Апошнім часам у сталіцы ўсё часцей можна ўбачыць мёртвых галубоў. Асабліва ў Савецкім раёне.

Напрыклад, на вуліцы Смалячкова ледзь не штодня з’яўляюцца ўсё новыя і новыя нежывыя птушкі. Таксама цягам мінулага месяца былі заўважаныя мёртвыя птушкі на вуліцах Казлова, завулку Бранявым, вуліцы Чырвоназорнай.

Магчыма, птушкі мруць ад хваробы. Аднак тады ўзнікае пытанне — ад якой? І ці не пагражае гэтая ж хвароба іншым птушкамі і наогул людзям?

З гэтымі пытаннямі «НН» звярнулася да спецыяліста ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Сямёна Левага.

— Хутчэй за ўсё — атрута. Невядома, чым галубы кормяцца. Магчыма, іх нехта труціць — такое ўжо было калісьці: ішла патрава галубоў ля Камароўскага рынку.

Варыянт з хваробай — малаверагодны, а што гэта не птушыны грып, гэта ўжо дакладна.

Учора нам затэлефанавала чытачка, якая звязвала гібель галубоў з загадам райвыканкамаў зачыніць усе дахі, пры тым настолькі шчыльна, што птушкам няма дзе жыць — іх ранейшае жытло апынулася «зачыненым».

У гарадской ветэрынарнай службе нам сказалі, што

надзвычайнага мору галубоў нідзе не зарэгістравана. Пра інфекцыйныя захворванні, якія могуць пагражаць каму-небудзь апроч галубоў, таксама гаварыць не варта.

Сёння зранку на вуліцы Смалячкова ляжаў толькі адзін мёртвы голуб, а двух учорашніх паспелі прыбраць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?