Гэтыя словы сказаў мне адзін геній. Бо геніяльнымі бываюць не толькі пісьменнікі ці музыканты. Гэта геній цяжкой будаўнічай машыны. У яго руках нязграбны грэйдэр «Амкадор» робіць рэчы проста філігранныя.
Не смейцеся: я ведаю, што кажу. Распачаўшы будоўлю, нагледзеўся на няздарнасць большай паловы найманых работнікаў. Пачынаеш цаніць сапраўднае майстэрства і рукі, якія растуць з патрэбнага месца.

«Я проста хачу пераменаў. Каб хоць нешта змянілася. Які гэта быў філосаф, што напісаў «Кнігу пераменаў»? Бо вельмі цяжка жыць. У мяне жонка інвалід, дзеці, я адзін працую. Заробак палучылі — у той самы дзень яго няма. Пайшоў рабіць у дзяржаўную арганізацыю, каб далі інтэрнат. Спрабаваў дабіцца льготнага крэдыту на будаўніцтва жылля як маладой сям’і, хадзіў па кабінетах. Наглядзеўся на такую бюракратыю, на гэтае, проста сказаць, б…ва…»

Мікалай не скардзіўся. Проста адчувалася, што яму хочацца выгаварыцца. А гутарку пра выбары мы пачалі нечакана самі для сябе. Гэтая тэма яшчэ электрызуе грамадства, у пераважнай большасці да палітыкі абыякавае. Людзі адчуваюць, што прэзідэнцкія выбары, у адрозненне ад парламенцкіх, мясцовых, здольныя істотна змяніць жыццё.

«Сёння чалавек не свабодны, — казаў Мікалай. — Работы — валам. Але няма ініцыятывы. У нас майстры папрыходзяць на працу і сядзяць, чакаюць, пакуль дырэктар прыедзе і загадае, што рабіць».

Так, дзяржаўная машына, што складаецца з вінцікаў, зручная ў кіраванні, аднак ніводзін вінцік не кранецца з месца без адпаведнага начальніцкага вокрыку. Пра вокрык Мікалай, дарэчы, таксама не забыўся. І тут быў найбольш катэгарычны: «Ніякага Лукашэнкі. Што гэта такое, калі ён інтэлігентнаму чалавеку — «Ты!» А той, галаву ўгнуўшы, слухае…»

Мікалай не ведае імёнаў апазіцыйных кандыдатаў, ён не чытае незалежных газет. Ён працуе на сваю сям’ю — з ранку на дзяржаўнай працы і на калымах увечары. Але ён дакладна сфармуляваў тры прыкметы лукашэнкаўскай улады, ад якіх закіпаюць ужо сотні тысяч людзей: несправядлівасць, несвабода, хамства.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?