Улады ЗША выставілі абвінавачаньне 37 грамадзянам Беларусі, Малдовы, Казахстану, Расеі і Ўкраіны за ўдзел у маштабным банкаўскім махлярстве. Абвінавачаныя нібыта выкралі з амэрыканскіх рахункаў каля 4 мільёнаў даляраў, заражаючы кампутары іх уладальнікаў вірусам, пасьля чаго пераводзілі грошы на рахункі зарэгістраваныя на неіснуючых асобаў.

Большасьць абвінавачаных — студэнты, якія прыехалі вучыцца па праграмах навучальнага абмену. Сярод абвінавачаных — каля 20 грамадзянаў Расеі. Пракуратура паведаміла, што колькасьць абвінавачаных можа ўзрасьці. 9 чалавек былі арыштаваныя 30 верасьня ў Нью-Ёрку, 1 у Пітсбургу. Яшчэ 10 абвінавачаных па гэтай справе былі арыштаваныя раней. 17 застаюцца на свабодзе і цяпер знаходзяцца ў вышуку. Не выключаецца, што некаторыя пасьпелі ўцячы за мяжу.

У расейскім кансуляце ў Нью-Ёрку карэспандэнту Радыё Свабода паведамілі, што расейскія дыпляматы будуць аказваць консульскую падтрымку абвінавачаным грамадзянам Расеі. У кансулятах Беларусі, Казахстану і Ўкраіны камэнтаваць абвінавачаньні супраць грамадзянаў гэтых краінаў адмовіліся.

Расьсьледаваньне пачалося ў лютым 2010 году пасьля таго, як філія «Bank of Amerika» нью-ёркскім раёне Бронкс зьвярнулася ў праваахоўныя органы зь інфармацыяй аб падазроным пераводзе $44 000.

Некаторыя фігуранты справы былі завэрбаваныя і спэцыяльна прывезеныя ў ЗША.

Заведзеныя дзьве крымінальныя справы — адна фэдэральная, адна ў Нью-Ёрку. Акруговы суд у нью-ёркскага раёну Мангэтан выставіў фігурантам гэтай справы абвінавачаньні ў банкаўскім махлярстве, адмываньні грошай, падробцы пашпартоў і выкарыстаньні фальшывых дакумэнтаў. Сярод дзесяткаў ахвяр — кліенты пяці амэрыканскіх банкаў па ўсёй краіне. Пра гэта распавёў на прэс-канфэрэнцыі 30 верасьня пракурор Паўднёвай акругі Нью-Ёрку Прыт Бхарара:

«Гэтая справа датычыцца дзесяткаў абвінавачаных, якія, як мяркуецца, дапамагалі ўзломшчыкам з краін Усходняй Эўропы выкрасьці мільёны даляраў з амэрыканскіх банкаў пры дапамозе ўзлому абароны кампутараў з дапамогай траянскага віруса. Выкарыстаньне сумна вядомага ў сьвеце віруса „Зэўс“ дало магчымасьць абвінавачаным ажыцьцяўляць віртуальны шпіянаж за кліентамі банкаў, выкрадаць інфармацыю, зьвязаную зь іх банкаўскімі рахункамі, а затым — выкрадаць самі грошы».

Паводле словаў пракурора Бхарары, схема кампутарнага рабаваньня складалася з двух этапаў. Кіравалася яна з Усходняй Эўропы. А непасрэднымі выканаўцамі крадзяжоў былі маладыя людзі з Расеі, Украіны, Беларусі і Казахстану, якія прыяжджаюць на вучобу ў Злучаныя Штаты па праграмах абмену:

«Для ўсходнеэўрапейскіх вынаходнікаў гэтай схемы было ня так проста атрымаць электронны доступ да банкаўскага рахунку ахвяры, ня кажучы ўжо аб зьняцьці зь яго грошай і іх перапраўкі. Таму яны выкарыстоўвалі так званых кібэркур’ераў, якія адказвалі за зьняцьце грошай з рахункаў індывідуальных і карпаратыўных кліентаў банкаў, якія нічога не падазравалі, і за далейшую перапраўку грошай у рукі заказчыкаў. Кожны з гэтых кур’ераў атрымліваў заданьне: зьняць з рахункаў пэўную суму грошай і невялікімі порцыямі перасылаць іх босам ва Ўсходняй Эўропе — наяўным або празь міжнародную сыстэму грашовых пераводаў Western Union або і іншымі шляхамі».

Расьследаваньне паказала, што аўтары схемы наймалі для кур’ерскіх мэтаў студэнтаў з постсавецкіх краін, даючы аб’явы ў сацыяльных сетках у Інтэрнэце і ў газэтах. Гэтыя маладыя людзі, атрымаўшы доступ да ідэнтыфікацыйных дадзеных банкаўскіх рахункаў ахвяр кампутарнага шпіянажу, пераводзілі грошы зь іх рахункаў на свае, а затым — заказчыкам. Прычым свае рахункі ў ЗША кібэркур’еры-ашуканцы адкрывалі сотнямі па фальшывых пашпартах. Ім належала доля ў памеры ад 8 да 10 адсоткаў выкрадзеных і перапраўленых на Ўсход грошай.

Большасьці абвінавачаных ад 21 да 25 гадоў. Згодна амэрыканскага заканадаўства, за адно толькі выкарыстаньне фальшывага пашпарта абвінавачаных можа чакаць пакараньне ў выглядзе 10 гадоў турмы і 250 тысяч даляраў штрафу. За астатнія абвінавачаньні, калі яны будуць даказаныя, у ЗША можна атрымаць да 30 гадоў турмы.

Хоць пакуль няма дакладнай інфармацыі аб тым, хто можа быць датычны да гэтых злачынстваў у чатырох постсавецкіх краінах, новая справа напэўна нанясе яшчэ адзін удар па іх рэпутацыі ў ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?