Насамперш А.Лукашэнка паабяцаў курс на ўмацаваньне незалежнасьці: "Усё-такі пагадзіцеся, мы пабудавалі сувэрэнную і незалежную дзяржаву ў Беларусі. ...у праціўным выпадку мы б сталі часткаю нейкага саюзу ці ... краіны. ...Наўрад ці знойздеш у нас чалавека ў Беларусі, які б такой пэрспэктывы жадаў". Так распачаў ён гаворку.

А.Лукашэнка настойліва даказваў, што не расплачваўся з Расеяй беларускай маёмасьцю за палітычную падтрымку: "Я яшчэ нікому нічога - ні сувэрэнітэту, ні незалежнасьці сваёй не аддаў".

Рыхтуючыся да сусьветных цэнаў

Адначасова ён многа і адкрыта гаварыў пра неабходнасьць выхаду з эканамічнай залежнасьці ад Расеі: "У нас застаўся ... адзін штрых, які ўсё-ткі нас можа насьцярожваць у пляне незалежнасьці - гэта вялікая эканамічная залежнасьць ад Расейскай Фэдэрацыі". І яшчэ заявы з шэрагу тых, якія кіраўнікам іншых постсавецкіх краінаў Масква не даруе: "...што датычыць прыроднага газу, хвалюе больш за ўсё поўная залежнасьць ад Расейскай Фэдэрацыі. ... Таму я наўпрост, прагматычна зьвязаў гэтае пытаньне з набыцьцём найпаўнейшай незалежнасьці". "І вось калі мы толькі па гэтым сэктары забясьпечым сваю дастатковасьць, сваю незалежнасьць, лічыце, што гэта беспаваротна й назаўжды мы вырашылі пытаньне па ўсіх праблемах".

Лукашэнка рыхтуе сьвядомасьць людзей да росту цэнаў на газ як непазьбежнага кошту выхаду з-пад расейскае залежнасьці. Трохі парадаксальна, што праз гэта краіна пройдзе, хто б ні перамог на выбарах. "Мы гэта бачым па паводзінах Расейскай Фэдэрацыі ... і я адкрыта й шчыра і часта пра тое кажу, што прыродны газ ня можа мець такую цану. Ня можа, калі вакол 160, 230 даляраў і г.д. А Расея, вядома, ня будзе нам прадаваць па такой цане газ". Такім чынам, беларускія газаправоды могуць спаць спакойна, але прадпрыемствам трэба рыхтавацца да росту энэргетычнага складніка сабекошту.

Падрабязьней гэтую тэму разьвівае Аляксандар Класкоўскі на старонцы 24.

Зьніжэньне тэмпаў росту

А.Лукашэнка папярэдзіў, што з павышэньнем цэнаў на энэргарэсурсы замарудзіцца рост гаспадаркі ("9% складана штогод прырастаць, хай гэта будзе 5-6%"), і загаварыў пра патрэбу балючай мадэрнізацыі: "Мы ўже выціснулі ўсё практычна з таго, што нам дасталося ад савецкіх часоў... Вось гэтыя валаўтваральныя, як мы іх называем, яны працуюць на мяжы сваіх магчымасьцяў". Далейшы разьвіцьцё ён зьвязвае з новымі тэхналёгіямі, інавацыйнай палітыкай, навукай.

Ніякіх зьменаў у культурнай палітыцы

Тварэньне нацыянальнай культуры, маральная рэвалюцыя, разьняволеньне грамадзянскае супольнасьці не ўваходзяць у пералік прыярытэтаў. Пра такія патрэбы дня А.Лукашэнка зусім маўчаў.

Ранейшая нецярпімасьць

Па-ранейшаму А.Лукашэнка ставіцца да апазыцыі і палітычнага плюралізму. Як звычайна, ён выказваецца пра палітычных канкурэнтаў без аніякага палітэсу, імкнецца маргіналізаваць іх, нагадвае апарату, што яны ні ў якім разе ня могуць быць дапушчаныя ў легальную палітычную прастору.

"Любы рух цела ў накірунку дэстабілізацыі нашага становішча - зьвернем галаву тым, хто гэта будзе рабіць і хто будзе заахвочваць і фінансаваць. І гэта мусяць ведаць пасольствы пэўных краінаў, што мы знаем, чым яны займаюцца. Вылецяць адсюль у адны суткі, і ніхто не забавіцца"... "Амэрыканцы плююцца ад нашай апазыцыі..." - А.Лукашэнка навязваў стэрэатып, што апазыцыя несамастойная, ня раз згадаўшы яе ў адным кантэксьце з замежнымі пасольствамі. Такая, значыцца, паліттэхналягічная ўстаноўка на гэтыя выбары. Думаецца, што А.Лукашэнку якраз палохае зацятая самастойнасьць і некіраванасьць беларускай дэмакратычнай апазыцыі - у параўнаньні, напрыклад, з тым, што ён назірае ў Расеі, дзе апазыцыя даўно пагадзілася на "кіраваную дэмакратыю".

"Некаторыя дзяржавы, вы іх добра ведаеце, якія сёньня гатовыя лізаць гаспадару задняе месца ... у тым ліку і ў дачыненьні да Беларусі", - грымеў ён. Трэба адзначыць, што гэткая мова робіць кіраўніка краіны чужым у сьвеце міжнароднай палітыкі.

Праўда, у гэты раз А.Лукашэнка не называў імёнаў і краінаў - тым лягчэй калісьці будзе зрабіць выгляд, што ён меў на ўвазе зусім іншае.

Ня склалася ўражаньня, што А.Лукашэнка цалкам выключае прыход да ўлады сваіх палітычных апанэнтаў.

Упершыню пра ўступленьне ў ЭЗ

Яўна не выпадкова кіраўніку СТВ было даручана задаць А.Лукашэнку пытаньне пра пэрспэктывы ўступленьня краіны ў Эўразьвяз. Красамоўна, што, даручыўшы задаць такое пытаньне, А.Лукашэнка ня даў адкрытага адказу. Замест гэтага ён працягла тлумачыў амэрыканцам, як функцыянуе іхная дзяржаўная машына, а эўрапейцам - прычыны іхнай палітычнай несамастойнасьці. Скончыў гэты пасаж ён туманнымі абяцаньнямі "ўсё нармалізаваць", прычым як толькі, дык адразу: "Выбудуем мы свае нармальныя адносіны і з амэрыканцамі, і з эўрапейцамі. ... Як толькі скончацца палітычныя нашы падзеі, прэзыдэнцкія выбары, я думаю, мы ўсё арганізуем". Неўтаямнічаны не зразумее, а ўтаямнічаныя ці ёсьць.

Праз мадэрнізацыю - да дэмакратыі?

Праграма А.Лукашэнкі акрэсьленая. У сваёй палітычнай частцы яна нязьменная. А вось у эканамічнай А.Лукашэнка абяцае паварот на мадэрнізацыю - курс, які прывёў многія краіны сьвету ад аўтарытарызму да дэмакратыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?