ДАІ прапрацоўвае пытанне аб магчымасці канфіскацыі машыны за паўторнае ваджэнне ў стане алкагольнага ап’янення. Пра гэта паведаміў у сераду ў час online канферэнцыі на сайце БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі Максім Падбярозкін.

Цяпер аналізуюцца вынікі змяненняў у заканадаўстве, якія адбыліся некалькі гадоў таму. «Мы лічым, што адміністрацыйныя і крымінальныя меры, якія ўведзены, адпавядаюць той сітуацыі, якая складваецца з алкагалізмам, і канфіскацыя цалкам магла бы быць дарэчы», — падкрэсліў Максім Падбярозкін. У краінах далёкага і блізкага замежжа такі від пакарання ўжо існуе і прыняты грамадствам.

«П’яны за рулём — гэта злачынец. Адэкватна кіраваць транспартным сродкам ён не можа. Менавіта п’янства за рулём з’яўляецца тым бічом, які пакідае зарубіны на лёсах цэлых сем’яў», — падкрэсліў прадстаўнік ДАІ.

Нягледзячы на тое, што гэтай праблеме ўдзяляецца вельмі вялікая ўвага, яна не страчвае сваёй актуальнасці. Так, за 8 месяцаў бягучага года інспектарамі ДАІ затрыманы больш як 33 тыс. грамадзян, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, — гэта прыкладна на тысячу больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Сярод затрыманых — больш як 3 тыс. паўторна. Таму акрамя прафілактыкі неабходна прымаць самыя жорсткія меры рэагавання.

Калі гаварыць аб павелічэнні тэрміну пазбаўлення волі за ўчыненне злачынства ў п’яным выглядзе, то ДАІ гэту ініцыятыву сумесна з пракуратурай разглядала. Гэта пытанне з парадку дня на сённяшні дзень не знята, але пакуль нейкае канкрэтнае рашэнне не выпрацавана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?