У Косаўскім палацы, што знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці, мясцовыя ўлады створаць музэйна-турыстычны комплекс.
Палац пабудаваў у першай палове ХІХ стагодзьдзя буйны прамысловец, граф Вандалін Пуслоўскі. Лёс палацу сумны – пасьля паўстаньня Каліноўскага яго перадалі маскоўскай арыстакратыі, пасьля ў часы першай і другой сусьветных войнаў моцна пацярпеў, зараз існуе ў руінах. Але паколькі палац знаходзіцца літаральна ў кілямэтры ад урочышча Мерачоўшчына, месца нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі, улады вырашылі аб ягоным музэйна-турыстычным прызначэньні.
Першы этап рэканструкцыі праводзіўся за кошт абласнога бюджэту. Аднак на дадзены момант працы прыпыніліся – па падліках экспэртаў, на ўзнаўленьне палацу патрабуецца каля 10 млн. даляраў. Зараз разглядаецца магчымасьць далейшай рэканструкцыі за кошт рэспубліканскіх сродкаў.