Штабы прэтэндэнтаў у прэзідэнты пакуль не маюць дакладных звестак пра колькасць подпісаў, сабраных у першы дзень працы ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Так, Павел Севярынец, кіраўнік ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага, паведаміў, што за яго вылучэнне сабрана прыкладна дзве тысячы подпісаў. «Учора людзі галоўным чынам размяркоўвалі пасведчанні членаў ініцыятыўных груп, таму актыўная праца пачнецца найбліжэйшымі днямі. Мы плануем выйсці на збор чатырох-пяці тысяч подпісаў у дзень», — сказаў Севярынец.

Прэс-сакратарУладзіміра Някляева Юлія Рымашэўская паведаміла, што ў яго падтрымку ў першы дзень было сабрана 8 тысяч 887 подпісаў.

Андрэй Саннікаў паведаміў, што ён не мае пакуль звестак пра збор подпісаў. «Гэтыя вынікі мы будзем падводзіць бліжэй да панядзелка», — сказаў ён.

Таксама не мае звестак пра колькасць сабраных подпісаў ініцыятыўная група Яраслава Раманчука.. Прэс-сакратар Раманчука Ганна Красуліна паведаміла, што ў Мінску ў падтрымку іх кандыдата сабрана прыблізна дзве тысячы подпісаў. «Аднак у нас народ раз’ехаўся па рэгіёнах, і мы не ведаем, колькі сабралі рэгіянальныя актывісты», — адзначыла Красуліна. Паводле яе слоў, першыя дакладныя вынікі збору подпісаў будуць падведзены на наступным тыдні.

Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, пакуль выбарчы штаб Рыгора Кастусёва не валодае інфармацыяй пра колькасць сабраных подпісаў. Яна з’явіцца ў штабе толькі ў другой палове дня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?