганна Бутырчык добра паставілася да выбару сёлетняга ляўрэата, яна лічыць, што Архан Памук сапраўды заслужыў гэтай узнагароды. Разам з тым яна кажа, што шанцы на атрыманьне прэміі меў і Рыгор Барадулін, але праз цэлы шэраг прычынаў прэмію далі не яму. «Можа, налета дзядзьку Рыгору пашанцуе болей», – кажа Ганна Бутырчык.

«На маю думку, выбар Нобэлеўскага камітэту сёлета быў трапны, – гаворыць перакладчык Лявон Баршчэўскі. – Канечне, годных кандыдатаў было шмат, беларусы ў гэтых сьпісах выглядалі таксама ня з горшага, але Памук сапраўды вылучаўся з агульнага шэрагу. Архан Памук – гэта той пісьменьнік, якога зараз пачынаюць чытаць. Скажам, у Польшчы, натуральна, ня ведалі, каго выберуць Нобэлеўскім ляўрэатам, але яны за гэты год пераклалі тры ці чатыры кнігі Памука.

Памук – гэта літаратура высокага ўзроўню, я не кажу пра палітычны падтэкст, які прысутнічае ў ягоных творах, а без палітыкі Нобэляў не даюць, але і з мастацкага гледзішча творчасьць турэцкага пісьменьніка заслугоўвае гэтай узнагароды. Асноўная тэма ягонай творчасьці – узаемадачыненьні між Захадам і Усходам, пры гэтым Памук дае яе ў досыць чытэльнай форме. Абраньне Архана Памука ляўрэатам значна лепшая, напэўна, у гісторыі гэтай прэміі падзея за апошнія дзесяць гадоў, бо раней Нобэля атрымлівалі і зусім другасныя пісьменьнікі». Лявон Баршчэўскі лічыць, што Турэччына і ейная літаратура заслужана атрымалі ўзнагароду. Перакладчык згадвае, што некалі Архан Памук быў адзіным літаратарам з мусульманскага сьвету, які заступіўся за творчасьць Салмана Рушдзі.

“Памука чытаю з задавальньнем, але чыста інтэлектуальным, а не мастацкім, раскідваючы ягоныя вобразы і стылі: “гэта Борхес”, “гэта Эка”, “гэта “Тысяча і адна ноч”, “гэта Гэмінгуэй”, а “гэта Каран” -- кажа Аляксандра Дынько, рэдактарка літаратурнае часткі часопісу “ARCHE”. -- Дзе той батыскаф, што замярае, што глыбей залегла ў сьвядомасьць сярэдняга чытача: “ФМ”, “Ківач Фуко” ці “Чорная кніга”? Мабыць, толькі “Белая крэпасьць” (раман Памука, напісаны ў 1985 – Рэд.) цяпер выклікае ў мяне павагу і любоў да аўтара, які хоча быць суфіем у ХХI стагоддзі. Памук мае вялікі талент апавядальніка, але прынцыпы і сымбалі мусульманскага сьвету, гульня зь якімі прынесла яму папулярнасьць, не дазваляюць яму стварыць больш-менш пераканаўчыя вобразы ў межах упадабанай ім заходняй традыцыі. Імкнучыся перакінуць мост паміж Усходам і Захадам, ён аказаўся пасярод гэтага мосту, стаўшы чужым і для ўсіх. Не сумняюся, што ягоная актыўная грамадзянская пазыцыя шчырая, але бачу ў ягоных рэзкіх і рызыкоўных выказваньнях адчайную спробу знайсьці сябе”, -- заўважае літаратуразнаўца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?