Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага Ўсеўкраінскай сацыялягічнай службай Украіны ва ўсіх рэгіёнах краіны. Былі апытаныя каля 2500 рэспандэнтаў, магчымая пагрэшнасьць складае 2%.

Згодна з апытаньнем, за наданьне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай выступае 23,9% апытаных; яшчэ 43% лічаць, што ўсё павінна заставацца як ёсьць; 25,8% выступаюць за наданьне расейскай мове статусу афіцыйнай мовы ў расейскамоўных рэгіёнах; не знайшлі што адказаць 5,8%, маюць нейкую іншую думку 0,9%.

Пры гэтым, паведамляе «ForUm», сярод украінскіх жыхароў рускай нацыянальнасьці выступаюць за наданьне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай 41,5%, яшчэ 16,5% лічаць, што ўсё мае заставацца як ёсьць; сярод украінцаў па нацыянальнасьці – 21,7% і 50,3% адпаведна.

«Калі праводзіць сёньня рэфэрэндум па другой дзяржаўнай мове, то можна спакойна прагназаваць, што пераважная большасьць украінскага насельніцтва прагаласавала б за тое, што ў нас мусіць быць адна дзяржаўная мова», - пракамэнтаваў гэтае сацапытаньне генэральны дырэктар сацыялягічнай службы Мікалай Міхальчанка.

Паводле ягоных слоў, праблема расейскай мовы ва Ўкраіне ёсьць адной з тых праблемаў, якія «штучна падаграюцца» асобнымі палітычнымі сіламі ў часе выбарчай кампаніі.

Згодна з апытаньнем, 61,2% рэспандэнтаў лічаць сваёй роднай мовай украінскую, 38,3% – расейскую, 1,7% – іншую мову. Разам з тым, на ўкраінскай мове дома размаўляюца 51,1% рэспандэнтаў, на працы – 45,6%, на расейскай дома размаўляюць 50%, на працы – 48,4%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?