У атацы Барыс Пухоўскі, pressball.by

У атацы Барыс Пухоўскі, pressball.by

2 кастрычніка ў Мінску прайшоў другі матч групавога турніру гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. «Дынама» прымала венгерскі «Пік» і выйграла з лікам 33:29 (13:16).

Першы тайм быў досыць бязрадасным. Пасля 4:3 на нашу карысць, венгры закінулі тры мячы - і панеслася. «Пік» пераняў гульню ў свае рукі і пакрысе нарошчваў перавагу. У другой палове 1-га тайма венгры з дапамогай славака Францішка Шульца закінулі чатыры мячы запар,

і лік стаў для беларусаў катастрафічным 9:15.

«Дынама» паспрабавала дагнаць, скараціла лік да 13:15, але зраўняць не ўдалося, і пры ліку 13:16 каманды пайшлі на перапынак.

***

Зраўняць лік удалося ў пачатку 12-й хвіліны другога тайма — 21:21, і «Пік» узяў тайм-аут.

Не дапамагло, нашы праз некалькі хвілін выйшлі наперад (23:22, Кажанеўскі) і нават адарваліся з розніцай у два мячы (24:22), але венгры хутка, закінуўшы тры мячы запар, выйшлі наперад — 24:25.

Ну, а потым пайшлі арэлі: мы — яны, яны — мы, мы — яны, мы, мы.

На 22-й хвіліне 2-га тайма нашы павялі ў два мячы (28:26, а потым і 29:27, 30:27, 30:28),

беларусы дацярпелі, давёўшы матч да перамогі — 33:29.

Ну, а потым, як пісалі трыццаць гадоў таму, былі бурныя працяглыя апладысменты ад гледачоў.

Найлепшым у нашай камандзе былі Сяргей Ануфрыенка і Барыс Пухоўскі, якія закінулі па 9 мячоў (Пухоўскі 4 з пенальці),

але — галоўнае — выдатную гульню прадэманстраваў наш галкіпер Валянцін Кашавой, які бліскуча адстаяў у варотах.

Пяць мячоў закінуў Павел Ацьман, тры — Дзяніс Рутэнка, па два — Віталь Кажанеўскі, Максім Бабічаў, Сяргей Шыловіч. Адзін мяч на рахунку Віктара Каваленкі.

У «Піка» лепшым быў Францішак Шульц (6 мячоў).

***

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер «Дынама» Сяргей Бябешка адзначыў:

«Усе бачылі, што «Пік» сур’ёзная каманда, і мяркую, што яны нас пераўзыходзілі спачатку ў атацы. Мы няўдачна пачалі ў нападзенні, не забілі шмат мячоў, пры ліку 6:10 паспрабавалі памяняць абарону. Можна сказаць, што ў першым тайме «Дынама» не гуляла. Але ў другім тайме хлопцы праявілі сябе, стала больш атрымлівацца, мы выкарысталі тры замены, гэта рызыка,

мы забілі ў другім тайме 20 галоў такой камандзе як «Пік» і тут заслуга Валіка Кашавога.

На думку галоўнага трэнера, у каманды не ўсё пакуль атрымліваецца, але важна, што гэта першая перамога ў групавым турніры.

«Мяркую, што каманда набярэ абароты, каб далей гуляць і змагацца».

***

Нагадаем, што ў мінулую нядзелю, 26 верасня, «Дынама» на сваёй пляцоўцы саступіла іспанскаму «Вальядаліду» — 30:35.

Сёння, 2 кастрычніка, «Вальядалід» і «Чэхаўскія мядзведзі» згулялі ўнічыю — 26:26.

Наступны матч «Дынама» правядзе 7 кастрычніка ў Мінску супраць «Чэхаўскіх мядзведзяў» (Расія). Пачатак у 19:30.

У наступны раўнд выходзіць чатыры каманды з групы, у якой гуляюць таксама швейцарскі «Кадэтэн» і дацкі «Ольбарг»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?