Вылучаюцца з агульнага спісу два кандыдаты — Уладзімір Някляеў і Рыгор Кастусёў.

30 верасня кандыдаты ў прэзідэнты пачалі збор подпісаў. Мала для каго сакрэт, што штабы кандыдатаў аплочваюць сябрам сваёй ініцыятыўнай групы такую працу. Хто з кандыдатаў колькі прапануе?

Трэба адзначыць, што ў большасці апазіцыйных кандыдатаў расцэнка аднолькавая — 1,5 тысячы за кожны подпіс. Гэткія грошы, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», прапаноўваюць Андрэй Саннікаў, Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч, Яраслаў Раманчук.

Такім чынам атрымліваецца, што толькі на этап збору подпісаў кандыдату патрэбна каля 50 тысяч даляраў. Але не варта думаць, што абсалютна ўсе збіраюць подпісы за грошы. Натуральна, у камандах кожнага з кандыдатаў ёсць і такія людзі, якія працуюць з ідэйных перакананняў, а не каб зарабіць.

Вылучаюцца з агульнага спісу толькі два кандыдаты — Уладзімір Някляеў і Рыгор Кастусёў. Стаўка ў «Гавары праўду» істотна большая, чым у іншых кандыдатаў — 1,5 даляра за аўтограф.
Можа таму і ініцыятыўная група ў Някляева большая, чым у іншых апазіцыйных палітыкаў.
А вось за Рыгора Кастусёва людзі подпісы будуць збіраць абсалютна задарма, за ідэю.
Такая пазіцыя бліжэйшая да еўрапейскіх нормаў. Там валанцёры на выбарчых кампаніях таксама працуюць бясплатна. Але гэта хутчэй паказчык дэмакратычных грамадстваў. У Беларусі ж, дзе людзі часта губляюць за свае палітычныя перакананні працу, выбары — рызыкоўная адказнасць.
Аляксандру Лукашэнку плаціць асобна за працу сяброў ініцыятыўнай групы няма патрэбы. Шматтысячны ідэалагічны і інфармацыйны апарат працуе не «на ганарарах», а на «стаўках».

Пры гэтым лукашэнкаўцы яшчэ і пахваляюцца, што збіраць подпісы яны будуць у час «пасля працы».

А вось Сяргей Гайдукевіч і Віктар Цярэшчанка таксама вымушаныя плаціць сваім актывістам. Прычым у апошняга, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», сума большая, чым у асноўнай часткі апазіцыянераў.

Зрэшты, нярэдка падчас папярэдніх кампаній бывала так, што кандыдат абяцае за подпісы адну суму, а потым не можа расплаціцца. З падобнай праблемай у 2001 годзе сутыкнуўся Леанід Сініцын. Хто ведае, ці не паўторыцца гэта ў каго з кандыдатаў і сёлета.

Юрыст Сяргей Альфер не бачыць у падобнай практыцы аплаты нічога супрацьзаконнага. «Тыя кандыдаты, хто будзе зарэгістраваны, створаць выбарчыя фонды. Дык вось грошы з гэтых фондаў яны могуць размяркоўваць, як захочуць:
ці гэта будзе аплата валанцёраў, ці дадатковы друк інфармацыйных матэрыялаў. Ніякіх праблем тут няма».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?