Генеральная пракуратура Кыргызстана накіравала шэрагу краін міжнародныя следчыя даручэнні аб правядзенні вышуковых мерапрыемстваў і затрыманні экс-прэзідэнта краіны Курманбека Бакіева, а таксама яго сваякоў і людзей з блізкага атачэння ў рамках крымінальных спраў, якія расследуюцца. Пра гэта паведамляе прэс-служба Генпракуратуры Кыргызстана.

Следчыя даручэнні аб затрыманні Курманбека Бакіева, яго сыноў Марата і Максіма і брата Жаныбека, а таксама экс-кіраўніка Дзяржслужбы нацбяспекі Мурата Суталінава, экс-прэм’ера Даніяра Усенава і яшчэ 14 асоб перададзены ў праваахоўныя органы Расіі, Казахстана, Беларусі, Вялікабрытаніі, Украіны і Узбекістана.

«У адпаведнасці з патрабаваннямі Мінскай і Кішынёўскай канвенцый „Аб аказанні прававой дапамогі па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах“ даручэнні накіраваныя ў рамках расследавання крымінальных спраў, распачатых па фактах масавага забойства, якое мела месца 7 красавіка 2010 года на плошчы Ала-Тоа, а таксама эканамічных і службовых злачынстваў у дачыненні да шэрагу асоб. Па ўсіх вышэйзгаданых абвінавачваных МУС рэспублікі заведзены вышуковыя справы, яны абвешчаныя ў міждзяржаўны і міжнародны вышук. Яны таксама лічацца ў міжнародным вышуку па лініі Інтэрпола», — цытуе РІА Новости паведамленне прэс-службы.

Як паведаміў 30 верасня на прэс-канферэнцыі ў Бішкеку віцэ-прэм’ер кіргізскага ўрада Азімбек Бекназараў, крымінальная справа ў дачыненні да Бакіева расследавана і знаходзіцца на стадыі перадачы ў суд. «Дэкрэтамі часовага ўрада пазбаўленыя недатыкальнасці былыя прэзідэнты Акаеў і Бакіеў. Сёння ў дачыненні да іх праваахоўнымі органамі праводзіцца расследаванне і створана прававое поле для завочнага прыцягнення іх да судовай адказнасці. Бакіеву завочна прад’яўлены абвінавачанні за парушэнне Канстытуцыі. Крымінальная справа ў дачыненні да яго знаходзіцца на стадыі перадачы ў суд», — сказаў Бекназараў.

Ён таксама паведаміў, што крымінальныя справы ў дачыненні да Аскара Акаева цяпер аднаўляюцца, бо яны згарэлі падчас пажару ў генпракуратуры.

«На стадыі завяршэння таксама знаходзяцца дзясяткі крымінальных спраў у дачыненні да сваякоў і найбліжэйшага атачэння былых прэзідэнтаў», — адзначыў Бекназараў.

Ён падкрэсліў, што заканадаўства Кіргізіі прадугледжвае магчымасць вынясення завочных прыгавораў.

***

Нагадаем, скінуты прэзідэнт Курманбек Бакіеў з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі з 19 красавіка па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. На радзіме ў дачыненні да яго распачата крымінальная справа: Бакіеў абвінавачваецца ў арганізацыі забойстваў і злоўжыванні службовым становішчам.

Новыя ўлады Кыргызстана двойчы звярталіся ў Генеральную пракуратуру Беларусі з просьбай аб выдачы Бакіева і двойчы атрымалі адмову. Як заявіў журналістам генпракурор Беларусі Рыгор Васілевіч, беларускі бок не знайшоў прававых падстаў для задавальнення просьбы аб выдачы Бакіева.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?