Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў якасць падрыхтоўкі кадраў у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі. Адпаведныя заявы ён зрабіў сёння, наведваючы гэту вышэйшую навучальную ўстанову.

«У мяне пакуль не склалася перакананасці ў тым, што наша акадэмія рыхтуе кіраўнікоў, па-першае, і, па-другое, — добрых кіраўнікоў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Рэктар акадэміі Анатоль Маразевіч праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб бягучым стане і планах па развіцці навучальнай установы. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на тое, што нядрэнна было б пабудаваць асобны акадэмгарадок. Кіраўнік дзяржавы задаў пытанне:

«У нас што, у гэтых двух будынках не хапае месца для падрыхтоўкі кіраўнікоў, якія нам патрэбны? Калі размова ідзе аб будаўніцтве гэтага новага цэнтра, адразу ўзнікае пытанне: для падрыхтоўкі каго і чаго? У нас і так стаіць пытанне аб лішку падрыхтоўкі кадраў з вышэйшай адукацыяй».

Прэзідэнт падкрэсліў, што, калі б ён бачыў, што навучальная ўстанова рыхтуе свяцілаў і з яе сцен выходзяць сапраўдныя «брыльянты», то акадэмгарадок быў бы даўно пабудаваны. «Мне здаецца, што акадэмія працуе сёння так, як і іншыя ВНУ», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Перад вамі была пастаўлена задача адабраць унікальных хлопцаў і дзяўчат — супердзяцей і тут іх навучаць. Гэта заўтрашнія прэзідэнты краіны, міністры. Іх відаць ужо ў школе. Яна павінны быць усебакова развітымі людзьмі, гатовымі заўтра павесці за сабой масы», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да рэктара акадэміі.

Аднак, прадоўжыў прэзідэнт, для такіх студэнтаў і слухачоў патрэбны і высокапрафесійны прафесарска-выкладчыцкі склад. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць 23 верасня ён сустракаўся з кіраўнікамі гаспадарак і прадпрыемстваў, раёна і вобласці, якія, на яго думку, з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы. «Хто ім павысіць іх кваліфікацыю?» — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што краіне патрэбна не тая акадэмія, якая ёсць цяпер.

«Гэта павінна быць лепшая ВНУ. Пры кіраўніку дзяржавы гэта павінна быць нешта ўнікальнае», — сказаў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што зусім не абавязкова, каб у такой навучальнай установе вучыліся тысячы чалавек (цяпер у акадэміі навучаюцца каля 3,3 тыс. студэнтаў).

«Вось чаго я чакаю ад акадэміі, і калі б вы вырашылі гэту задачу, ужо даўно быў бы пабудаваны гэты акадэмічны цэнтр», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт дадаў, што быў бы гатовы і сам прымаць удзел у падрыхтоўцы на базе акадэміі кіраўніцкіх кадраў і час ад часу, напрыклад раз у месяц, прыходзіць у гэту навучальную ўстанову. «Але я павінен ведаць, што мне, прынамсі, тут будзе цікава», — рэзюмаваў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?